Перайсці да зместу

Вікіпедыя:Кансэнсус

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Вікіпедыя:КС)

Усе працэсы, якія праходзяць у Вікіпедыі, звязаны з пошукам кансэнсусу.

Пры рэдагаванні артыкулаў кансэнсус звычайна дасягаецца натуральным шляхам — пасля таго як адзін з удзельнікаў уносіць праўку ці дадатак на якой-небудзь са старонак Вікіпедыі, усе, хто ўбачаць гэту змену, могуць на яе адрэагаваць, змяніўшы ці адмяніўшы яе, або пакінуць яе ў сіле. У апошнім выпадку «маўчанне» (адсутнасць рэакцыі) з’яўляецца знакам згоды з занесенай праўкай, пры ўмове, што пра яе стала вядома дастатковай колькасці ўдзельнікаў. Там, дзе гаворка ідзе пра занясенне змен у правілы і рэкамендацыі Вікіпедыі, пра планаваныя змены варта адмыслова інфармаваць супольнасць праз адпаведныя форумы, каб забяспечыць дасягненне кансэнсусу на значна больш высокім узроўні.

Узнікаючыя нязгоды варта ўрэгуляваць, ветліва, прыводзячы патрэбныя аргументы, падтрымліваючы атмасферу супрацоўніцтва — пры патрэбе на старонках абмеркавання артыкулаў. Падчас абмеркаванняў дзеянні ўдзельнікаў павінны быць накіраваны на выпрацаванне і падтрыманне нейтральных фармулёвак, па якіх можа быць дасягнуты кансэнсус. Пры гэтым, калі высвятляецца, што па той ці іншай групе пытанняў часта складаецца адно і тое ж агульнае меркаванне, то яго варта аформіць у выглядзе асобнай рэкамендацыі, каб удзельнікі не мусілі ўвесь час абмяркоўваць адно і тое ж. У тых рэдкіх выпадках, калі кансэнсус вельмі цяжка знайсці, варта выкарыстоўваць дадатковыя магчымасці, выпрацаваныя ў рамках працэдур вырашэння канфліктаў, узгодненых супольнасцю. Гэта прадугледжвае запрашэнне да ўдзелу ў дыскусіі незалежных дасведчаных удзельнікаў і разгляд праблем, якія замінаюць дасягненню кансэнсусу.

Калі ў абмеркаваннях у Вікіпедыі заходзіць гаворка пра «кансэнсус», то заўсёды маецца на ўвазе кансэнсус, дасягнуты «ў рамках усталяваных правілаў і працэдур». Кансэнсус, дасягнуты сярод вызначанай невялікай групы ўдзельнікаў, амаль ніколі не ў стане пераважыць кансэнсус, дасягнуты супольнасцю ў цэлым і зафіксаваны ў правілах.

Цвярозы розум пры пошуку кансэнсусу

[правіць зыходнік]

Кансэнсус можа быць знойдзены толькі ў выніку супольнай працы разважных удзельнікаў, якія шчыра імкнуцца да дакладнага і адэкватнага выкладу розных пунктаў погляду на вызначанае пытанне (пры гэтым настойлівыя спробы ўнесці ў артыкул малаважны факт насуперак меркаванню многіх іншых удзельнікаў прызнаюцца парушэннем кансэнсусу).

Правіламі немагчыма даць дакладнае вызначэнне разважнай пазіцыі. Так, разважныя ўдзельнікі, прыкладам, гатовыя дапускаць, што і меркаванне, процілеглае іх уласнаму, таксама можа мець пад сабой падставы. У той жа час упартае пасоўванне эксцэнтрычнага пункта погляду, спалучанае з адмовай даць сумленную ацэнку іншым меркаванням, не спрыяе дасягненню кансэнсусу. У рэдкіх выпадках, праўда, можа аказацца, што і ў «эксцэнтрычнай пазіцыі» ёсць пэўныя вартасці, — у гэтым выпадку кансэнсус можа з улікам гэтай пазіцыі змяніцца.

Нават у тых сітуацыях, калі ўнёсак удзельніка здаецца вам прадузятым, помніце, што яго праўкі могуць быць прадыктаваны добрымі намерамі, злучанымі са шчырым жаданнем палепшыць артыкул. Варта практычна заўсёды зыходзіць з таго, што ў іншых удзельнікаў добрыя намеры, і заўсёды заставацца ў рамках этычных паводзін.

Кансэнсус можа змяняцца

[правіць зыходнік]

Кансэнсус не з’яўляецца чымсьці непарушным. Часам супольнасці варта — і нават бывае трэба — змяніць свой пункт гледжання па нейкім пытанні.

