Олтуш
Аграгарадок
Олтуш
| ||||||||||||||||||||||
О́лтуш[2] (трансліт.: Oltuš, руск.: Олтуш) — аграгарадок у Маларыцкім раёне Брэсцкай вобласці, на ўсходнім беразе Олтушскага возера. Цэнтр Олтушскага сельсавета.
Геаграфія
[правіць | правіць зыходнік]За 15 км на поўдзень ад Маларыты, за 67 км ад Брэста. На аўтадарозе Маларыта — Олтуш. Пункт пропуску на мяжы з Украінай. З украінскага боку пункт пропуску «Пішча» (укр.: Піща) Шацкага раёна Валынскай вобласці, мае статус міждзяржаўнага, прызначанага толькі для грамадзян Беларусі і Украіны.
Стаіць на Маларыцкай раўніне. За 1,5 км на паўднёвы захад ад Олтуша краявыя ледавіковыя ўтварэнні фарміруюць спадзістае падняцце, складзенае дыслакаванай тоўшчай з мел-палеагенавых скіб, якія залягаюць пад перамытай марэнай і водна-ледавіковымі адкладамі. Гэта форма канцова-марэннага рэльефа раздзяляе Олтушскае і Арэхаўскае азёры. Яшчэ адзін участак напорнага паводле генезіса дробнаўзгорыста-градавага рэльефу распасціраецца ад Олтуша ў напрамку на поўнач — паўночны ўсход на Збураж і Маларыту[3].
Олтушскае радовішча пясчана-жвіровага матэрыялу[4] знаходзіцца каля паўднёва-ўсходняй ускраіны паселішча. Лінзападобны паклад звязаны з канцова-марэннымі адкладамі дняпроўскага ледавіка. Ва ўскрышы пяскі.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]У 1930-я гады ў ваколіцах знаходзілі крамянёвыя наканечнікі коп’яў, мноства дробных апрацаваных крэменяў — разцы, нажы, што сведчаць пра засяленне мясцовасці са старажытнасці.
Вялікае Княства Літоўскае
[правіць | правіць зыходнік]Упершыню згаданы пад 1546 годам у дакуменце апісання мяжы Вялікага Княства Літоўскага і Каронай Польскай. Паводле рэвізіі Берасцейскай эканоміі 1566 года -- сяло, цэнтр Олтушскага войтаўства Палескай воласці.
У 1668 годзе ў Олтушы 32 валокі, з іх 1 валока належала ўніяцкай царкве, 19 валок пустых, аселых гаспадарак -- 45. На Олтушскую царкву 26 лістапада 1679 года аформлены рэвізійны ліст, 10 красавіка 1685 года — прывілей, які пацвярджае гэты ліст. Паводле інвентару 1682 года, сяло, цэнтр войтаўства Палескага ключа, 68 аселых гаспадарак, 32 валокі зямлі, з іх 2 валокі належалі царкве.
У 1792 годзе прывілей караля Станіслава Аўгуста святару Сымону Паўловічу на каад’юторыю царквы Праабражэння Гасподня ў Олтушы.
Расійская імперыя
[правіць | правіць зыходнік]Пасля Трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у складзе Расійскай імперыі. 18 жніўня 1795 года Кацярына II падаравала сяло ў пажыццёвае валоданне генерал-маёру Мікалаю Ланскому. У другой палове 19 — пачатку 20 ст. сяло, цэнтр воласці Брэсцкага павета Гродзенскай губерні.
У 1854 годзе было 100 драўляных жылых будынкаў, было валасное праўленне, карчма, царква, капліца, хлебазапасны магазін, школа. У 1859 годзе В. С. Парошын прадаў маёнтак Олтуш калежскаму саветніку А. К. Маймескулу. У 1860-я гады сяло маёнтка Олтуш памешчыка Маймескула. У 1862 годзе адкрыта земскае народнае вучылішча. У 1878 годзе олтушскія сяляне адмовіліся плаціць штрафы за выпас жывёлы на панскіх лугах, паводле выраку суда было апісана і прададзена сялянскае быдла.
