Вільгельм Орлік-Рукеман

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Вільгельм Орлік-Рукеман
польск.: Wilhelm Orlik-Rückemann
Дата нараджэння 1 жніўня 1894(1894-08-01)
Месца нараджэння Львоў, Каралеўства Галіцыі і Ладамерыі
Дата смерці 18 кастрычніка 1986(1986-10-18) (92 гады)
Месца смерці Атава, Канада
Месца пахавання
Альма-матар
Грамадзянства
Прыналежнасць  Польшча
Род войскаў пяхота
Гады службы 1914—1947
Званне Брыгадны генерал
Камандаваў 1 танкавы полк (1920—1921, 1922—1927)
23 пяхотная дывізія (1928—1932)
9 пяхотная дывізія (1932—1938)
Корпус аховы памежжа (1939)
Бітвы/войны Першая сусветная вайна
Польска-ўкраінская вайна
Другая сусветная вайна
Польская абарончая вайна
Узнагароды і званні
Медаль за раненні і кантузіі Сярэбраны крыж ордэна «За вайсковую доблесць»
Крыж Незалежнасці
Крыж Незалежнасці
Чатырохразова ўзнагароджаны Крыжом Храбрых
Чатырохразова ўзнагароджаны Крыжом Храбрых
Медаль у гонар дзесяцігоддзя здабыцця незалежнасці (Польшча) Кавалер Вялікага Крыжа ордэна Ганаровага легіёна
Медаль у гонар дзесяцігоддзя здабыцця незалежнасці (Літва)
Залаты крыж Заслугі
Залаты крыж Заслугі
Ордэн Адраджэння Польшчы 1-й ступені
Ордэн Адраджэння Польшчы 1-й ступені
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Вільге́льм Казі́мер О́рлік-Рукема́н (польск.: Wilhelm Orlik-Rückemann; 1 жніўня 1894, Львоў, Каралеўства Галіцыі і Ладамерыі — 18 кастрычніка 1986, Атава, Канада) — польскі ваенны дзеяч, брыгадны генерал Войска Польскага, галоўнакамандуючы польскімі войскамі ў бітве пад Шацкам, апошні камандзір Корпуса аховы памежжа (1939).

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Вільгельм Орлік-Рукеман нарадзіўся 1 жніўня 1894 года ў Львове ў польскамоўнай сям’і яўрэйскага паходжання[1]. Навучаўся ў першай гарадской рэальнай гімназіі, дзе ў 1910—1911 гадах арганізаваў скаўцкі атрад «Вугольчыкі» (польск.: Zarzewie). У наступным годзе паступіў у Вышэйшую політэхнічную школу на факультэт дарожна-маставога будаўніцтва, які не скончыў з-за пачатку Першай сусветнай вайны.

У 1914 годзе далучыўся да польскіх легіёнаў, дзе выслужыўся да афіцэра шостага пяхотнага палка. Ад 13 лістапада да 26 снежня 1915 г. часова выконваў абавязкі каменданта першага батальёна шостага пяхотнага палка, а ад 15 сакавіка да 4 красавіка 1916 г. знаходзіўся на аналагічнай пасадзе ў трэцім батальёне. У 1917 г., пасля крызісу, выкліканага адмовай часткі жаўнераў прысягнуць на вернасць Польскаму Каралеўству, Рукеман быў пераведзены ва ўзброеныя сілы Аўстра-Венгрыі, дзе служыў, у тым ліку, у 19-ым стралковым палку. У наступным годзе скончыў школу афіцэраў рэзерву. 4 лістапада таго ж года быў прыняты на службу ў Войска Польскае. Падчас польска-ўкраінскай вайны быў узяты ў палон, аднак вызвалены пасля падпісання дамовы паміж Юзафам Пілсудскім і Сымонам Пятлюрам. У польска-савецкай вайне зарэкамендаваў сябе як здольны вайскавод і ўжо 16 жніўня 1920 года быў прызначаны камандзірам першага танкавага палка, у якім праслужыў да 1921 года[2].

У 1921 годзе атрымаў дазвол на даданне да радавога прозвішча Рукеман дадатковае імя Казімер Орлік[3]. У 1921—1922 г. працаваў інспектарам танкавых часткаў у Дэпартаменце пяхоты Міністэрства вайсковых спраў. Ад 1922 да мая 1927 г. зноў узначальваў першы танкавы полк. У гэты час паспеў скончыць адукацыйны курс для камандзіраў танкавых падраздзяленняў у французскай Вышэйшай вайсковай школе, пасля сканчэння якога быў прызначаны начальнікам бронетанкавага аддзелу Дэпартамента інжынерыі Міністэрства вайсковых спраў[4]. У студзені 1928 года стаў працаваць на пасадзе другога камандзіра пяхоты 23-й Верхнесілезскай пяхотнай дывізіі ў Катавіцах[5]. Ад 6 снежня 1930 да 31 ліпеня 1931 г. Вільгельм Орлік-Рукеман лічыўся слухачом пятага курсу Цэнтра вышэйшага ваеннага навучання ў Варшаве, пасля заканчэння якога вярнуўся на апошняе месца службы ў якасці першага камандуючага дывізійнай пяхотай.

