Калыбань

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Вёска Калыбань)
Вёска
Калыбань
Краіна
Вобласць
Раён
Пасялковы савет
Каардынаты
Першая згадка
СААТА
3203757051
Калыбань на карце Беларусі ±
Калыбань (Беларусь)
Калыбань
Калыбань (Гомельская вобласць)
Калыбань

Калы́бань[1] (трансліт.: Kalybań, руск.: Колыбань) — былая вёска ў Брагінскім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіла ў склад Камарынскага пасялковага савета.

Пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і радыяцыйнага забруджвання жыхары (270 сем'яў) пераселены ў 1986 годзе ў чыстыя месцы. Афіцыйна ліквідана 20 жніўня 2008 года[2].

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Размяшчэнне[правіць | правіць зыходнік]

У 41 км на поўдзень ад Брагіна, 7 км ад чыгуначнай станцыі Пасудава (на лініі Оўруч — Палтава), 171 км ад Гомеля.

Знаходзіцца на тэрыторыі Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка.

Водная сістэма[правіць | правіць зыходнік]

Рака Брагінка (прыток Дняпра).

Транспартная сістэма[правіць | правіць зыходнік]

Транспартныя сувязі па прасёлкавай, затым аўтадарозе Камарын — Брагін.

Планіроўка складаецца з 2 крывалінейных, амаль паралельных паміж сабой вуліц мерыдыянальнай арыентацыі. Забудова двухбаковая, драўляная, сядзібнага тыпу.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Выяўленыя археолагамі гарадзішча I-га тысячагоддзя н. э. (4 км на поўдзень ад вёскі, на правым беразе рацэ Брагінка) і курганны магільнік (6 насыпаў, 2 км на паўднёвы захад ад вёскі, ва ўрочышчы Замосце) сведчаць пра засяленне тутэйшых месцаў з глыбокай старажытнасці. Па пісьмовых крыніцах вядомая з XVIII стагоддзя як вёска ў валоданні Патоцкіх, затым — Масальскіх. Дваранін Местар меў тут у 1876 годзе 1971 дзесяціну зямлі, вадзяны і конны млыны. У 1885 годзе размяшчаўся конны млын. У выніку пажару 16 жніўня 1895 года згарэла палова вёскі. Паводле перапісу 1897 года ў вёсцы знаходзіліся хлебазапасны магазін, карчма; побач была аднайменная сядзіба. У 1908 годзе ў Савіцкай воласці Рэчыцкага павета.

З 8 снежня 1926 года па 8 студзеня 1987 года[3] цэнтр Калыбанскага сельсавета Камарынскага, з 25 снежня 1962 года Брагінскага раёнаў Рэчыцкай, з 9 чэрвеня 1927 года Гомельскай акруг, з 20 лютага 1938 года Палескай, з 8 студзеня 1954 года Гомельскай абласцей. У 1929 годзе функцыянавалі школа, хата-чытальня, аддзяленне спажывецкай кааперацыі. У 1930 годзе арганізаваны калгас «Чырвоны араты», працавалі 3 вятракі, 2 конныя крупадрабілкі, гамарня, воўначасальня, шорная майстэрня. Падчас Вялікай Айчыннай вайны ў верасні 1943 года фашысты спалілі 265 двароў, забілі 7 жыхароў. У баі каля вёскі 23 верасня 1943 года адмеціліся камандзір артылерыйскай батарэі старэйшы лейтэнант І. М. Ляшэнка, камандзір роты старэйшы лейтэнант В. Л. Млынароў, наводчыкі прылад А. Г. Казлоў і М. Д. Ольчэў (ім прысвоена званне Героя Савецкага Саюза). У 1970 годзе была цэнтрам калгаса «Ленінскі шлях». Месцаваліся сярэдняя школа, клуб, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне сувязі, швейная майстэрня, 2 крамы. З 8 студзеня 1987 года па 13 снежня 1991 года вёска ўваходзіла ў склад Гдзенскага сельсавета, пасля — у адміністрацыйным падпарадкаванні Камарынскага пассавета.

Насельніцтва[правіць | правіць зыходнік]

Колькасць[правіць | правіць зыходнік]

  • 2010 год — жыхароў няма.

Дынаміка[правіць | правіць зыходнік]

  • 1795 год — 6 двароў.
  • 1850 год — 50 двароў, 509 жыхароў.
  • 1885 год — 102 двары, 549 жыхароў.
  • 1908 год — 170 двароў, 928 жыхароў.
  • 1929 год — 1397 жыхароў.
  • 1940 год — 290 двароў.
  • 1959 год — 977 жыхароў (паводле перапісу).
  • 1970 год — 741 жыхар.
  • 1986 год — жыхары (270 сем'яў) пераселены.

Вядомыя выхадцы[правіць | правіць зыходнік]

  • Ф. М. Расюк — адзін з кіраўнікоў партызанскага руху ў Вілейскай вобласці, камісар 4-й Беларускай партызанскай брыгады падчас Вялікай Айчыннай вайны.

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
  2. «Об упразднении сельских населенных пунктов Брагинского района». Решение Брагинского районного Совета депутатов от 20 августа 2008 г. № 68 Архівавана 17 сакавіка 2018. (руск.)
  3. Рашэнне выканкома Гомельскага абласнога Савета народных дэпутатаў ад 8 студзеня 1987 г. // Збор законаў Беларускай ССР, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1987, № 23 (1901).

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т.1, кн.1. Гомельская вобласць/С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: Белэн, 2004. 632с.: іл. Тыраж 4000 экз. ISBN 985-11-0303-9 ISBN 985-11-0302-0