Віцебская абласная бібліятэка

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку
Віцебская абласная бібліятэка
55°11′13″ пн. ш. 30°12′15″ у. д.HGЯO
Тып публічная
Краіна Беларусь
Адрас 210601, вул. Леніна, д. 8а
Фонд
Склад фонду кнігі, перыёдыка
Аб'ём фонду 708 622 асобнікі (2017 г.)
Доступ і карыстанне
Умовы запісу пашпарт, фатаграфія, плата за білет (1,5 руб.)
Выдача штогод 868 215 асобнікаў (2016 г.)
Абслугоўванне 852 520 (2016 г.)
Колькасць чытачоў 44 117 (2017 г.)
Іншая інфармацыя
Бюджэт 1224,6 тыс. рублёў (2016 г.; $612,4 тыс.)
Дырэктар Таццяна Адамян
Супрацоўнікі 110 (2017 г.)[1]
Вэб-сайт vlib.by/index.php/by

Дзяржаўная ўстанова «Віцебская абласная бібліятэка імя У. І. Леніна» — дзяржаўная бібліятэка Беларусі, заснаваная ў студзені 1929 года ў Віцебску ў якасці аддзялення Беларускай дзяржаўнай бібліятэкі. На канец 2016 г. змяшчала 708 622 асобнікі выданняў. За 2016 г. 44 117 чытачоў (12 % насельніцтва Віцебску, 3,7 % насельніцтва Віцебскай вобласці) ажыццявілі 852 520 наведванняў бібліятэкі, падчас якіх атрымалі 868 215 асобнікаў выданняў (па 19,7 на чытача)[1].

На 2017 г. бібліятэка працавала з панядзелка па чацвер з 10:00 да 21:00, у суботы і нядзелі — з 10-ай да 18-ай гадзіны. Аддзел дзіцячай літаратуры па пр. Будаўнікоў, д. 10 працаваў з панядзелка па пятніцу і ў нядзелі з 10:00 да 19:00[2]. Чытачы з прапіскай у Віцебску мелі права браць да 5 выданняў з абанементу (на дом) на тэрмін да 30 дзён[3]. За плату бібліятэка ажыццяўляла: капіраванне; сканаванне; выдачу дакументаў з чытальні на дом; бронь дакументаў; раздрукоўку; брашураванне аркушаў спружынай; складанне бібліяграфічнага апісання; нарады і выстаўкі; заняткі па інфарматыцы, літаратуры і англійскай, нямецкай і французскай мовах[4]. За 2016 г. бібліятэка выканала платных паслуг на 13137,21 руб. ($6569,26)[1].

Назва[правіць | правіць зыходнік]

У кастрычніку 2003 года, у рамках ініцыятывы Віцебскай абласной арганізацыі Таварыства беларускай мовы па ўшанаванні памяці да 80-годдзя Васіля Быкава, было прапанавана назапць абласную бібліятэку ў гонар вялікага беларускага пісьменніка радзіма якога знаходзіцца на Віцебшчыне. Ідэю перайменавання падтрымалі таксама грамадскія актывісты Віцебска і Кансерватыўна-Хрысціянская партыя — БНФ. Але, арганізацыі пенсіянераў і ветэранаў Віцебска выступілі супраць. Яны прывялі аргумент (ліст Раўзона ў газеце «Віцебскі рабочы»), што «Быкаў, канечне, неблагі пісьменнік, але параўнаць яго з Леніным немагчыма».

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

1 студзеня 1929 года ў Віцебску (Беларуская ССР) па вуліцы Валадарскага, д. 1/3 заснавалі Віцебскае аддзяленне Беларускай дзяржаўнай бібліятэкі (БДБ). Аснову кнігазбору склалі бібліятэкі археалагічнага інстытута, Інстытута народнай адукацыі і Віцебскага аддзялення Беларускага дзяржаўнага музея. Пры стварэнні кнігазбор налічваў 35 тыс. кніг. Працавалі 5 аддзелаў: агульны, беларусазнаўчы, яўрэйскі, замежных і старадрукаваных кніг, перыядычнай літаратуры. Бібліятэка мела 3 супрацоўнікаў, статус навуковай і папаўнялася паступленнямі з Беларускай кніжнай палаты. З 1934 г. бібліятэка пачала атрымліваць 2 абавязковыя платныя асобнікі беларускіх выданняў і мела 558 чытачоў. У 1937 г. лік супрацоўнікаў вырас да 4[5].

