Вікіпедыя:Вікідапаможнік/Змест/4. Стварэнне артыкулаў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Шмат аб'ектаў, асоб і тэм пакуль незакранутыя Вікіпедыяй, і вы можаце напісаць пра іх артыкулы. Спачатку ацаніце, ці настолькі аб'ект або асоба значныя, каб пісаць пра іх артыкул у энцыклапедыі. Напрыклад, пра музычны гурт з суседняга гаража, пра які не пішуць перыядычныя і спецыяльныя выданні, або пра тэматычныя сайты, ствараць артыкул пакуль не варта. Пасля праз вікіпедыйны пошук або праз інтэрнэт-пашукавік упэўніцеся, што артыкула пра ваш аб'ект ў Вікіпедыі яшчэ няма — шукайце пад рознымі магчымымі варыянтамі назвы або імя (сінонімамі). Таксама наяўнасць артыкула можна праверыць у артыкулах сумежнай тэматыкі. Спасылка на востраў можа быць у артыкуле пра краіну, якой ён належыць, або ў артыкуле пра мора ці архіпелаг, у якім востраў знаходзіцца. Калі артыкул пра пажаданы аб'ект знайшоўся, гэта таксама добра — дадайце туды сваю інфармацыю, прынамсі, свой варыянт назвы. Не знайшоўся — стварайце яго!

Выбар крыніц па тэме артыкула[правіць зыходнік]

Артыкул Вікіпедыі павінен грунтавацца на апублікаваных аўтарытэтных крыніцах (т. б., пэўна надзейных і пажадана бесстаронніх), такім чынам, у Вікіпедыі змяшчаюцца меркаванні толькі вартых даверу аўтараў і выданняў, а не думкі вікіпедыстаў, якія прачыталі матэрыял і інтэрпрэтавалі яго.

Для вызначэння ўзроўню аўтарытэтнасці крыніцы трэба адказаць сабе на тры пытанні:

  • хто аўтар — аўтар мусіць быць спецыялістам у галіне пра якую піша, т. б., на гістарычную тэматыку мусіць пісаць гісторык і гэта будзе аўтарытэтна, напісанае на гэтую тэматыку матэматыкам аўтарытэтным для Вікіпедыі не будзе, нават калі ён акадэмік. Пра мастацтва аўтарытэтна можа пісаць мастацтвазнавец, але не філосаф — ён аўтарытэтна можа напісаць пра філасофію. Звярніце ўвагу, сапраўдныя навуковыя ступені і званні даюць толькі дзяржаўныя Акадэміі навук і адказныя ўстановы, а таксама ўніверсітэты, але не грамадскія і прыватныя ўстановы, якія, дарэчы, могуць саманазывацца «акадэміямі» і «інстытутамі».
  • хто выдаў/апублікаваў — крыніца павінна быць выдадзена выдавецтвам, дзе звычайна публікуюцца вядомыя навукоўцы ў сваіх галінах, або якое належыць прызнанай навуковай установе. Таксама крыніца можа быць апублікавана ў спецыялізаваным навуковым часопісе, дзе звычайна друкуюць артыкулы навукоўцаў гэтай ці некалькіх галін ведаў. Аўтарытэтнымі крыніцамі могуць быць і СМІ — газеты, сайты — але не кожныя, а толькі тыя, чыя выдаўцы вядомыя і маюць добрую рэпутацыю.
  • хто адказны — асабліва гэта важна, калі аўтар не шырока вядомы, напрыклад, малады навуковец, а таксама, калі крыніцай з'яўляецца сайт. У вядомых і буйных выдавецтвах, якія публікуюць сур'ёзныя матэрыялы, звычайна ёсць рэцэнзенты і кансультанты — за змест у пэўнай ступені адказвае не толькі аўтар, але і яны. Звычайна нават вядомыя навукоўцы запрашаюць іншых вядомых навукоўцаў сваёй галіны для рэцэнзавання сваіх прац. Для сайта жа важна: каму ён належыць — той і адказны, напрыклад, вядомая дзяржаўная або навуковая ўстанова — гэта адзін узровень даверу да змешчаных на сайце матэрыялаў, вядомая асоба (навуковец, дзеяч культуры, грамадскі дзеяч) — іншы ўзровень, а сайт, чый гаспадар не вядомы, або нават невядомы (не пазначаны на сайце) — гэта вельмі нізкі ўзровень даверу.

