Пятровічы (Бабруйскі раён)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Вёска
Пятровічы
Бібліятэка-клуб у вёсцы Пятровічы
Бібліятэка-клуб у вёсцы Пятровічы
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Першая згадка
1560 год
Ранейшыя назвы
Ляхавічы
Насельніцтва
179 чалавек (2014)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 225
Паштовы індэкс
213839
Аўтамабільны код
6
СААТА
7208828131
Пятровічы на карце Беларусі ±
Пятровічы (Бабруйскі раён) (Беларусь)
Пятровічы (Бабруйскі раён)
Пятровічы (Бабруйскі раён) (Магілёўская вобласць)
Пятровічы (Бабруйскі раён)

Пятро́вічы[1] (трансліт.: Piatrovičy, руск.: Петровичи) — вёска ў Бабруйскім раёне Магілёўскай вобласці. Уваходзіць у склад Гарбацэвіцкага сельсавета.

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Вёска месціцца за 18 км на паўднёвы захад ад Бабруйска, 128 км на паўднёвы захад ад Магілёва, 9 км ад чыгуначнай станцыі Чырвоны Брод на лініі БабруйскРабкор, пры аўтамабільнай дарозе Н10087 ПятровічыЕмяльянаў Мост, у 6 км на поўнач ад вёскі аўтамабільная дарога Р-55 Бабруйск—Любань. На поўдзень ад вёскі выток ракі Брожка, правы прыток ракі Бярэзіны (басейн Дняпра).

Ландшафт мясцовасці плоскі з хваёвымі і шыракаліста-хваёвымі лясамі. Тэрыторыя знаходзіцца ў межах Бабруйскай раўніны ўсходняй Перадпалескай правінцыі. Клімат цёплы, умерана вільготны. Сярэдняя тэмпература студзеня −6,5 °C, ліпеня +18 °C. Сярэднегадавая норма ападкаў складае каля 600 мм, у сярэднім выпадае 586 мм ападкаў у год. Вегетацыйны перыяд доўжыцца 193 дні. Пераважаюць вятры заходніх і паўднёва-заходніх напрамкаў. Прыпяцкі артэзіянскі басейн.

Планіроўка[правіць | правіць зыходнік]

Планіровачна вёска мае плаўна выгнутую вуліцу мерыдыянальнай арыентацыі, забудаваную двухбакова пераважна драўлянымі дамамі сядзібнага тыпу. Мураванае жыллёвае будаўніцтва вядзецца вакол грамадскага цэнтра на заходняй ускраіне вёскі.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У пісьмовых крыніцах вядома з 1560 года. Паводле Бабруйскай уставы 1560 года сяло несла 6 падаткавых служб, якасць грунту вызначана як сярэдняя. З 1566 года сяло Пятровічы (іншая назва Ляхавічы) ў складзе Бабруйскага староства Рэчыцкага павета Менскага ваяводства Вялікага княства Літоўскага. У 1639 годзе ў Пятровічах 12 гаспадарак, 30 жыхароў мужчынскага полу, сяло — дзяржаўная ўласнасць.

Паводле інветару 1639 года сельскагаспадарчыя землі сяла падзелены на 17 валок, з якіх 12 пустыя, 26 засценкаў, 10 сенажацей агульнай плошчай 104 і 70 маргі адпаведна. Ва ўласнасці сялян 7 валоў і 23 кані. Лоўля рыбы дазвалялася на рэчках Сулеўцы і Дружцы. Бабровыя гоны супольна з сялом Казловічы. Штогод на карысць Бабруйскага каралеўскага замка сяляне агулам аддавалі: 10 коп грошай, па 5 бочак жыта і аўса, 5 гусей, 10 курэй, 40 яек, 50 гарцоў лёну, 5 вазоў сена, 50 вазоў дрэў, 16 камянёў мёду. Падвода на 60 міль раз на год з кожнай валокі зямлі. З кожнай валокі трэба было адпрацаваць на карысць замка 2 дні ў тыдзень.

