Віцебскае народнае мастацкае вучылішча

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку
Будынак Віцебскага народнага мастацкага вучылішча, былая вуліца Бухарынская, 10

Віцебскае народнае мастацкае вучылішча — установа адукацыі ў Віцебску. Калегія па справах мастацтваў і мастацкай прамысловасці НКА РСФСР 12 верасня 1918 года прыняла пастанову пра прызначэнне Марка Шагала на пасаду ўпаўнаважанага па справах мастацтваў Віцебскай губерні. У петраградскай газеце "Мастацтва Камуны" з'явіўся зварот Шагала да мастакоў з запрашэннем прыехаць у Віцебск для выкладання. Першымі адгукнуліся Іван Пуні, Ксенія Багуслаўская, Надзея Любавіна, Іван Цільбергз, Мсціслаў Дабужынскі.

Прыём у Віцебскае мастацкае вучылішча (у дакументах называлася таксама Віцебская народная мастацкая школа) пачаўся з 11 лістапада 1918 года. Афіцыйнае адкрыццё вучылішча адбылося 28 студзеня 1919 года ў памяшканні былога дому банкіра Вішняка па вуліцы Бухарынскай, 10 (цяпер вуліца Газеты «Праўда»). Першым дырэктарам яго стаў М. В. Дабужынскі, які прапрацаваў тут са снежня 1918 да лютага 1919 года.

Выкладчыкі[правіць | правіць зыходнік]

Мсціслаў Дабужынскі навучаў кампазіцыі, маляванню з натуры, напісанню партрэтаў і нацюрмортаў; Іван Пуні адкрыў у школе майстэрню плаката; Ксенія Багуслаўская арганізавала майстэрню сучаснага прыкладнога мастацтва; Іван Цільберг — скульптурную майстэрню; Надзея Любавіна — падрыхтоўчую, Аляксандр Ром — майстэрню рысунка. Асобнае месца ў рабоце школы займала «Вольная майстэрня» Марка Шагала, арганізаваная на манер парыжскіх акадэмій. Асноўны ўпор у ёй рабіўся на самастойную працу навучэнцаў.

Прыезд Малевіча. Ад'езд Шагала[правіць | правіць зыходнік]

Прыезд у Віцебск у лістападзе 1919 года Казіміра Малевіча, вядомага авангардыста і стваральніка супрэматызму, адзначыў новы этап у жыцці вучылішча. Галоўным спосабам зносін настаўніка з вучнямі сталі лекцыі, даклады і гутаркі.

Майстэрня Малевіча набыла папулярнасць сярод навучэнцаў, якія сталі пераходзіць да Казіміра Севярынавіча з іншых класаў. Асаблівай папулярнасцю карысталася аб'яднанне «Утвердителей нового искусства» (УНОВИС), якое канчаткова сфарміравалася ў лютым 1920 года. Найбольш актыўнымі членамі УНОВИСа былі: К. С. Малевіч, В. М. Ермалаева, Н. О. Коган, Л. М. Лісіцкі — сярод выкладчыкаў; І. Г. Чашнік, І. І. Чарвінка, Г. І. Наскоў, Л. А. Юдзін, Іван Гаўрыс, Л. М. Хідзекель — сярод вучняў. Займаючы афіцыйную пасаду кіраўніка майстэрні, К. С. Малевіч стварыў абсалютна новую сістэму выкладання - Адзіную аўдыторыю жывапісу УНОВИСа, у якую аб'ядналіся ўсе майстэрні за выключэннем акадэмічнай і скульптурнай. Наватарскія метады адукацыі ва УНОВИСе дазвалялі вучням удасканальваць ідэі сваіх педагогаў і выяўляць самастойнасць у спосабах рэалізацыі ідэй супрэматызму. Таму не выпадкова, што ўжо ў 1920 г. адбылася "Першая выстава УНОВИСа" ў Маскве, а ў чэрвені гэтага ж года члены аб'яднання ўдзельнічалі ў Першай Усерасійскай канферэнцыі выкладчыкаў і навучэнцаў дзяржаўных вольных мастацкіх майстэрняў, а таксама сталі аднымі з першых сярод новых мастацкіх школ краіны.

28 студзеня 1920 года Віцебскае мастацкае вучылішча святкавала свае першыя ўгодкі. У гонар юбілею ў навучальнай установе была арганізавана «Другая справаздачная выстава вучняў».

