Вікіпедыя:Прэс-рэлізы/250000

18 студзеня 2025 года колькасць артыкулаў у Беларускай Вікіпедыі дасягнула лічбы 250 000! Юбілейным стаў артыкул Легендарыум Толкіна.
Гэта важная ступень для самай вялікай у свеце энцыклапедыі на беларускай мове, якая развіваецца ахвотнікамі энцыклапедычнай справы з 2006 года. Сёння беларуская Вікіпедыя займае 46-е месца сярод усіх моў свету і 9-е месца з 20 славянскіх раздзелаў Вікіпедыі.
Гэта адбылося дзякуючы ўдзельнікам сям’і праектаў Wikimedia, адміністратарам, даглядчыкам, батаводам, іншым неабыякавым удзельнікам, у тым ліку ананімам, якія робяць унёсак у справу развіцця і прасоўвання свабодных ведаў па-беларуску. Супольнасць займаецца як стварэннем новых артыкулаў на разнастайныя энцыклапедычныя тэмы, многія з якіх звязаны з беларусамі і Беларуссю, так і працуе над якасцю артыкулаў, структурай праекта, яго тэхналагічнай падтрымкай. Колькасць зарэгістраваных удзельнікаў, якія актыўныя ў Беларускай Вікіпедыі, складае больш за 250 чалавек штомесяц. За час існавання раздзела было зроблена каля 5 мільёнаў правак. 336 старонак былі адзначаны супольнасцю за якасць: з іх 87 выдатных артыкулаў, 188 добрых артыкулаў, 61 выдатны спіс.
У 2007 годзе, калі Вікіпедыя «тарашкевіцай» была вынесена ў асобны раздзел, праекту ўдалося прайсці шлях ад звадак і спрэчак да ўпэўненых крокаў наперад. У 2015 годзе ў Беларускай Вікіпедыі было ўжо 100 000 артыкулаў, а пад канец 2020 года колькасць іх дасягнула 200 000. Грамадска-палітычная сітуацыя ў Беларусі і эміграцыя беларусаў з Радзімы запаволілі гэты рост. Але праект працягвае развівацца, цікавасць да яго не падае, з’яўляюцца новыя актыўныя ўдзельнікі ды ўдзельніцы, ствараюцца новыя ініцыятывы. Беларуская вікі-супольнасць запрашае ўсіх ахвочых чытаць і ўдасканальваць Вікіпедыю ды іншыя сумежныя праекты!