Спіс землекарыстальнікаў станам на 1639 год

  • Іван Атрашковіч
  • Цішка Кубаковіч
  • Сцяпан Хацяновіч
  • Грышка Рэзцэвіч
  • Восіп Келеповіч
  • Алехно Васілевіч
  • Атрошка Сабан
  • Іван, Хведзька і Грышка Драбышэвічы
  • Макей, Алісій і Панкрат Кусковічы

У 1765 годзе ў Пятровічах працавала карчма. З 1793 года пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай вёска ў складзе Расійскай імперыі. З 1795 года ў Бабруйскім павеце Мінскай губерні. У 1844 годзе вёска ў складзе дзяржаўнага маёнтка Пятровічы, вотчына памешчыкаў Абрамовічаў. У 1858 годзе 13 зямельных участкаў і сяло далучаны да казённага маёнтка Брожа Бабруйскага павета Мінскай губерні. У 1888 годзе адкрыта школа царкоўнай граматы, у якой навучаліся 19 хлопчыкаў (1890 год). Паводле перапісу 1897 года — сяло Пятровічы Гарбацэвіцкай воласці Бабруйскага павета Мінскай губерні, дзейнічаў хлебазапасны магазін, млын, лесапільны завод. У 1907 годзе адкрыта аднакласнае народнае вучылішча, настаўнікам працуе Апанас Драка. У 1913 годзе для вучылішча пабудавана новае памяшканне, настаўніца Лізавета Таўкачова. Пасля Рэвалюцыі 1917 года на базе народнага вучылішча створана працоўная школа 1-й ступені. У 1925 годзе ў школе было 108 вучняў, дзейнічалі драматычны і харавы гурткі. Непадалёк ад вёскі ў лесе працавала смалакурня (1925 год). У 1930 годзе створаны калгас «Імя Н. К. Крупскай», у 1933 годзе адкрыта бандарная арцель «Чырвоны бондар». У верасні 1943 года нямецкія карныя атрады абрабавалі і спалілі вёску — забілі 11 жыхароў, спалілі 46 двароў. На фронце і ў партызанскай барацьбе загінулі 108 жыхароў вёскі.

Да 20 снежня 1982 года вёска ўваходзіла ў склад Гарбацэвіцкага сельсавета[2], да 20 лістапада 2013 года — у склад Гарохаўскага сельсавета[3]. У 1997 годзе ў вёсцы сядзіба саўгаса «Пятровічы», майстэрні па рамонце тэхнікі, ферма буйной рагатай жывёлы, зернедрабільня, лясніцтва, ветэрынарны пункт. Працуюць васьмігадовая школа, бібліятэка, Дом культуры, дзіцячы яслі-сад, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленні сувязі і «Беларусбанка», магазін, стадыён, комплексны прыёмны пункт бытавога абслугоўвання насельніцтва.

Школа садаводства і хмеляводства[правіць | правіць зыходнік]

Пятровіцкая школа садаводства і хмеляводства другога разраду была адкрыта ў 1884 годзе ў маёнтку Пятровічы на аснове «Нармальнага палажэння аб ніжэйшых сельскагаспадарчых школах» ад 27 снежня 1883 года. Школа рыхтавала спецыялістаў па садаводстве з ніжэйшай сельскагаспадарчай адукацыяй. Яна знаходзілася ў распараджэнні Міністэрства Дзяржаўнай маёмасці па Дэпартаменту земляробства і сельскай прамысловасці. Курс навучання ў школе быў тры гады. Вучыцца ў ёй мелі права тыя, хто скончыў пачатковыя народныя вучылішчы.

У 1893 годзе папячыцелем школы быў Мікалай Канстанцінавіч Мышанкоў, кіраўнік школы Сяргей Мацвеевіч Машнёў. Настаўнікамі працуюць: агульнаадукацыйных прадметаў Іван Зянонанавіч Будзіловіч, спецыяльных прадметаў Пятро Сцяпанавіч Андрэеў, падрыхтоўчага класа Якаў Андрэевіч Вераксіч.

