Валянцін Рыгоравіч Вячорка

З пляцоўкі Вікіпедыя
(Пасля перасылкі з Вінцук Вячорка)
Перайсці да: рух, знайсці
Валянцін Рыгоравіч Вячорка

Валянці́н Рыго́равіч Вячо́рка, вядома таксама як Вінцу́к Вячо́рка (нар. 7 ліпеня 1961, Брэст) — старшыня БНФ «Адраджэнне» і партыі БНФ (1999—2007), філолаг, выкладчык, журналіст, палітвязень Беларусі.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся 7 ліпеня 1961 г. у Брэсце. Бацька быў памочнікам Першага сакратара Камуністычнай партыі Беларусі П. М. Машэрава, затым - намеснікам старшыні Дзяржплана БССР.

З 1975 жыве ў Мінску. Яшчэ падчас вучобы ў школе ў яго заўважылі праявы вальнадумства. Ён свядома пайшоў на філалагічны факультэт БДУ па спэцыяльнасці беларуская і расійская мова і літаратура. Скончыў філалагічны факультэт БДУ (1983), аспірантуру Інстытута мовазнаўства Акадэміі навук БССР (1986). Працаваў выкладчыкам у Мінскім дзяржаўным педагагічным інстытуце, з 1988 — журналіст, з 1990 — выкладчык Беларускага гуманітарнага ліцэя, з 1.1.1991 — супрацоўнік, потым намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Спадчына». Няўдала балатаваўся Вярхоўны Савет XII і XIII скліканняў.

Як мовазнаўца вывучаў мову выданняў Заходняй Беларусі міжваеннага часа, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаванне беларускага класичнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.[1][2]

Разведзены, трое дзяцей - Радаслава, Ружана і Францішак.

З 1979 года актыўна ўдзельнічае ў нацыянальна-дэмакратычным руху Беларусі, неаднаразова арыштоўваўся і штрафаваўся за ўдзел у масавых грамадскіх акцыях, у знак пратэсту ў зняволенні трымаў галадоўку (крас. 1996, пасля «Чарнобыльскага шляху»). Адзін з стваральнікаў і кіраўнікоў моладзевых груп і арганізацый «Майстроўня» (1979—1984), «Талака» (1986—1989), Канфедэрацыі беларускіх моладзевых аб'яднанняў (1988—1989). У 1979-1985 гг. браў удзел у дзейнасці самвыдавецкай суполкі «Беларуская Талеранцыйная Грамада». У 1985 г. быў адным з заснавальнікаў Клуба імя У.Караткевіча. У 1986-1990 гг. уваходзіў у групу «Незалежнасць». У 1986-1987 разам з Сяргеем Дубаўцом і Алесем Бяляцкім выдаваў самвыдавецкі часопіс «Бурачок», які выклікаў пільную ўвагу КДБ. З 1990 па 1993 уваходзіў у склад рэдакцыі «Навін Беларускага Народнага Фронта «Адраджэнне».

Адзін з заснавальнікаў БНФ (член Аргкамітэта, 1988), узначальваў Камісію праграмных дакументаў, член Сойма. Намеснік старшыні БНФ (1995—1999), старшыня БНФ «Адраджэнне» і партыі БНФ (1999—2007).Адзін з аўтараў тэксту праграмы БНФ. Стваральнік і кіраўнік няўрадавай грамадскай арганізацыі асветніцкай скіраванасці — Цэнтра «Супольнасць» (з 1995). Старшыня працоўнай групы Асамблеі няўрадавых арганізацый Беларусі (1999—2000). Падчас кампаніі па выбарах Прэзідэнта Беларусі 2006 года быў даверанай асобай адзінага кандыдата ў прэзідэнты ад дэмакратычных сіл Аляксандра Мілінкевіча. З мая 2007 года — сустаршыня Палітрады аб'яднаных дэмакратычных сіл, адказвае за інфармацыйна-мабілізацыйную працу і міжнародныя адносіны.


17.12.2005 перавыбраны старшынёй Партыі БНФ і грамадскага аб'яднання "Беларускі народныя фронт «Адраджэнне». Намеснікамі кіраўніка партыі абраныя Аляксей Янукевіч, Юрый Хадыка, Віктар Івашкевіч, Алесь Міхалевіч. У снежні 2007 на 9 з'ездзе Партыі БНФ кіраўніком партыі абраны Лявон Баршчэўскі. На з'ездзе Партыі БНФ 9.12.2007 абраныя намеснікі старшыні партыі. Першым намеснікам, кіраўніком камісіі па міжнароднай дзейнасці абраны Вінцук Вячорка. За яго кандыдатуру прагаласавалі 173 дэлегата з'езду з 237. Намеснікам старшыні Партыі БНФ па арганізацыі палітычных кампаній і працы з мэтавымі групамі — Віктар Івашкевіч. За яго прагаласавалі 202 дэлегата. Намеснікам старшыні Партыі БНФ па партыйным будаўніцтве і арганізацыйных пытаннях абраны Алесь Міхалевіч (131), па працы з рэгіянальнымі структурамі — Юрый Губаревіч (116), па інфармацыйна-ідэалагічнай працы — Аляксей Янукевіч (134).

Выступае ў беларускім і замежным перыядычным друку па грамадска-палітычным пытаннях.

