Вікенцій Іванавіч Гечэвіч
Вікенцій Іванавіч Гечэвіч | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
| |||||||
| |||||||
|
|||||||
Папярэднік | Казімір Сулістроўскі | ||||||
Пераемнік | Кірыл Цюфяеў[d] | ||||||
|
|||||||
|
|||||||
Нараджэнне |
5 красавіка 1770 |
||||||
Смерць |
19 сакавіка 1840 (69 гадоў) |
||||||
Месца пахавання | |||||||
Род | Гечэвічы[d] | ||||||
Бацька | Ян Гечэвіч[d] | ||||||
Маці | Анастасія Вайноўская[d] | ||||||
Жонка | Эльжбета з Прушынскіх[d] | ||||||
Дзеці | Аляксандр Гечэвіч[d], Алена з Гечэвічаў[d], Іпаліт Гечэвіч, Сузанна з Гечэвічаў[d], Ружа з Гечэвічаў[d], Ядвіга з Гечэвічаў[d], Леан Гечэвіч[d] і Лізавета з Гечэвічаў[d] | ||||||
Веравызнанне | каталіцтва | ||||||
Член у | |||||||
Узнагароды |
Вінцэнт Янавіч Гечэвіч, Вікенцій Іванавіч Гечэвіч, Вікенцій Іванавіч Гечан-Гечэвіч (руск.: Викентий Иванович Гечан-Гечевич, польск.: Wincenty Gieczewicz; 5 красавіка 1770 — 19 (31) сакавіка 1840, г. Санкт-Пецярбург) — дзяржаўны дзеяч Расійскай імперыі, мінскі губернатар (1818—1831).
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Прадстаўнік старажытнага шляхецкага роду Гечэвічаў герба «Ляліва», унесенага 14 мая 1802 у 6-ю частка ДРК Мінскай губерні і зацверджанага ў дваранстве ўказам Сената ад 31 сакавіка 1837 года. Рабіла вывады шляхецтва (1802). Нарадзіўся ў сям’і Івана (Яна) Ігнацьевіча Гечэвіча (пам. пасля 1795)[1], мечніка віленскага (1785), суддзі Віленскага гродскага суда, уладальніка маёнткаў Гэчаны і Жэймы Віленскага ваяводства, і Анастасіі (Настассі) Вайноўскай (пам. пасля 1770). Меў братоў Ігнація (пам. да 1837), харунжага (з 1792) і паручніка (з 1793) 3-га палка пярэдняй варты Булавы польнай літоўскай, удзельніка паўстання Т. Касцюшкі ў 1794 годзе, узведзенага ў ротмістры штабавыя; Яна (пам. паміж 1819 і 1837), капітана польскіх войскаў, масон, сястру Барбару, якая была ў шлюбе са Стэфанам Антонавічам Гечэвічам, сынам мечніка віленскага, асэсарам 1-га дэпартамента Віленскага галоўнага суда у 1817—1820 гг., уладальнікам маёнтка Жэймы Віленскага павета. Каталік.
Крайчы віленскі (26.11.1788), з 7 лютага 1791 года член, а з 8 лютага 1792 года старшыня аддзялення цывільна-вайсковай парадкавай камісіі Віленскага ваяводства, з 1793 па 1795 пражываў у маёнтку свайго цесця Каралішчавічы Ігуменскага павета, з 2 кастрычніка 1795 па 1798 першы засядацель 1-га дэпартамента Мінскага верхняга земскага суда, надворны саветнік (28.06.1796), з 1798 засядацель 1-га дэпартамента Мінскага галоўнага суда (да новых выбараў). З 1 верасня 1802 па 1808 вілейскі павятовы падкаморы, абіраўся на два 3-годдзі запар.
З красавіка 1812 член Вілейскай павятовай прысутнасці для ваенных павіннасцяў, у час французскай акупацыі 1812 года займаў з 14 ліпеня 1812 пасады намесніка галоўнага камісара пры камандзіры 1-га корпуса Вялікай арміі маршале Луі-Нікаля Даву і з 27 ліпеня пасаду члена аддзела харчу адміністрацыі Мінскага дэпартамента ВКЛ.