5 чэрвеня 1920 года Марк Шагал пакінуў г. Віцебск. Паводле загаду Аддзела ІЗО НКП РСФСР ад 19 чэрвеня 1920 года майстэрні ўзначаліла В. М. Ермалаева.

Заняпад[правіць | правіць зыходнік]

У канцы лістапада 1921 года ў сувязі са зменай дзяржаўнай палітыкі ў вобласці фінансавання ўстаноў мастацкай адукацыі Віцебскія вышэйшыя дзяржаўныя мастацкія тэхнічныя майстэрні былі зняты мясцовымі органамі ўлады з дзяржзабеспячэння. Установа апынулася ў вельмі бядотным становішчы: для аплаты ацяплення і асвятлення майстэрняў прадавалася частка інвентара. Крэдыты, якія атрымліваліся з цэнтру, цалкам ішлі на выплату заработнай платы і на гаспадарчыя патрэбы.

На пачатку 1922 года Віцебскія вышэйшыя дзяржаўныя мастацкія тэхнічныя майстэрскія былі рэарганізаваны ў Віцебскі мастацка-практычны інстытут (у дакументах ён упамінаецца таксама як Віцебскі мастацкі інстытут, або Мастацкі практычны інстытут) Главпрофобра НКА РСФСР. У гэты час у інстытуце працавалі наступныя майстэрні: жывапісная, скульптурная, графічная і дрэваапрацоўчая са спецыяльнай мастацка-такарнай майстэрняй. Меркавалася адкрыць таксама педагагічную. Рэктарам інстытута была прызначана В. Ермалаева, педагагічны савет інстытута ўзначаліў Ю. Пэн. У інстытуце навучанне вялося ў двух кірунках: з аднаго боку, на падставе рэалістычнага метаду выкладання Ю. Пэна; з другога - на аснове рэалізацыі ідэй супрэматызму ў класах К. Малевіча, Н. Коган, В. Ермалаевай. Працягваліся пошукі новых формаў, ігнараваліся традыцыі, вучні ўдзельнічалі ў эксперыменце. Разам з настаўнікамі яны не столькі малявалі з натуры, як прадугледжвала акадэмічная школа, колькі размяшчалі на паперы трохвугольнікі, шматвугольнікі, прамавугольнікі розных колераў і памераў, ствараючы відарысы розных прадметаў і збудаванняў.

У канцы мая 1922 года з Віцебска з'ехаў К. С. Малевіч, затым — Н. Коган, а 15 жніўня 1922 года В. М. Ермалаева перадала справы І. Т. Гаўрысу, які стаў выконваючым абавязкі рэктара Віцебскага мастацка практычнага інстытута. У гэтым жа годзе сваю педагагічную дзейнасць у інстытуце пачалі А. Бразер, С. Юдовін.

1922/23 вуч. год стаў апошнім у дзейнасці інстытута. Да восені ў яго штаце засталося пяць выкладчыкаў: І. Гаўрыс, Ю. Пэн, С. Юдовін, А. Бразер і Я. Мінін. Іван Трафімавіч з калегамі прыкладаў усе намаганні, каб арганізаваць навучальны працэс, забяспечыць яго матэрыяльную базу, але вырашыць гэту задачу тады не атрымалася. Малады кіраўнік не стаў аўтарытэтнай фігурай у вачах мясцовых улад, не было ў яго падтрымкі, як калісьці ў М. Шагала і ў В. Ермалаевай, і са сталіцы.

У студзені 1923 г. спынілі сваю дзейнасць УНОВИС, малярная, скульптурная майстэрні інстытута, быў закрыты Музей сучаснага мастацтва.

У сакавіку 1923 г. Віцебскі губпрафад прапанаваў Мастацка-практычнаму інстытуту пераехаць у новы будынак, а памяшканне па вул. Бухарынскай, 10 перадаць Віцебскаму музычнаму тэхнікуму, якому раней быў прадстаўлены 1-ы паверх будынка. Інстытут адмовіўся выканаць дадзенае патрабаванне, настойваючы, у сваю чаргу, на перасяленні тэхнікума.

Беларускі дзяржаўны мастацкі тэхнікум[правіць | правіць зыходнік]

З 1924 года, пасля далучэння Віцебскай губерні да Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР), Віцебскі мастацкі тэхнікум быў перайменаваны ў Беларускі дзяржаўны мастацкі тэхнікум і стаў падпарадкоўвацца Галоўнаму ўпраўленню прафесійнай адукацыі Народнага Камісарыята Асветы БССР.