Так, напрыклад, часам здараецца, што ў нейкі момант часу невялікая група ўдзельнікаў, ад імя ўсёй супольнасці, дасягае кансэнсусу па вызначаным пытанні. Аднак калі супольнасць пасля такі кансэнсус не прыме, калі агульнае меркаванне было некарэктна сфармулявана ці пасля змянілася, тая супольнасць можа прыйсці да іншага кансэнсусу па гэтым жа пытанні.

Часам у невялікай групы аўтараў, якія працуюць над вызначаным артыкулам, атрымоўваецца прыйсці да кансэнсусу, які можа пасля выклікаць пярэчанні ў шырэйшага кола ўдзельнікаў. У гэтай сітуацыі спробы дадзенай групы аўтараў блакаваць занясенне змен у артыкул толькі на той падставе, што «кансэнсус ужо дасягнуты», будуць неправамернымі, бо ніводны ўдзельнік і ніводная абмежаваная група ўдзельнікаў не могуць у аднабаковым парадку заяўляць пра наяўнасць вызначанага кансэнсусу супольнасці — ці пра яго змену. Калі ж які-небудзь удзельнік (ці невялікая група ўдзельнікаў) лічыць, што ў яго ёсць дастатковыя падставы меркаваць, што раней дасягнуты кансэнсус больш не адпавядае рэчаіснасці, ён мае права падняць гэта пытанне на адпаведнай старонцы абмеркавання артыкула ці на адпаведным форуме, запрасіўшы зацікаўленых удзельнікаў выказацца па гэтай тэме.

З гэтага не вынікае, што Вікіпедыя не ўлічвае мінулых прэцэдэнтаў. Сам факт наяўнасці прэцэдэнту — кансэнсусу па тым ці іншым пытанні — з’яўляецца важкім аргументам, які ўсё яшчэ можа захоўваць актуальнасць. Варта, аднак, адрозніваць невырашаныя аргументаваныя сумневы, выказваемыя з нагоды важнага пытання ці рэкамендацыі, і назойлівыя спробы праштурхнуць індывідуальны пункт погляду, якія парушаюць функцыянаванне праекта.

Рашэнні ў Вікіпедыі схільныя мяняцца ў сувязі з тым, што кожны дзень у праект прыходзяць новыя ўдзельнікі, у супольнасці з’яўляюцца новыя ідэі і новая інфармацыя, якія дазваляюць па-іншаму зірнуць на некаторыя рэчы. Менавіта таму важна мець спосаб перагляду ранейшых рашэнняў, незалежна ад таго, якім чынам гэтыя рашэнні былі прыняты. Такім чынам, ніводнае рашэнне не варта разглядаць як абсалютна непарушнае і не падлеглае перагляду. Некаторыя з іх — напрыклад, прынцып «Не даводзьце да абсурду» — падтрымліваюцца вялікай колькасцю ўдзельнікаў, і для іх магчымага перагляду запатрабавалася б шырокае абмеркаванне ў рамках усёй супольнасці. Для іншых змен — напрыклад, дробных паправак да правіла ці змен фармулёвак у тым ці іншым артыкуле — можа быць досыць звычайнага разгляду на старонцы абмеркавання артыкула ці на форуме.

«Тата забараніў, паспрабую спытаць у мамы» (пра некарэктныя спосабы пошуку кансэнсусу)

[правіць зыходнік]

Часам можна стварыць ілюзію змены кансэнсусу, проста паднімаючы адно і тое ж пытанне зноў і зноў у надзеі, што ў гэты раз на абмеркаванне «зазірнуць» удзельнікі, якім у большай ступені спадабаецца альтэрнатыўнае рашэнне. Гэта, аднак, няўдалы спосаб пошуку новага кансэнсусу, бо супярэчыць філасофіі яго дасягнення. Рашэнні ў Вікіпедыі прымаюцца не па колькасці ўдзельнікаў, «якія зазірнулі» і «прагаласавалі», а на падставе выкладзеных аргументаў. Спробы змяніць кансэнсус павінны грунтавацца на ясным супастаўленні ранейшай аргументацыі, якая лягла ў аснову існуючага кансэнсусу, і новых аргументаў. Таму ў новым раздзеле старонкі абмеркавання трэба падаць рэзюмэ гісторыі абмеркаванняў дадзенага пытання са спасылкамі на папярэднія дыскусіі — гэта дасць магчымасць новым удзельнікам азнаёміцца з абгрунтаваннем існуючага кансэнсусу і прымаць рашэнне, зыходзячы з максімальна поўнай інфармацыі.