У 1813—1814 гг. член Мінскай губернскай для ваенных павіннасцей прысутнасці, з 3 верасня 1814 член Вілейскага межавога нармальнага суда (на 3-годдзе), з 25 кастрычніка 1816 (заняў пасаду 10 снежня 1816) па 31 снежня 1818 года мінскі віцэ-губернатар, калежскі саветнік (24.09.1817), з 28 жніўня 1818 па 31 снежня 1818 выконваў абавязкі мінскага грамадзянскага губернатара, стацкі саветнік (31.12.1818). З 31.12.1818 па 26.02.1831 года займаў пасаду мінскага грамадзянскага губернатара, сапраўдны стацкі саветнік (06.12.1826), тайны саветнік (26.02.1831). З 26.02.1831 года сенатар (прысутнічаў ва 2-м аддзяленні, а затым у 1-м аддзяленні 5-га дэпартамента Сената).
У час службы пры генерал-губернатары Ц. І. Туталміне (1793—1796) і грамадзянскім губернатары З. Я. Карнееве (1797—1808) праводзіў на ўласныя сродкі камеральнае апісанне ў казённае ведамства маёнткаў грэка-ўніяцкага мітрапаліта, манастыроў базыльянаў у Лагойску, Лядах, Траецкага манастыра базыльянак у г. Мінску і Радашковіцкага староства, займаўся размежаваннем Віленскай і Мінскай губерняў, праводзіў следства аб коштаўтварэнні ў гандлёвых мястэчках Вілейскага павета. Спрыяў на заканадаўчым узроўні развіццю ў Мінскай губерні гандлю і наданні купецтву адмысловых палёгак і прывілеяў з мэтай прыцягнення іншага купецтва і барацьбы з манаполіяй яўрэяў у гандлі. Па асабістым даручэнні імператара Мікалая I, з 12.02.1828 па 19.05.1828 праводзіў канчатковае расследаванне ў Вільні і Гродне па справе асуджанай Віленскай крымінальнай палатай да высылкі ў Сібір на паселішча Агафіі Дзянісавай Любрэвічоўны за намер атруціць жонку віленскага губернскага пракурора Г. А. Батвінкі. Прымаў меры па барацьбе з эпідэміяй халеры, якая разгарэлася ў канцы 1830 годзе.
Дырэктар (з 15.03.1817) і віцэ-прэзідэнт (з 1818 па 12.04.1826) Мінскага аддзялення Расійскага Біблейскага таварыства.
Валодаў (да 30.12.1823) радавым маёнткам Ізабелін (Забелін) і набытым (у 1808) маёнткам Вязынь «з фальваркамі» ў Вілейскім павеце (усяго на 1811—1109, а на 1816—1098 душ прыгонных муж. полу), якія аддаў ва ўладанне сваім дзецям; на 1816 меў у закладным валоданні фальварак Раеўшчына (148 душ); часова (з 09.03.1823) валодаў Друйскім і Перабродскім войтаўствамі Дзісненскага павета; на 1834 выкарыстоўваў у якасці прыслугі 8 душ прыгонных (дваровых) муж. полу.
Пахаваны на Смаленскіх евангелічна-лютэранскіх могілках у Санкт-Пецярбургу.
Узнагароды
[правіць | правіць зыходнік]Кавалер ордэнаў Св. Ганны 2-й ст. (24.09.1817), Св. Ганны 1-й ст. (29.10.1823) са знакамі, упрыгожанымі імператарскай каронай (25.06.1829), Св. Уладзіміра 4-й ст. (17.12.1829).