У 1886 годзе ў Олтушы было валасное праўленне, царква, капліца, земскае народнае вучылішча, карчма, млын. У 1886 годзе ў школе вучылася 66 дзяцей (з іх 3 дзяўчынкі), у 1890 годзе -- 658[удакладніць: камент.] вучняў. У 1881 годзе сяло моцна пацярпела ад пажараў.
Найноўшы час
[правіць | правіць зыходнік]У 1921—1939 гадах уў складзе Польшчы, цэнтр гміны Брэсцкага павета Палескага ваяводства. У 1930-я гады тут дзейнічаў Маларыцкі райкам (sic!) КПЗБ. Працавалі пачатковая школа (у 1937 — 79 вучняў), спажывецкае таварыства.
З 1939 года ў БССР. З 12 кастрычніка 1940 года вёска — цэнтр сельсавета Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласці.
У Вялікую Айчынную вайну з чэрвеня 1941 да 20 ліпеня 1944 года акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. 22 чэрвеня 1942 года фашысты расстралялі 11 мірных жыхароў. На франтах загінулі і зніклі без вестак 22 вяскоўцы.
21 кастрычніка 1949 года арганізаваны калгас імя Калініна. У 1962—1965 гадах у Брэсцкім раёне. Цэнтр калгаса «Перамога».
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]- XVI стагоддзе:
- 1566 — 31 двор, 79 сем’яў.
- XVIII стагоддзе:
- 1795 — 303 рэвізскія душы мужчынскага і 329 жаночага полу
- XIX стагоддзе:
- 1854 годзе было 53 двары, 617 жыхароў.
- 1860-я — 391 рэвізская душа (201 мужчына, 190 жанчын), усяго ў маёнтку — 1536 рэвізскіх душ.
- 1886 — 53 двары, 572 жыхары.
- XX стагоддзе:
- 1905 — 815 жыхароў, у маёнтку — 30 жыхароў.
- 1921 — 43 двары, 299 жыхароў, у 1930 годзе 117 двароў.
- 1959 — 485 жыхароў.
- 1970 — 501 жыхар.
- XXI стагоддзе:
- 2000 — 250 гаспадарак, 739 жыхароў.
- 2005 — 241 гаспадарка, 699 жыхароў.
- 2025 — 248 гаспадарак, 647 жыхароў
Інфраструктура
[правіць | правіць зыходнік]Працуюць сярэдняя школа, дзіцячы сад, Дом культуры, бібліятэка, аддзяленне сувязі, бальніца, аптэка, 3 магазіны, ашчадны банк, кафэ, лясніцтва, ветэрынарны ўчастак.
Славутасці
[правіць | правіць зыходнік]- Стаянка жалезнага веку
- Праабражэнская царква, іканастас (1783, абноўлена ў 1862 і 1879) —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 112Г000520 - Капліца Святога Аляксея (1872), на могілках
Памятныя мясціны
[правіць | правіць зыходнік]- Брацкая магіла (1941—1944) —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 113Д000519
Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ https://malorita.brest-region.gov.by/ru/oltusch-ru
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2010.— 318 с. ISBN 978-985-458-198-9. (DJVU). Сустракаецца таксама варыянт Во́лтуш, Аўту́ш
- ↑ Рельеф территории Подлясско-Брестской впадины: монография / Н. Ф. Гречаник, А. В. Матвеев, М. А. Богдасаров; под ред. А. В. Матвеева; Брест. гос. ун-т имени А. С. Пушкина. — Брест: БрГУ, 2013.
- ↑ Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 4. Недалька — Стаўраліт / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1985. — 599 с., іл. — 10 000 экз.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя.. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2004—2021.
- Деревня Олтуш: История и современность. Ч. 4. — Малорита, 2010. — 106 с.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Олтуш- Олтуш на сайце Глобус Беларусі (руск.)