Адной з прыкмет таго, што змены кансэнсусу насамрэч не адбылося, з’яўляецца тое, што ўдзельнікі, якія актыўна выказваліся раней, амаль не бяруць удзел у новым абмеркаванні. У такім разе змены, якія вы зробіце на падставе такога няпоўнага абмеркавання, верагодна, адразу будуць «адкочвацца» тымі, хто не прыняў удзел у новым абмеркаванні. Не ўступайце ў вайну правак, а лепш паспрабуйце залучыць іх у новае абмеркаванне.

Яшчэ адзін няўдалы спосаб атрымаць большую падтрымку спробы змены кансэнсусу, якая правалілася, — гэта вынесці яе на абмеркаванне ў новым, менш прыдатным для гэтага месцы Вікіпедыі. Слушней знайсці найболей прыдатнае месца для абмеркавання і абмеркаваць пытанне менавіта там і толькі адзін раз. Зразумела, калі вы першапачаткова выбралі няўдалую старонку для абмеркавання пытання, то перанесці яго на новае месца якраз будзе трэба.

Практыка пошуку кансэнсусу

[правіць зыходнік]

Наяўнасць кансэнсусу не азначае ўсеагульнай падтрымкі абранага рашэння. Гэта хутчэй азначае, што ўсе згодны «падпарадкавацца» абранаму рашэнню.

Сярод удзельнікаў, якія выконваюць кансэнсус, будуць тыя, хто падтрымлівае прынятую пастанову, але будуць і тыя, хто не падтрымлівае яе, але або не надае пытанню дастатковага значэння, або не можа прывесці досыць пераканаўчых аргументаў на карысць сваёй пазіцыі, а таксама тыя, хто актыўна пратэстуе супраць рашэння, але змушаны яму падпарадкавацца, каб не парушаць правілы Вікіпедыі. (Знойдуцца і актыўныя праціўнікі дасягнутага кансэнсусу, хто паспрабуе дзеяць насуперак заведзеным правілам.) Пераканацца, ці знойдзены насамрэч кансэнсус, можна толькі паспрабаваўшы рухацца наперад, выкарыстоўваючы яго як базу.

У той час як самым важным элементам выпрацоўкі кансэнсусу з’яўляецца ўпэўненасць у тым, што ўсе бакі выслуханы і ўсе аргументы разгледжаны, часцяком бывае вельмі цяжка прыйсці да адзінага рашэння, тым больш калі многія з удзельнікаў дыскусіі насамрэч не імкнуцца да эфектыўнага супрацоўніцтва. Часам узнікаюць сумневы ў магчымасці ўвогуле дасягнуць кансэнсусу па дадзеным пытанні і незразумела, як прасунуцца ў бок яго дасягнення і ў чым ён увогуле можа заключацца.

На практыцы, многія людзі, якія цікавяцца абмяркоўваемым пытаннем, пачынаюць з таго, што проста заходзяць на старонку абмеркавання і ацэньваюць, ці набірае іх уласная пазіцыя хоць бы «большасць галасоў». Хоць такі грубы спосаб дае пэўны арыенцір адносна таго, на чым можна засяродзіць свае высілкі, гэты падыход зусім не з’яўляецца спосабам знаходжання кансэнсусу (ці вызначэннем, як складваецца кансэнсус). Для знаходжання кансэнсусу трэба старанна ацаніць сілу і якасць саміх аргументаў, прыведзеных рознымі бакамі, і адначасна выказаных нюансаў. У складаных сітуацыях таксама варта лішні раз зазірнуць у правілы і рэкамендацыі Вікіпедыі. Толькі такі ўзважаны падыход прымальны для ўдзельніка, які бярэцца распачаць якія-небудзь дзеянні на падставе кансэнсусу, што складаецца ў абмеркаванні.

Меркаванні меншасці, як правіла, адлюстроўваюць істотныя аспекты пытання, а таму дыскусія павінна ставіць сваёй мэтай дасягненне найболей прымальнага кампрамісу. У сітуацыях, калі працягласць дыскусіі ўсталявана загадзя, не з усімі ўдзельнікамі атрымоўваецца дасягнуць кампрамісу ў пастаўленыя тэрміны. У гэтай сітуацыі варта выбраць такі варыянт, які задаволіць асноўную колькасць удзельнікаў (а не проста адносную большасць). Простае ігнараванне аргументаў меншасці здольна толькі прывесці да незлічоных праблем. Па-першае, тым самым можна выпусціць з-пад увагі важныя аспекты пытання, на якія паказвае меншасць, і ўжо неўзабаве можа быць прапанавана перагледзець кансэнсус. Па-другое, такія дзеянні, верагодна, пакінуць процілеглы бок з пачуццём несправядлівасці і крыўды, што прывядзе да асабістага канфлікту — і, магчыма, ужо заўтра «адгукнецца» вам, калі ў меншасці апыняцеся вы.