27 лютага 1932 г. узяў камандаванне дзявятай пяхотнай дывізіяй. 21 снежня таго ж году польскі прэзідэнт Ігнацы Масціцкі павысіў колішняга палкоўніка да брыгаднага генрала са старшынствам у адпаведным корпусе з 1 студзеня 1933 г. У снежні 1938 года быў прызначаны на пасаду намесніка камандзіра Корпуса аховы памежжа, а 31 жніўня 1939 года цалкам прыняў камандаванне гэтым памежным фармаваннем.

Пасля пачатку польскай вераснёвай кампаніі узначаліў давераныя яму ўзброеныя падраздзяленні. Пасля далучэння Савецкага Саюза да ўдзелу ў Другой сусветнай вайне Вільгельм Орлік-Рукеман загадаў перадыслакавацца разам з падлеглымі яму войскамі ў кірунку Варшавы разам з адзінкамі Самадзейнай аператыўнай групы «Палессе» генерала Францішака Клееберга. 20—22 верасня 1939 г. ён вырашыў сканцэнтраваць вялікую колькасць незадзейнічаных у баях з савецкімі войскамі адзінак з двухсоткіламетровага адрэзка ўсходняй мяжы і распачаў паход у заходнім кірунку. Яго злучэнне налічвала каля 9000 памежнікаў, дзве артылерыйскія батарэі, невялікую колькасць узбраення і ежы.

У ноч з 27 на 28 верасня 1939 года злучэнне падыйшло да ўкраінскага мястэчка Шацк. Пасля непрацяглай бітвы з савецкімі войскамі мясцовасць была адваявана ў 52-й стралковай дывізіі, якая пры гэтым панесла значныя страты. 30 верасня акружаныя польскія адзінкі фарсіравалі Буг і падыйшлі да вёскі Вытычна. 1 кастрычніка яны былі атакаваны 45-й савецкай стралковай дывізіяй. Пасля абароны, якая працягвалася цэлы дзень, генерал Орлік-Рукеман выдаў загад аб расфармаванні Корпуса аховы памежжа і адыходзе невялікімі часткамі. Некаторая колькасць жаўнераў, здольная да аброны, уначы адыйшла да тэрыторыі, на якой дзейнічала аператыўная група «Палессе» і працягнула ўдзел у вайне.

Брыгадны генерал разам з жаўнерамі ўцёк ад савецкіх войскаў і неўзабаве эміграваў у Літву, а пасля — у Швецыю. Адтуль, з дапамогай польскага консульства ён выехаў у Вялікабрытанію. Да канца Другой сусветнай вайны працягваў займаць розныя штабавыя пасады, у 1945—1947 гадах служыў у Генеральным сакратараце Польскага корпуса перасялення і размяшчэння ў Вялікабрытаніі. У 1947 годзе Вільгельм Орлік-Рукеман выйшаў у адстаўку і застаўся ў эміграцыі: спачатку жыў у Лондане, а ў 1972 г. пераехаў да сям'і ў Канаду. Памёр у Атаве 18 кастрычніка 1986 года і быў пахаваны на мясцовых могілках[6].

Быў жанаты на Розе Фаянс, якая паходзіла з вядомай варшаўскай сям'і Фаянсаў, уладальнікаў судаходнай кампаніі «Рух па Вісле» і актыўных дзеячоў яўрэйскай грамады.

Вайсковыя званні[правіць | правіць зыходнік]

  • 9 жніўня 1915 — падпаручнік
  • 11 кастрычніка 1915 — паручнік
  • 3 мая 1922 — падпалкоўнік (старшынства падцверджана 1 чэрвеня 1919 года; 164 нумар у корпусе афіцэраў пяхоты)
  • 1 снежня 1924 — палкоўнік (старшынства падцверджана 15 жніўня 1924 года; 32 нумар у корпусе афіцэраў пяхоты)
  • 21 снежня 1932 — брыгадны генерал (старшынства падцверджана 1 студзеня 1933 года; 2 нумар у корпусе генралаў)

Узнагароды[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Dziennik Personalny M.S.Wojsk. Nr 40 z 23.11.1921 r., poz. 1852.. — Warszawa: M.S.Wojsk., 1921.
  • Dziennik Personalny M.S.Wojsk. Nr 14 z 05.05.1927 r.. — Warszawa: M.S.Wojsk., 1927.
  • Dziennik Personalny M.S.Wojsk. Nr 28 z 23.12.1927 r.. — Warszawa: M.S.Wojsk., 1927.
  • Ignacy Bukowski. Z minionych lat. Wspomnienia oficera sztabu. — Warszawa, 1974.
  • Odprawa Nr 44 Komendy Legionów Polskich 17 lutego 1917 roku w Warszawie. — Centralne Archiwum Wojskowe sygn. I.120.1.295a. — Warszawa, 1917.
  • Z żałobnej karty. — „Biuletyn”. Nr 21, s. 115, Grudzień 1971.. — London: Koło Lwowian w Londynie, 1971.