Усе тры адказы разам або паасобку уплываюць на аўтарытэтнасць крыніцы для Вікіпедыі. Напрыклад, вы знайшлі тэкст невядомага аўтара, выдадзены невядома кім, або надрукаваны проста тыпаграфіяй, або размешчаны на сайце, уласна аўтарам ці староннім чалавекам, але ён належыць невядома каму — такі тэкст (такая крыніца) не аўтарытэтны(-ая) для Вікіпедыі. Той самы тэкст таго ж аўтара, але апублікаваны на афіцыйным сайце, напрыклад, універсітэта, мае ўжо пэўную аўтарытэтнасць. Той самы тэкст таго ж аўтара, але апублікаваны ў спецыялізаваным часопісе з рэцэнзаваннем, сярод іншых навуковых артыкулаў, будзе мець для Вікіпедыі несумненную аўтарытэтнасць. Таксама, артыкул вядомага навукоўца на яго афіцыйным сайце або ў вядомай газеце, будзе аўтарытэтны для Вікіпедыі ў яго галіне ведаў, калі тое самае ад імя навукоўца будзе апублікавана ў лістоўцы — для Вікіпедыі яно не будзе аўтарытэтнай крыніцай.

Калі ствараеце новы артыкул пра кагосьці ці штосьці, пажадана знайсці аўтарытэтныя крыніцы пра аб'ект артыкула і пісаць артыкул на аснове крыніцы. Нават калі артыкул напісаны на аснове адной крыніцы — добрая праца, калі крыніц будзе некалькі — яшчэ лепей, і, чым болей крыніц, тым лепей. Пагатоў, артыкул можна дапаўняць з часам, калі знойдзеце дадатковы матэрыял, таму наконт аб'ёму артыкула і колькасці крыніц не пераймайцеся.

Кароткая спасылка ВП:АК

Стварэнне новага артыкула[правіць зыходнік]

Вы праверылі адсутнасць артыкула пра пэўны аб'ект або асобу ў Вікіпедыі: артыкула ў Вікіпедыі не апынулася, і вы ствараеце яго. Запішыце пажаданую назву артыкула ў акенца «Знайсці» і пстрыкніце пошук: артыкула няма, таму замест вынікаў вы атрымаеце загаловак артыкула ў выглядзе чырвонай спасылкі. Націскайце на гэты чырвоны загаловак, і вам адкрыецца чыстае акно рэдагавання, а назва акна аўтаматычна сфарміравана адпаведна з зададзенай вамі.

У акне рэдагавання пішыце тэкст артыкула (можаце папярэдне падрыхтаваць ў тэкставым рэдактары на камп'ютары, а цяпер скапіраваць адтуль у акно рэдагавання). Артыкул гатовы, не забудзьцеся націснуць кнопку Запісаць пад акном рэдагавання. Кнопку Запісаць можна націскаць і ў працэсе напісання, калі тэкст вялікі і рэдагаванне зацягнулася, каб ваша праца не згубілася. Можна націскаць і Як будзе, каб глядзець што атрымліваецца, але вам пакуль лепей карыстацца Запісаць, нават калі тэкст не да канца адрэдагаваны. Артыкул створаны і, галоўнае, запісаны — як аформіць яго, як зрабіць у ім спасылкі на іншыя артыкулы — пра гэта глядзіце ў раздзеле «Вікіразметка». Вядома, можна паглядзець як гэта зроблена ў іншых артыкулах і зрабіць у сваім гэтак жа сама.

Калі вы доўга працуеце са сваім артыкулам, пастаўце уверсе тэксту шаблон {{Пішу}} і націсніце Запісаць, каб іншыя ўдзельнікі выпадкова не перашкодзілі вашай працы сваімі дзеяннямі.

Ваш артыкул добры, калі ў ім ёсць:

  • Кароткае і фармальнае апісанне аб'екта пра які вы напісалі артыкул.
  • Падрабязнае апісанне, наколькі дазваляе наяўны ў вас матэрыял. Трэба паказаць, на аснове крыніцы, чым значны аб'ект — аб'ектыўныя дасягненні і характарыстыкі, напрыклад, пералік твораў, узнагароды, вышыня, працягласць, колькасць і г. д. Калі вы пісалі пра асобу, вельмі важныя біяграфічныя звесткі.
  • Пазначана, як мага падрабязней, крыніца або крыніцы, адкуль вы бралі інфармацыю. Гэта бібліяграфічнае апісанне або гіперспасылка, калі крыніца — сайт, ці размешчана на сайце.

Вы зразумееце, спасылкі на якія артыкулы ў вашым артыкуле трэба зрабіць, калі вы разберацеся, што такое «вікіразметка». У вашым артыкуле называюцца нейкія асобы, аб'екты, з'явы, падзеі — вось з іх імёнаў і назваў варта зрабіць спасылкі, нават калі артыкулаў пра іх у Вікіпедыі яшчэ няма.

