Слабодка (Браслаўскі раён)
Аграгарадок
Слабодка Касцёл Сэрца Ісуса
| ||||||||||||||||||||
Слабо́дка[1] (трансліт.: Slabodka, руск.: Слободка) — аграгарадок у Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці. Цэнтр сельсавета. Знаходзіцца паміж азёрамі Поцех, Недрава і Ільмёнак, на аўтадарозе Браслаў-Друя. За 9 км на паўночны ўсход ад Браслава, 220 км ад Віцебска, 21 км ад чыгуначная станцыі Друя; на аўтамабільнай дарозе Браслаў — Друя.
Змест
Назва[правіць | правіць зыходнік]
Варыянты назвы ў гістарычных крыніцах: Слабада, Слабодка Заверская, Быхаўка, Юзафова.
Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]
Першы пісьмовы ўспамін пра Слабодку як паселішча Друйскага двара датуецца 1618 годам. У інвентары Браслаўскага староства за 1649 значыцца мястэчка Слабада. Ад часу свайго заснавання паселішча ўваходзіла ў склад Браслаўскага павета Віленскага ваяводства. У XVIII ст. Слабодка адносілася да маёнтку Завер'е, пераважна належала Мірскім. У канцы XVIII ст. згадваецца прыкагалак (у 1783 — 6 яўрэйскіх дамоў).
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Слабодка апынулася ў складзе Расійскай імперыі, у Браслаўскім павеце Віленскай губерні. У 1806 С. Мірскі фундаваў пабудову мураванага касцёла. 18 снежня 1842 г. Слабодка як цэнтр воласці ўвайшла ў склад Новааляксандраўскага павета Ковенскай губерні, у гэты час тут працавалі валасная ўправа і пазыковая каса. У 1865 расійскія ўлады адкрылі народную школу. У 1903 г. у Слабодцы і ваколіцах працаваў фалькларыст В. Камінскі, які запісаў тут больш за 30 беларускіх народных песень[2].
У Першую сусветную вайну каля Слабодкі праклалі вузкакалейную чыгунку, якая ў 1920—1960-я дзейнічала як пасажырская лінія.
Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Слабодка апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе зрабілася цэнтрам гміны Браслаўскага павета Віленскага ваяводства. На 1931 г. у мястэчку працавалі чыгуначная станцыя, школа, пошта, аптэка, карчма, крамы.
У 1939 Слабодка увайшла ў БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 зрабілася цэнтрам сельсавета Браслаўскага раёна.
Насельніцтва[правіць | правіць зыходнік]
- XIX стагоддзе: 1850 — каля 300 чал., 30 двароў; 1897 — 643 чал., 124 двары.
- XX стагоддзе: 1931 — 848 чал., 146 двароў; 1999 — 1133 чал., 396 двароў.
- XXI стагоддзе: 2001 — 860 жыхароў, 387 двароў.
Інфраструктура[правіць | правіць зыходнік]
- Лабараторыя азёразнаўства БДУ
- турысцкая база Нацыянальнага парку Браслаўскія азёры
- Дом культуры
- Сярэдняя школа
- Бібліятэка
- Абласная псіхіятрычная і ўчастковая бальніцы
Славутасці[правіць | правіць зыходнік]
- Касцёл Сэрца Ісуса.
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 212Г000212
- Млын водны (1-я пал. XX ст.)
- Могілкі хрысціянскія (XIX ст.)
Каля вёскі — Гарадзішча-1, гарадзішча-2 (VII cт. да н.э. — ІV ст. н.э.). Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 213В000213
Выбітныя ўраджэнцы і жыхары[правіць | правіць зыходнік]
- Зінаіда Дудзюк, беларуская пісьменніца
Галерэя[правіць | правіць зыходнік]
- Краявіды Слабодкі
Возера Поцех з боку вёскі
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7 (DJVU).
- ↑ Кастусь Шыдлоўскі. Слабодка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. С. 327.
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.14: Рэле — Слаявіна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 14. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0238-5 (Т. 14).
- Słobódka (73) // Слабодка (Браслаўскі раён) // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. — Tom X (Rukszenice — Sochaczew), 1889 (польск.) S. 805.
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Слабодка (Браслаўскі раён)
|
|