Забычанне

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Вёска Забычанне)
Вёска
Забычанне
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Першая згадка
Ранейшыя назвы
Міхалаў
Вышыня цэнтра
174 м
Насельніцтва
296[1] чалавек (2018)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 2245
Аўтамабільны код
6
Забычанне на карце Беларусі ±
Забычанне (Беларусь)
Забычанне
Забычанне (Магілёўская вобласць)
Забычанне

Забыча́нне[2] (трансліт.: Zabyčannie, руск.: Забычанье) — вёска ў Касцюковіцкім раёне Магілёўскай вобласці Беларусі, на рацэ Жадуньцы, адміністрацыйны цэнтр аднайменнага сельсавета.

Забычанне — даўняе мястэчка, частка колішняга паселішча Міхалава, заснаванага Радзівіламі. Знаходзіцца за 19 км на паўночны захад ад Касцюковічаў, за 15 км ад чыгуначнай станцыі Камунары (лінія Крычаў — Сураж), каля аўтамабільнай дарогі Краснаполле — Хоцімск. Насельніцтва на 2018 год — 296 чалавек[1].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Вялікае Княства Літоўскае[правіць | правіць зыходнік]

Упершыню згадваецца ў 1552 годзе як дзяржаўнае сяло ў Крычаўскай воласці Мсціслаўскага намесніцтва[3][4]. Аднак, мястэчка Забычанск у Мсціслаўскім ваяводстве значыцца яшчэ ў 1527 годзе, калі яно было аб’яўлена староствам[5]. Паводле інвентару Крычаўскага староства 1713 года, паселішча было дзяржаўнай уласнасцю ў Крычаўскай воласці, налічвалася 3 дымы і 2 валокі зямлі.

Згодна з універсалам канцлера Вялікага Княства Літоўскага Караля Станіслава Радзівіла ад 14 сакавіка 1714 года на левым беразе ракі Жадунькі, насупраць Забычання было заснавана мястэчка Міхалаў. Такая назва была дадзена ў гонар бацькі Караля Станіслава Радзівіла — Міхала Казіміра, першага кіраўніка Крычаўскага староства з роду Радзівілаў. Тэрмін слабады новастворанаму мястэчку быў вызначаны ў 15 гадоў. Паводле інвентара 1727 года, акрамя рынку, мястэчка мела 2 вуліцы — Крычаўскую і Касцюкоўскую, на якіх разам было 37 дымоў, існаваў агульны з Забычаннем млын. У 1747 годзе ў Міхалаве налічваліся 37 дымоў, царква, сінагога, 2 бровары; жылі каваль, шавец, 3 краўцы, пекар, 2 бондары, віннік, шынкар, 3 купцы, 2 пастухі і нават 2 пушкары[6].

У 1743—1744 гадах Забычанне было цэнтрам Крычаўскага паўстання. З 1747 года — у Крычаўскім старостве, існавалі 10 двароў і царква. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай сяло ўвайшло ў склад Расійскай імперыі, мястэчка Міхалаў аб’ядналася з ім пад агульнай назвай Забычанне.

Пад уладай Расійскай імперыі[правіць | правіць зыходнік]

З 1779 года — у Чэрыкаўскім павеце Магілёўскай губерні. Належала адстаўному палкоўніку М. О. Галынскаму (1798), потым — стацкаму саветніку В. І. Галынскаму (1813). У 1858 годзе пазначана як уладанне А. І. Камара. У 1865 годзе быў заснаваны бровар (12 рабочых, паравая машына), дзейнічалі драўляная прыхадская царква, яўрэйскі малітоўны дом і школа граматы (у 1893 ггодзе — 17 вучняў), працавалі вадзяны млын, сукнавальня і дзве карчмы, меліся 1149 дзесяіцн зямлі (210 — ворнай зямлі, 75 — сенажатнай, 420 — лесу), у дні Святога Духа праводзіліся кірмашы[7]. 30 снежня 1905 года ў Забычанні адбыліся сутычкі сялян з паліцыяй, у выніку чаго быў забіты ахоўнік бровара, а паліцэйскія абяззброены. Станам на 1909 год, у вёсцы пражывалі 322 жыхары, тройчы на год адбываліся кірмашы[5].

Найноўшы час[правіць | правіць зыходнік]

25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай Забычанне абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 года, згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яно ўвайшло ў склад БССР. 16 студзеня вёска разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі апынулася ў складзе РСФСР, але ў 1924 годзе, у выніку першага ўзбуйнення БССР, Забычанне вярнулі Беларусі, дзе 20 жніўня яно стала цэнтрам сельсавета ў Касцюковіцкім раёне.

За год да гэтага ў вёсцы ўтварыўся саўгас «Забычанне», які меў 669.7 га зямлі, уваходзіў у Віцебскі малочна-прамысловы трэст, у 1931 годзе валодаў 3 трактарамі. На базе саўгаса ў 1937 годзе ўтварылася МТС, якая ўтрымлівала 13 трактароў. Ад Бялынкавіцкай гідраэлектрастанцыі ў 1935 годзе вёска атрымала электрычнасць[4].

З жніўня 1941 па 30 верасня 1943 года Забычанне знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. У пасляваенны перыяд у паселішчы працавалі сярэдняя школа, бібліятэка, участковая бальніца, аптэка, дом культуры, тры крамы, аддзяленне сувязі, дзіцячы сад-яслі. На цяперашні час Забычанне забудавана драўлянымі сялянскімі хатамі, сама вёска размяшчаецца па абодва бакі ад ракі[5].

Насельніцтва[правіць | правіць зыходнік]

  • XVIII стагоддзе: 1772 год — 173 чал., 34 двары; 1779 год — 208 чал., 47 двароў.
  • XIX стагоддзе: 1858 год — 157 чал., 52 двары; 1880 год — 276 чал. (142 праваслаўных і 134 іўдзеяў).
  • XX стагоддзе: 1909 год — 322 чал. у мястэчку, 65 чал. у фальварку; 1959 год — 470 чал.; 1986 год — 178 чал., 82 двары.; 1997 год — 442 чал., 175 двароў[3].
  • XXI стагоддзе: 2002 год — 445 чал., 174 двары; 2007 год — 390 чал., 154 двары[5]; 2009 год — 300 чал.; 2018 год — 296 чал., 109 двароў[1].

Славутасці[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. а б в Забычанскі сельскі савет. Афіцыйны сайт
  2. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2007. — 406 с. — ISBN 978-985-458-159-0. (DJVU)
  3. а б БелЭн 1998, с. 491.
  4. а б ЭГБ 1996, с. 391.
  5. а б в г ГВБ 2008, с. 672—674.
  6. ЭнцВКЛ 2010, с. 355.
  7. SgKP 1895, s. 211.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]