Віндзішбергердорф
| Раён горада | |||
| Віндзішбергердорф | |||
|---|---|---|---|
| ням.: Windischbergerdorf | |||
|
|||
| 49°14′14″ пн. ш. 12°42′36″ у. д.HGЯO | |||
| Краіна |
|
||
| Зямля | Баварыя | ||
| Акруга | Верхні Пфальц | ||
| Горад | Кам | ||
| Гісторыя і геаграфія | |||
| Першая згадка | 1204 | ||
| Ранейшыя назвы | Пухбергердорф | ||
| Раён горада з | 1978 | ||
| Вышыня цэнтра | 404 м[1] | ||
| Часавы пояс | UTC+1, летам UTC+2 | ||
| Насельніцтва | |||
| Насельніцтва | 990 чалавек (1987) | ||
| Лічбавыя ідэнтыфікатары | |||
| Тэлефонны код | +49 9971 | ||
| Паштовы індэкс | 93413 | ||
| Аўтамабільны код | CHA | ||
Віндзішбергердорф (ням.: Windischbergerdorf) — раён горада Кам у акрузе Верхні Пфальц, зямля Баварыя, Германія. Знаходзіцца прыблізна за 4 км ад цэнтра Кама. У 1947—1949 гадах тут дзейнічаў лагер для перамешчаных асоб, які стаў важным асяродкам беларускай эміграцыі.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Гісторыя паселішча пачынаецца ў Сярэднявеччы, калі на гары Гальгенберг стаяў імперскі замак, які ахоўваў гандлёвы шлях у Багемію. Уладальнікі замка называлі сябе Пухбергерамі (адсюль першапачатковая назва вёскі — Пухбергердорф). У 1204 годзе ў дакументах згадваецца Ота фон Пухберг.
Назва Віндзішбергердорф упершыню сустракаецца ў 1574 годзе. Прыстаўка «Віндзіш» (ням.: windisch — вендскі, славянскі) служыла для адрознення вёскі ад Грос-Бергердорфа (каля Пемфлінга) і паказвала на яе блізкасць да тэрыторыі рассялення славян (Багеміі).
Мясцовы маёнтак неаднаразова мяняў уладальнікаў. У 1740 годзе будынкі былі часткова разбураны пандурамі, а ўладальнік Фелікс Бахль забіты. Пазней маёнтак быў адноўлены, але з цягам часу страціў сваё значэнне[2].
1 мая 1978 года ў ходзе адміністрацыйнай рэформы абшчына Віндзішбергердорф (разам з вёскамі Камердорф, Котмайслінг і Шламерынг) была ўключана ў склад горада Кам[3].
Беларускі лагер для перамешчаных асоб пасля Другой сусветнай вайны
[правіць | правіць зыходнік]У маі 1947 года ў Віндзішбергердорф была перавезена група беларускіх эмігрантаў (каля 500 чалавек), вылучаная з іншанацыянальных лагераў. Іх рассялілі па драўляных бараках на схіле пагорка каля шашы Кам—Фурт, дзе ў гады вайны жылі палонныя ці рабочыя[4].
Беларусы наладзілі ў лагеры для перашчаных асоб актыўнае грамадскае жыццё. Адзін з баракаў быў перабудаваны пад праваслаўную царкву. Дзейнічалі дзіцячы садок і пачатковая школа. Быў арганізаваны скаўцкі звяз (45 сяброў) і аддзяленне Згуртавання беларускіх ветэранаў[4].
4 кастрычніка 1948 года ў Віндзішбергердорф прыбыла група беларусаў з лагера Міхельсдорф, у тым ліку Беларуская гімназія імя Янкі Купалы на чале з дырэктарам Аляксандрам Орсам. Гімназія працягвала працу ў лагеры да канца навучальнага года. У снежні 1948 года тут урачыста адзначалася 3-годдзе гімназіі[4].
15 чэрвеня 1949 года беларускі лагер быў ліквідаваны, а яго жыхары перавезены ў Розенгайм (Верхняя Баварыя)[4].
Славутасці
[правіць | правіць зыходнік]- Касцёл Святога Міхаіла — каталіцкі храм, пабудаваны ў 1946—1951 гадах.
- Фантан аўтарства Ёзэфа Міхаэля Нойштыфтэра на вясковай плошчы.
- Статуя святога Яна Непамуцкага.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Top50
- ↑ Windischbergerdorf. EBIDAT - Burgendatenbank des Europäischen Burgeninstitutes. Праверана 20 студзеня 2025.
- ↑ Statistisches Bundesamt (Hrsg.): Historisches Gemeindeverzeichnis für die Bundesrepublik Deutschland. Namens-, Grenz- und Schlüsselnummernänderungen bei Gemeinden, Kreisen und Regierungsbezirken vom 27. 5. 1970 bis 31. 12. 1982. Stuttgart/Mainz: W. Kohlhammer GmbH. 1983. p. 644. ISBN 3-17-003263-1.
- ↑ а б в г Вініцкі 1994.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Алесь Вініцкі. Матар’ялы да гісторыі беларускай эміграцыі ў Германіі ў 1939—1951 гадох. — Мінск: Тэхналогія, 1994. — 233 с.