5 верасня 1923 года на пасаду дырэктара тэхнікума быў прызначаны скульптар Міхаіл Аркадзевіч Керзін, які да гэтага ўзначальваў Мастацкі тэхнікум у горадзе Веліж.

Віцебскі мастацкі тэхнікум, які ў верасні 1923 года пераехаў ужо ў будынак былой сінагогі, неўзабаве перасяліўся ў іншы будынак на скрыжаванні вуліц Біржавай і Валадарскага (цяпер вуліцы Маякоўскага і Суворава), больш прыдатны для арганізацыі навучальнага працэсу, і размяшчаўся ў ім да пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

Калі ў 1926 годзе адбыўся першы выпуск Беларускага дзяржаўнага мастацкага тэхнікума, у складзе якога было пяць жывапісцаў і два скульптары, мала хто меркаваў, што з гэтага часу навучальная ўстанова ператворыцца ў кузню мастацкіх кадраў Беларусі.

Вучні і выкладчыкі тэхнікума ўдзельнічалі ў шэрагу выстаў у Маскве, Ленінградзе, Мінску. Напрыклад, экспанаваліся творы на 1-й Усебеларускай мастацкай выставе, на якой быў асобны раздзел «Творы вучняў Віцебскага мастацкага тэхнікума». Педагогі і вучні ўдзельнічалі таксама ў стварэнні праекта Дзяржаўнага Герба БССР (быў зацверджаны праект Герба БССР, распрацаваны настаўнікам тэхнікума В. Волкавым), у афармленні г. Віцебска да святаў, у дзейнасці Віцебскага краязнаўчага таварыства, у складанні экспазіцыі музея пры тэхнікуме. Найбольш здольныя выпускнікі тэхнікума накіроўваліся для паглыблення прафесійных ведаў у вышэйшыя мастацкія навучальныя ўстановы краіны, а з 1933 — ва Усерасійскую Акадэмію Мастацтваў у Ленінградзе. Сярод выпускнікоў навучальнай установы былі народны мастак СССР 3. Азгур; народныя мастакі БССР А. Бембель, А. Глебаў, Я. Зайцаў, Я. Мікалаеў, С. Селіханаў, В. Цвірка; заслужаныя дзеячы мастацтваў БССР А. Гугель, Лазар Ран, К. Касмачоў, Раіса Кудрэвіч, Н. Воранаў, П. Масленікаў, а таксама мастакі А. Арлоў, М. Аўчыннікаў, У. Вярвенскі, Л. Дзерваедаў, А. Жораў, Г. Ізмайлаў, М. Калішэвіч, Б. Каплан, В. Капыценка, А. Пашута, Ш. Пікус, Я. Саматыя, І. Фянюк і іншыя.

У 1939 годзе Беларускі дзяржаўны мастацкі тэхнікум быў рэарганізаваны ў Віцебскае мастацкае вучылішча НКА БССР. Тэрмін навучання ў вучылішчы павялічыўся да пяці гадоў; дзейнічала мастацка-педагагічнае аддзяленне са спецыялізацыямі: жывапіс, скульптура і графіка, а таксама мастацка-графічнае і клубна-афарміцельскае.

Дзейнасць Віцебскага мастацкага вучылішча ў чэрвені 1941 была прыпынена ў сувязі з акупацыяй Віцебска нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

Інфармацыі пра тое, што пасля Вялікай Айчыннай вайны праца вучылішча была адноўлена, у дакументах Дзяржархіва Віцебскай вобласці не выяўлена. У «Звестках пра сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы вобласці па стане на 1 красавіка 1946 г.», якія захоўваюцца ў фондзе Віцебскага абкама КПБ, значыцца Мастацкі тэхнікум, арганізаваны ў 1923 г. Але ў графе «Колькасць навучэнцаў на 1946 год» стаіць прочырк.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Віцебскае народнае мастацкае вучылішча // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 4: Варанецкі — Гальфстрым. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 4), ISBN 985-11-0035-8.
  • Витебск: Классика и Авангард : история Витебского художественного училища в документах Государственного архива Витебской области (1918—1923) / сост. М. В. Пищуленок [и др.]. — Витебск, 2004. — 336 с.
  • Лисов А. Г. Витебское народное художественное училище / А. Г. Лисов // Республика Беларусь : энциклопедия : в 6 т. / ред. Г. П. Пашков [и др.]. — Мн., 2006. — Т. 2. — С. 718.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]