Кароткая спасылка ВП:Як ствараць артыкул

Для перфекцыяністаў[правіць зыходнік]

Калі вы хвалюецеся, што будзе нешта не так, або выглядаць будзе не як трэба і г. д., усё адно ёсць спосаб стварыць артыкул у Вікіпедыі. Можна ствараць артыкул ва ўласным «чарнавіку», пакуль не палічыце яго «вартым», каб перанесці ў асноўную прастору Вікіпедыі. Каб трапіць у чарнавік, яго трэба стварыць гэтак сама, як і артыкул. Назва старонкі павінна мець наступны выгляд Удзельнік:Імя вашага ўліковага запісу/Чарнавік.

На гэтай старонцы можаце захоўваць свае чарнавыя тэксты і ўдасканальваць іх. Урэшце, калі вы ўсё яшчэ не ўпэўнены, можаце звярнуцца да іншых удзельнікаў на Форуме ці асабіста да кагосьці ў размовы, каб яны паглядзелі, ці можна ўжо вашу працу пераносіць у асноўную прастору, або дапамаглі. Калі вы ўжо вырашылі перанесці сваю працу ў асноўную прастору, карыстайцеся закладкай перанесці, якая размешчана ў выпадаючым меню каля акна «Знайсці». На старонцы, якая адкрыецца пасля пстрыку па «перанесці», абярыце элемент «(Артыкулы)» ў выпадаючым пераліку «Пад новую назву», затым задайце назву для свайго артыкула замест назвы «Чарнавік» і націсніце кнопку Перанесці старонку. Цяпер ваш артыкул у асноўнай прасторы Вікіпедыі.

Як назваць артыкул[правіць зыходнік]

  • Калі назва артыкулу складаецца з некалькіх словаў, першая літара першага слова заўсёды вялікая, астатнія словы — праз прагал з малой літары (гл. Таварыства беларускай школы).

Выключэнні. Правіла не тычыцца артыкулаў пра асоб, бо імя і прозвішча пішуцца заўсёды з вялікай літары: Францыск Скарына і Ордэн Францыска Скарыны — а таксама іншых уласных назоўнікаў, якія пішуцца з вялікай літары. Яны (і толькі яны) таксама павінны пачынацца з вялікай літары (гл. Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, а не Міністэрства юстыцыі рэспублікі беларусь, але не Міністэрства Юстыцыі Рэспублікі Беларусь). Калі словазлучэнне мае ўстойлівую дакладную форму напісання, якая не адпавядае правілам, на артыкул з такой назвай трэба ствараць перасылку паводле правіла. Прыклад: Другая сусветная вайна -> Другая Сусветная вайна.

Назоўны склон, адзіночны лік. Акрамя выпадкаў, калі слова мае толькі множную форму, калі мае сэнс адрозніць артыкул пра адзін аб'ект і пра сукупнасць, групу аб'ектаў.

  • Замежныя імёны і назвы пажадана падаваць у беларускім напісанні (Джордж Бернард Шоу, а не George Bernard Shaw). Калі няма агульнапрынятага беларускага адпаведніка, можна пісаць арыгінальную форму, але ў пачатку артыкула (у дужках) пажадана даць прыклад вымаўлення: Linux (Лінакс).
  • Калі назва адпавядае некалькім (розным) сэнсам, з'явам, аб'ектам — варта стварыць адну абагульняльную старонку з гэтай назвай і пералічыць там спасылкі на больш дэталёвыя артыкулы. Назвы больш дэталёвых артыкулаў складаюцца з агульнай назвы і ўдакладнення пасля коскі. Напрыклад, абагульняльны артыкул Сістэма будзе спасылацца на Сістэма, паліталогія, Сістэма, матэматыка і г. д.
  • Назвы артыкулаў пра твор — без удакладняльнага слова: Песня пра зубра, а не паэма Песня пра зубра.
  • Нельга закладаць у назву іерархію паняццяў, напрыклад: Зборная Беларусі па хакеі з шайбай, а не Хакей з шайбай: Беларусь: зборная.
  • Нельга ўжываць у назве службовыя сімвалы напрыклад |, *, &, +, {, }, [, ].

Узорная структура «добрага артыкула»[правіць зыходнік]

Выдатныя і добрыя артыкулы — артыкулы, да ўзроўню якіх варта імкнуцца пры напісанні свайго. Напрыклад, добрыя артыкулы павінны мець адносна высокі ўзровень якасці, але, у адрозненне ад выдатных артыкулаў, патрабаванні да іх больш мяккія.