20 мая 1896 года школа з маёнтка Пятровічы была пераведзена ў Бабруйск.

Славутасці[правіць | правіць зыходнік]

Помнікі гісторыі і археалогіі[правіць | правіць зыходнік]

Археалагічныя помнікі сведчаць аб засяленні чалавекам тутэйшых мясцін у далёкай старажытнасці.

Гарадзішча-1

Гарадзішча знаходзіцца за 2 км на ўсход ад вёскі, на карэнным правым беразе ракі Брожка, ва ўрочышчы Падкаленца. З паўночнага і ўсходняга бакоў гарадзішча забалочаная нізіна, з заходняга і паўднёвага — роў глыбінёй 0,4 м. Плошча 0,7 га. Вядома з 1924 года, абследавалі ў 1964 годзе Л. Д. Побаль, у 1978 годзе П. Ф. Лысенка. Культурны пласт 0,5 м насычаны перапаленым вуголлем, у ім знойдзены рэшткі ляпнога гладкасценнага посуду. Адносіцца да ранняга жалезнага веку. Матэрыялы абследавання знаходзяцца ў Інстытуце гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі.

Гарадзішча-2

Гарадзішча знаходзіцца за 1 км на ўсход ад вёскі, у лесе. З паўднёва-заходняга боку захаваліся рэшткі вала вышынёй 0,5-0,7 м і рова глыбінёй 0,6 м плошча 0,8 га. Вядома з 1924 года, абследавалі ў 1964 годзе Л. Д. Побаль, у 1978 годзе П. Ф. Лысенка.

Помнікі[правіць | правіць зыходнік]

Помнік землякам знаходзіцца каля будынка школы. На ўшанаванне памяці 108 аднавяскоўцаў, якія загінулі ў Другую сусветную вайну. У 1976 годзе пастаўлены абеліск.

Будынак аддзялення сувязі ў вёсцы Пятровічы Бабруйскага раёна

Дынаміка развіцця[правіць | правіць зыходнік]

Паказчык 1857 1897 1917 1926 1940 1959 1970 1986 1997 2007 2014
Колькасць двароў, адзінак няма звестак 40 71 85 100 няма звестак няма звестак 145 152 110 91
Колькасць насельніцтва, чалавек 155 354 439 468 368 500 514 300 319 225 179

Вядомыя асобы[правіць | правіць зыходнік]

  • Іван Васільевіч Гайшун (1946—2018) — беларускі матэматык. Доктар фізіка-матэматычных навук (1984), прафесар (1992), акадэмік (1991) НАН Беларусі.

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2007. — 406 с. — ISBN 978-985-458-159-0. (DJVU)
  2. Рашэнне выканкома Магілёўскага абласнога Савета народных дэпутатаў ад 20 снежня 1982 г. // Збор законаў Беларускай ССР, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1983, № 3 (1737)
  3. Решение Могилевского областного Совета депутатов от 20 ноября 2013 г. № 23-1 Об изменении административно-территориального устройства некоторых административно-территориальных единиц Могилевской области(недаступная спасылка)

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 18. Кн. 2: Рэспубліка Беларусь / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2004. — Т. 18. Кн. 2. — 760 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0310-1. — ISBN 985-11-0295-4 (т. 18. Кн. 2).
  • Гарады і вёскі Беларусі. Магілёўская вобласць. кніга 1. — Мн. Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі. 2008
  • Памяць. Бабруйскі раён. — Мн. Беларуская Энцыклапедыя. 1998
  • Памяць. Бабруйск. — Мн. Вышэйшая школа. 1995
  • Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Магілёўская вобласць. — Мн. Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі. 1986
  • Списки населенных мест Минской губернии. 1857.
  • Памятныя кніжкі Мінскай губерні на 1894, 1912. Выданні Мінскага губернскага статыстычнага камітэта

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]