Найвышэйшыя спрыянні: за спраўнасць новых дарог у Мінскай губерні (16.10.1819); за аператыўнае спагнанне нядоімак па Мінскай губерні (20.01.1821); за бяздоімкавы збор рэкрутаў 92-га набору па Мінскай губерні (06.01.1829); за бяздоімкавы збор рэкрут 93-га набору па Мінскай губерні (14.05.1829); за выдатную руплівасць, праяўленую пры нарыхтоўцы ў 1829 паўкажушкаў для рэкрутаў 94-га набору (10.12.1830).
Сям’я
[правіць | правіць зыходнік]10 верасня 1793 года ажаніўся ў Каралішчавіцкім касцёле з Лізаветай-Антанілай-Ангелай Станіславаўнай з Прушынскіх (16.12.1778, маёнтак Новы Двор Мінскага павета — 03.09.1849, г. Мінск), стрыечнай цёцяй мінскага губернскага маршалка шляхты Яўстафія Станіслававіча Прушынскага, дачкой Станіслава Іосіфавіча Прушынскага (1753 — 02.09.1800, двор Каралішчавічы Ігуменскага павета), «старосты мінскага», генерала-ад’ютанта караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, ігуменскага павятовага маршалка ў 1797—1800, уладальніка маёнткаў Каралішчавічы і Свіраны Мінскага павета. Паводле Юрыя Снапкоўскага жонка Лізавета пахавана 06.09.1849 на Залатагорскіх могілках Мінска, чаму, аднак, пярэчыць наяўнасць яе надмагілля на каталіцкіх могілках у Вязыні.
Дзеці:
- Аляксандр-Уладзіслаў (11.01.1795, двор Каралішчавічы — 28.12.1795, там жа). Пахаваны ў катакомбах Каралішчавіцкага касцёла;
- Алена (20.04.1796, г. Мінск — 1871). 05.05.1814 у Мінскім кафедральным касцёле выйшла замуж за свайго першага мужа Апалінарыя Іасафатавіча Сяляву (каля 1784 — пасля 1836), мінскім павятовым харунжым у 1808—1811 гг., тытулярным саветнікам (1809), мінскага павятовага падкаморыя ў 1820—1823 гг., уладальніка маёнтка Наваполь Мінскага павета (на 1836—515 душ прыгонных муж. полу). Затым у разводзе. 10.06.1822 года ў Доме мінскага грамадзянскага губернатара выйшла ў замуж у другі раз за Генрыка-Артура-Аляксандра Казіміравіча Рэйтана (08.08.1799 — паміж 25.01.1823 і 10.06.1829), сына слуцкага павятовага маршалка; уладальніка маёнтка Шумяцічы Бабруйскага павета. 10.06.1829 у Мінскім кафедральным касцёле выйшла замуж у трэці раз за мінскага губернскага правадыра дваранства Яўстафія Станіслававіча Прушынскага, свайго траюраднага брата. На 08.1865 у разводзе.
- Іпаліт-Валерыян (каля 1801—1846), калежскі рэгістратар, вілейскі павятовы маршалак (з 1826 па 1831), удзельнік паўстання 1830—1831, высланы ў г. Варонеж, уладальнік маёнтка Вязынь (на 1835—2171 душа прыгонных абодвух палоў), яго жонка: Кацярына Вікенцьеўна Валадковіч (каля 1808 — пасля 1834), пляменніца мінскага губернскага маршалка Іосіфа Міхайлавіча Валадковіча;
- Сузанна (каля 1803 — пасля 16.02.1859), яе муж (шлюб 06.01.1827 у Мінскім кафедральным касцёле): мінскі губернскі маршалак шляхты Людвіг Антонавіч Слатвінскі;
- Ружа (каля 1804 — пасля 06.09.1849), яе муж (шлюб 02.10.1823 у Мінскім кафедральным касцёле): Ануфрый Фадзеевіч Багдановіч (каля 1787 — пасля 06.09.1849), вілейскі павятовы харунжы (з 1814 па 1817), вілейскі павятовы маршалак (з 1820 па 1823);
