Віленская базыльянская друкарня
Віленская базыльянская друкарня, або Віленская Троіцкая друкарня — колішняя друкарня, якая існавала пры Троіцкім манастыры ў Вільні ў XVII — пачатку XIX ст. Заснаваны на базе віленскай друкарні Мамонічаў, якую пасля 1624 года Лявон Мамоніч перадаў ордэну базыльянаў[1].
Мела некалькі варштатаў і наборных шрыфтоў, што дазваляла выдаваць кнігі на славянскай, польскай, лацінскай і французскай мовах. Першыя вядомыя кнігі друкарні — «Катэхізіс» (1628)[1] і «Служэбнік, або Літургікон» (1691). Вядома, што падчас маскоўскай акупацыі 1655 г. быў знішчаны друкарскі прэс[2].
У 1692 годзе спыніла сваю дзейнасць, зноў аднавіла пасля 1760 года[1]. Выпускала богаслужэбную і тэалагічную літаратуру, значную частку якіх складаюць пераклады і перадрукі маскоўскіх выданняў сярэдзіны XVII ст., а таксама панегірыкі, падручнікі, буквары, слоўнікі для школ ордэна[2]: «Буквар славянскай мовы» (1767, 1782), «Буквар польскай мовы» (1783), «Жыціі святых» К. Масіні ў 13 т. (закончана ў 1786), «Лексікон геаграфічны» Г. Карповіча з дзвюма картамі Іларыёна Карпінскага (1766), які ўтрымліваў не толькі важную геаграфічную і гістарычную інфармацыю аб краінах і народах Еўропы і іншых кантынентаў, але і арыгінальныя звесткі пра ваяводствы, паветы, гарады, мястэчкі і нават вёскі Беларусі, Літвы, Польшчы, «Гісторыя Усходніх Індый» Т. Падлескага (1776) і інш. У канцы 18 ст. выдавала паэзію, мастацкую прозу, драматычныя творы, выконвала заказы віленскіх бернардзінцаў і дамініканцаў[1]. У 1778—1809 гг. выйшла каля 67 кніг на кірыліцы (9 — уніяцкія, астатнія — стараверскія), у іх ліку Псалтыры, Часоўнікі, Канонікі, Павучанні Іаана Златавуснага, творы авы Дарафея, Яфрэма Сірына і інш. Усяго ў 1628—1800 гг. выйшла 237 назваў кніг і 81 ананімнае выданне[2].
Аздоба кніг складаецца з арнаментальнай гравюры і заставак, канцовак, ініцыялаў, сюжэтных ілюстрацый рэлігійнай тэматыкі, геаграфічных карт. Выявы Багародзіцы з дзіцем, Яфрэма Сірына, цара Давіда, выкананыя ў канцы 18 ст., адрозніваюцца ад гравюр 17 ст., якія мелі эмблематычны характар. Для друкарні працаваў гравёр Лявонцій Тарасевіч, які зрабіў для «Служэбніка» (Вільня, 1692; Супрасль, 1695) тытульны аркуш, партрэт К. С. Радзівіла і Укрыжаванне[1].
Паказчыкам прадукцыйнасці выдавецкай дзейнасці базыльян і попыту на іх прадукцыю было функцыянаванне ў канцы XVIII ст. у Вільні іх кніжнай крамы. Як адзначаюць даследчыкі, Вільня была асноўным пастаўшчыком уніяцкай кніжнай прадукцыі для Беларусі, а таксама Украіны, дзе да канца XVII ст. не выйшла ніводнай кнігі на ўкраінскай і царкоўнаславянскай мове на карысць рэлігійнаму адзінству[2].
Зноскі
- ↑ а б в г д Віленская базыльянская друкарня // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 688 с. — ISBN 985-11-0314-4 (т. 1), ISBN 985-11-0315-2.
- ↑ а б в г Л. І. Доўнар. Гісторыя беларускай кнігі Архівавана 19 кастрычніка 2016.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Віленская базыльянская друкарня // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 1: А — Аршын / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 1. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0036-6 (т. 1).
- Drukarze dawnej Polski : od XV do XVIII wieku. Z. 5, Wielkie Księstwo Litewskie. Wrocław ; Kraków, 1959
- Кніга Беларусі, 1517—1917: Зводны каталог. Мн., 1986.