Вінцук Вячорка адчуў на сабе прэсінг з боку недэмакратычнай улады яшчэ за савецкім часам: 13 чэрвеня 1984 г. ён быў затрыманы за ўдзел у мітынгу пратэсту супраць зноса будынка тэатра 19 стагоддзя ў Мінску ў раёне кансэрваторыі.

Супраць Вінцука Вячоркі была распачата крымінальная справа ў сувязі з падзеямі 25 сакавіка 1996 г., калі было разагнана святочнае шэсце ў гонар Дня Волі. В. Вячорка быў абвінавачаны ў ціску на супрацоўніка Цэнтральнага райаддзела міліцыі Мінска. Акрамя таго, раніцай 27 красавіка 1996 г., пасля разагнанага напярэдадні «Чарнобыльскага Шляха», Вінцука Вячорку затрымала міліцыя ў двары дома, дзе ён жыў. Чацвёра сутак палітык правёў пад арыштам і быў вызвалены толькі таму, што адразу ж пачаў галадоўку пратэста. Крымінальная справа супраць В. Вячоркі была спынена толькі праз паўтара года.

8 сакавіка 2006 г. В. Вячорка, як давераная асоба А.Мілінкевіча, у адным з раёнаў Мінска ўдзельнічаў у сустрэчы апазіцыйнага кандыдата ў прэзідэнты з выбаршчыкамі. Праваахоўныя органы расцанілі гэтую сустрэчу як несанкцыянаваны мітынг. В. Вячорка быў прызнаны адным з арганізатараў і актыўных удзельнікаў несанкцыянаванага мітынгу і асуджаны да 15 сутак адміністрацыйнага арышту.[3]

В. Вячорка спрабаваў зарэгістравацца кандыдатам у дэпутаты на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у 2008 г. Але выбаркам адмовіў яму ў рэгістрацыі.[4]

Кандыдат у дэпутаты Мінскага гарадскога савета па 43-й Мірашнічэнкаўскай акрузе на выбарах дэпутатаў Мінскага гарсавета 26-га склікання у 2010 г.[5]

У 2016 г. Вінцук Вячорка выпусціў кнігу навукова-папулярных нарысаў пра адметнасці беларускай мовы. Прэзентацыя выдання «Па-беларуску з Вінцуком Вячоркам» адбылася 19 мая 2016 г.ў мінскай галерэі «Ў».[6]

07 жніўня 2017 Вінцук Вячорка прэзэнтаваў у Баранавічах кнігу «Не сьмяшыце мае прыназоўнікі».[7]

Творы[правіць | правіць зыходнік]

Кнігі[правіць | правіць зыходнік]

  • Кароткая граматыка літоўскай мовы / В. Р. Вячорка; [пад агул. рэд. Л. Баршчэўскага]. — Мн.: Радыёла-плюс, 2010. — 113, [1] с. — (Беларускія ЕўраГраматыкі). — ISBN 978-985-448-091-6.
  • Па-беларуску з Вінцуком Вячоркам. - [Б. м.]: Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2016. — 352 с. — (Бібліятэка Свабоды, XXI стагоддзе). — ISBN 978-0-929849-79-9.
  • Не смяшыце мае прыназоўнікі. - [Б. м.]: Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2017. — 316 с. — (Бібліятэка Свабоды, XXI стагоддзе). — ISBN 978-0-929849-84-3.
  • Пра герб і сцяг. — Мн., 1993;

Артыкулы[правіць | правіць зыходнік]

  • Правапіс. Спроба сучаснае нармалізацыі // Спадчына. — 1995. — № 5. — С.

Зноскі

  1. https://www.svaboda.org/author/94005.html Вінцук Вячорка
  2. http://knihi.com/Vincuk_Viacorka/
  3. http://newyork.ru/common/humor/story.php/256421?id_cr=
  4. https://spring96.org/be/news/24186 Апазіцыя лічыць адмову ў рэгістрацыі кандыдатаў палітычным рашэннем
  5. http://news.21.by/politics/2010/04/26/20857.html Вінцук Вячорка будзе абскарджваць вынікі галасавання па выбарах дэпутатаў Мінгарсавета
  6. http://naviny.by/rubrics/culture/2016/05/20/ic_news_117_475263 Вінцук Вячорка прэзентаваў кнігу нарысаў пра адметнасці беларускай мовы
  7. https://www.svaboda.org/a/28662800.html Вінцук Вячорка прэзэнтаваў у Баранавічах кнігу «Не сьмяшыце мае прыназоўнікі»

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]


Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Вячорка Винцук // Кто есть кто в Республике Беларусь: Электронный справочник; БДГ on-line. — Эл. ресурс bdg.by
  • Вечёрка Винцук // Кто есть кто в Беларуси. Хто ёсць хто ў Беларусі. Who’s who in Belarus / Складальнікі В. Голубеў, А. Кіжэ, А. Смольскі, В. Трыгубовіч, Г. Ахметава, В. Чуйко. — М.: Кніжны дом «Университет», 1999. — 176 с. ISBN 5-8013-0068-6
  • Дубавец, С. Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду / Сяргей Дубавец ; фота А. Канцавога. — [Б. м.] : Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2012, — 457 с.
  • Palitviazni.info — 2013. — С.285-287