Такім чынам, прыняцце рашэнняў у Вікіпедыі не засноўваецца на фармальным падліку галасоў: Вікіпедыя — не эксперымент у вобласці дэмакратыі. Галасаванні ці апытанні самі па сабе не з’яўляюцца асновай для прыняцця рашэнняў, і ніхто не абавязаны падпарадкоўвацца іх вынікам, з выняткам некаторых асаблівых выпадкаў, калі гэта абумоўлена правіламі.

Новым удзельнікам, не знаёмым з паняццем кансэнсусу, варта ўсвядоміць, што галасаванне здольна хутчэй пачаць абмеркаванне, а не завяршыць яго. Сапраўдныя рашэнні выпрацоўваюцца менавіта ў выніку дыскусіі. Таму пры правядзенні апытання адказы павінны падмацоўвацца аргументацыяй. Гэта паслужыць добрым пачаткам для дыскусіі і выпрацавання прымальнага кампрамісу. Бывае і так, што ўдзельнік, які добра падрыхтаваўся, можа практычна ў адзіночку схіліць шалі вялікай дыскусіі ў бок сваёй пазіцыі.

Выключэнні

[правіць зыходнік]

Існуюць выключэнні, калі рашэнні прымаюцца інакш, без пошуку кансэнсусу:

  • Заявы Джымба, Рады павераных фонду Вікімедыя ці распрацоўшчыкаў праграмнага забеспячэння Mediawiki, якія датычаць пытанняў заканадаўства (абарона аўтарскіх праў, абарона асабістай інфармацыі, пытанні дыфамацыі) ці нагрузкі на серверы праекта, адразу ж набываюць статус правіла.
  • Правілы раздзела Вікіпедыі на беларускай мове не распаўсюджваюцца на дзеянні прадстаўнікоў адміністрацыі «Фонду Вікімедыя» ў дачыненні да зместу вызначаных артыкулаў, якія маюць мэтай выдаленне спрэчнага ці незаконнага зместу ў сувязі з паступаючымі скаргамі.
  • Рашэнні, прынятыя ўнутры аднаго з праектаў, не могуць змяняць больш агульных рашэнняў, прынятых на аснове шырэйшага кансэнсусу. У рамках таго ці іншага праекта не можа быць прынятая пастанова пра тое, што на артыкулы праекта не распаўсюджваецца тое ці іншае агульнае правіла.
  • Прынцыпы Фонду Вікімедыя ўяўляюць сабою базавыя прынцыпы ўсіх праектаў Вікімедыя і, такім чынам, засноўваюцца на найболей дасягальным кансэнсусе ў рамках усіх праектаў Вікімедыя. Гэтыя кансэнсусы маюць фундаментальны характар, і імі вызначаюцца ўсе астатнія дамовы Вікімедыя і Вікіпедыі.

Выкарыстанне старонак абмеркаванняў

[правіць зыходнік]

Працэс пошуку кансэнсусу не патрабуе абавязковага выкарыстання старонак абмеркавання, аднак па магчымасці для арганізацыі дыскусій варта выкарыстоўваць менавіта гэтыя старонкі. Перад занясеннем істотных правак карысна зазірнуць на старонку абмеркавання артыкула, каб высветліць, ці не абмяркоўвалася гэта пытанне раней. У іншых выпадках праўце смела, бо самае галоўнае ў Вікіпедыі — гэта ўдасканаленне артыкулаў.

Каментарыі да правак абмежаваны па даўжыні, і іх можна няправільна зразумець. У многіх выпадках узнікаюць непаразуменні, калі нечаканая праўка зроблена да таго, як аргументы на яе карысць былі пакінуты на старонцы абмеркавання. Таму ва ўсіх спрэчных і далікатных сітуацыях рэкамендуецца выкарыстоўваць старонкі абмеркавання для аргументацыі істотных змен перад іх занясеннем. І наадварот — калі вы не ўпэўнены наконт чыёй-небудзь праўкі, пачакайце нейкі час, і на старонцы абмеркавання, магчыма, з’явіцца каментарый да яе.

Гл. таксама

[правіць зыходнік]