Апроч агульных правілаў, датычных артыкулаў Вікіпедыі, «добрыя артыкулы» павінны быць:

  • Якасна састаўленымі і арыгінальнымі: напісанымі для Вікіпедыі, а не скапіраванымі аднекуль. Мова і стыль напісання павінны быць на добрым узроўні і без відавочных памылак.
  • Поўнымі: раскрываць тэму ў поўным аб'ёме, улічваць самыя значныя факты і меркаванні.
  • Добра прапрацаванымі: адлюстроўваць рэпрэзентатыўны агляд асноўнай літаратуры па тэме, калі большасць самых значных сцвярджэнняў можа быць праверана ў аўтарытэтных крыніцах, мець пералік літаратуры і зноскі.
  • Мець зноскі на крыніцы інфармацыі асноўных тэзісаў, фактаў, сцвярджэнняў, якія могуць выклікаць недавер, а таксама ацэначных меркаванняў па тэме артыкула.
  • Нейтральнымі: прадстаўляць меркаванні непрадузята.
  • Стабільнымі: змест артыкула не з'яўляецца тэмай спрэчак, у ім не ідуць войны правак.
  • З уводзінамі: утрымліваць мінімум 3—4 уводныя сказы, якія коратка раскрываюць тэму артыкула.
  • Структураванымі: мець добрую структуру раздзелаў.
  • Мець выявы толькі з ясным ліцэнзійным статусам: толькі свабодныя выявы і/ці абгрунтаваную, мінімальна неабходную колькасць Fair-use выяў, якія адпавядаюць крытэрыям добрасумленнага выкарыстання.
  • Завершанымі: не мець яўна недапісаных раздзелаў і месцаў у тэксце.
  • Мець катэгорыі і спасылкі на адпаведныя іншамоўныя артыкулы.

Можна зрабіць пасля стварэння артыкула[правіць зыходнік]

  • Стварыць і перасылкі на свой артыкул з назваў-сінонімаў, вядома, калі сінонімы ёсць. Напрыклад, калі створаны артыкул «Янка Купала», дарэчным будзе стварыць перасылку на яго з «Іван Луцэвіч».
  • Звязаць свой артыкул з артыкулам пра гэты ж аб'ект на іншай мове. У меню на экране злева ў раздзеле «На іншых мовах» націсніце Дадаць спасылкі, у дыялогавым акне выбраць вядомую вам мову, набраць назву старонкі на ёй і націснуць «Злучыць са старонкай». На вікіпедыйным жаргоне такія сувязі называюцца «інтэрвікі». Калі вы дакладна не ведаеце назвы падобнага вашаму артыкула на іншай мове, злучэнне, вельмі імаверна, не атрымаецца. Але не пераймайцеся, яго зробяць болей дасведчаныя ўдзельнікі.
  • Паставіць спасылкі на свой артыкул у іншых артыкулах, дзе ваш аб'ект згадваецца ці будзе дарэчным яго згадаць. Трэба прайсціся па артыкулах сумежнай тэматыкі (вы, напэўна, там ужо былі, калі збіраліся пісаць свой артыкул).

Дадаванне катэгорый[правіць зыходнік]

Катэгорыя — адмысловая старонка, якая змяшчае пералік артыкулаў. Туды трапляюць старонкі, якія пазначаны гэтай катэгорыяй, у алфавітным або іншым, асобна вызначаным, парадку. Катэгорыі адрозніваюцца ад простых артыкулаў тым, што перад іх назвай ёсць ключавое слова Катэгорыя, напрыклад: Катэгорыя:Пісьменнікі Беларускі.

Катэгорыі граюць ролю тэгаў, дапамагаюць класіфікаваць артыкулы паводле тэм.

Перад тым, як дадаць катэгорыю, пашукайце яе праз пошук Вікіпедыі. Знайшоўшы патрэбную катэгорыю, можна дадаць яе ўнізе старонкі, напрыклад:

[[Катэгорыя:Пісьменнікі Беларусі]]

Калі патрэбная катэгорыя не знаходзіцца, спрабуйце шукаць па словах-сінонімах. Калі патрэбнай катэгорыі ўсё ж няма — можаце яе ўсё адно пазначыць і стварыць, або толькі пазначыць, а створаць яе іншыя ўдзельнікі пазней. Можна, вядома, не шукаць катэгорыі праз пошук, бо яны звычайна маюць натуральныя назвы — паспрабуйце паставіць катэгорыю, якую лічыце лагічнай і натуральнай для гэтага артыкула. Калі не вельмі атрымалася, бярыцеся за пошук.