- Ядвіга (каля 1805 −1878), яе муж (шлюб 03.01.1823 у Мінскім кафедральным касцёле): Уладзіслаў Ігнацьевіч Аскерка (1793 — паміж 1832 і 1834), сын рэчыцкага павятовага падкаморага, засядацель 1-га дэпартамента Мінскага галоўнага суда (з 1817), рэчыцкі павятовы падкаморы (з 1829 па 1832);
- Леан-Карл-Геранім (1805 — 05.08.1874, г. Варшава, пахаваны там жа на Паванзкоўскіх могілках), удзельнік здушэння паўстання 1830—1831 і Крымскай вайны 1853—1856, генерал-маёр (1851), залічаны ў Світу Я. І. В. (1851), член Камісіі ўнутраных і духоўных спраў Царства Польскага (з 1861), генерал-лейтэнант (1861), в.а. старшыні Галоўнай дырэкцыі зямельных крэдытных устаноў Царства Польскага, вядомы тэарэтык ваенна-кавалерыйскай справы, кавалер ордэнаў Virtuti Militari 4-й ст. (1832), Св. Георгія 4-й ст. (1851), Св. Станіслава 1 -й ст. (1854), Св. Ганны 1-й ст. з мячамі (1856) і імператарскай каронай (1859), Св. Уладзіміра 2-й ст. (1863), Белага Арла (1866) і Св. Аляксандра Неўскага (1870); яго жонка: Варвара (Памэла) Ігнацьеўна Хабржынская;
- Лізавета-Сабіна (каля 1809 — пасля 06.09.1849), яе муж (шлюб 07.10.1830 у Мінскім кафедральным касцёле): Бенядзікт Ігнацьевіч Уняхоўскі (каля 1804 — пасля 06.09.1849), старшыня Мінскага межавога апеляцыйнага суда (з 1829 па 1835), член Мінскага губернскага камітэта для нагляду за правільным продажам гарачых напояў (з 1844 па 1850), уладальнік маёнткаў Русінавічы і Цеплень Мінскага павета (усяго на 1836—1237 душ прыгонных абодвух палоў).
На 28.11.1811 і 12.03.1816 Вікенцій быў апекуном будучага мінскага губернскага маршалка шляхты Людвіга Антонавіча Слатвінскага.
Сачыненні
[правіць | правіць зыходнік]- «Отзыв к почтенным Минской губернии помещикам дворянству и ко всем сей же губернии сословиям» ад 21.01.1819 [з нагоды прызначэння яго мінскім грамадзянскім губернатарам] (НГАБ. Ф. 320. Воп. 1. Д. 33. Л. 104—105 об.).
Зноскі
- ↑ Сын Ігнація Уладзіслававіча Гечэвіча (часам бацькам называецца брат Ігнація — Нікадзім-Ігнацій)
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- ГЕЧЕВИЧ Викентий (Винцент) Иванович // Минские губернаторы, вице-губернаторы и губернские предводители дворянства (1793-1917) : биографический справочник / сост. Ю.Н. Снапковский; редкол.: В.И. Адамушко [и др.]. — Минск: Беларусь, 2016. — 398 с. — ISBN 978-985-01-1200-2.
- Раюк, А.Р. Нефармальныя сувязі паміж дваранствам Мінскай губерні ў 1795—1863 гг. / А.Р. Раюк // Гісторыя і грамадазнаўства. — 2020. — №1. — С. 58—63.
- Мінскія губернатары
- Нарадзіліся 5 красавіка
- Нарадзіліся ў 1770 годзе
- Нарадзіліся ў Вялікім Княстве Літоўскім
- Нарадзіліся ў Рэчы Паспалітай
- Памерлі 19 сакавіка
- Памерлі ў 1840 годзе
- Памерлі ў Санкт-Пецярбургу
- Пахаваныя на Смаленскіх лютэранскіх могілках
- Кавалеры ордэна Святога Уладзіміра 4 ступені
- Кавалеры ордэна Святой Ганны 2 ступені
- Асобы
- Памерлі 31 сакавіка