У 1938 г. Віцебскае аддзяленне Дзяржаўнай бібліятэкі БССР пераўтварылі ў Віцебскую абласную бібліятэку ў сувязі са стварэннем Віцебская вобласці. У маі 1941 г. налічвалася 9 бібліятэкараў. Пасля пачатку 22 чэрвеня 1941 г. Вялікай Айчыннай вайны частку кнігазбору вывезлі на ўсход. У час нямецкая акупацыі бібліятэку разбурылі. У жніўні 1944 г. бібліятэка ўзнавіла дзейнасць пасля адновы кнігазбору пры дапамозе Дзяржаўнага фонду літаратуры СССР, які паставіў кнігі з Масквы, Ленінграда і Казахскай ССР. У 1967 г. бібліятэка пераехала ў новы будынак плошчай каля 5000 м² з чытальнямі на 500 месцаў[5].

На май 2012 года ў Віцебскай абласной бібліятэцы было 118 супрацоўнікаў сярэдняга ўзросту каля 39 гадоў. У фондах размяшчалася 710 тыс. асобнікаў выданняў. Налічвалася звыш 56 000 чытачоў, што было найбольшым паказчыкам сярод абласных бібліятэк Беларусі[6].

За 2016 г. абслужыла 44 117 (99,3 %) непасрэдных і 308 аддаленых чытачоў, з іх 4210 (9,5 %) дзяцей ва ўзросце да 15 гадоў. Чытачы атрымалі 868 215 асобнікаў выданняў (19,7 выдання на чытача, абарачальнасць фонду 1,2). Сярэднедзённая выдача склала 2894 асобнікаў. Адбылося 852 520 непасрэдных наведванняў бібліятэкі і 621 084 наведванні яе сайта. За 300 каляндарных дзён працы сярэднедзённая наведвальнасць склала 771 чытач. Са 110 супрацоўнікаў 72 працавалі ў аддзелах абслугоўвання, з іх 55 уласна работнікаў. У сярэднім на бібліятэкара прыпадала 882 чытачы і 17 364 асобнікаў дакументавыдачы. У фонд бібліятэкі набылі 15 175 выданняў за 215,9 тыс. рублёў ($108 тыс.; у сярэднім 14,23 руб. за выданне). На канец года фонд бібліятэкі склаў 708 622 асобнікі, гэта значыць вырас за год на 2813 асобнікі (+0,4 %). За год правялі 101 выставу з удзелам 9505 наведнікаў[1] (94 наведнікі ў сярэднім).

Аддзелы[правіць | правіць зыходнік]

12 аддзелаў абслугоўвання, з іх 3 уласна чытальні:

  • агульная чытальня — даведнікі;
  • абанементу і міжбібліятэчнага абанементу (МБА) — звыш 77 000 асобнікаў перыёдыкі, мастацкай літаратуры і выданняў па гуманітарных навуках;
  • дзіцячай літаратуры (пр. Будаўнікоў, д. 10) — каля 90 000 асобнікаў і каля 100 назваў перыёдыкі;
  • захоўвання асноўнага фонду (з 1953 г.) — звыш 500 000 асобнікаў, у тым ліку газеты і часопісы з 1944 года і звыш 300 рэдкіх кніг;
  • каталогаў — з 1997 г. і электроннага, дзе звыш 600 000 бібліяграфічных запісаў у 7 базах даных «Кнігі», «Артыкулы», «Краязнаўства», «Мастацтва», «Нямецкая літаратура», «Аўтарэфераты» і «Каталог часопісаў»;
  • краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі (з 1 лютага 2012 г.,) — звыш 22 000 асобнікаў, у тым ліку картаграфічных і выяўленчых выданняў, статыстычных зборнікаў і кампакт-дыскаў;
  • літаратуры па мастацтве (з 1967 г.) — звыш 38 000 асобнікаў, у тым ліку альбомы, нотныя выданні, фанатэка і 16 назваў перыёдыкі;
  • перыядычных выданняў (з 1967 г. як сектар, з 1991 г. аддзел) — каля 40 назваў газетаў і звыш 200 назваў часопісаў за апошнія 3 гады;
  • эканамічнай, тэхнічнай і сельскагаспадарчай літаратуры — звыш 33 000 друкаваных выданняў, у тым ліку Дзяржаўныя стандарты (ДАСТ) і Будаўнічыя нормы і правілы (БНіП), 184 назвы газетаў і часопісаў;
  • інфармацыйна-бібліяграфічны — слоўнікі;
  • нямецкая чытальня (з 7 ліпеня 1998 г.) — нямецкамоўныя кнігі, звыш 30 назваў часопісаў і 2 газеты, мастацкія фільмы і аўдыёпадручнікі;
  • электронная чытальня (з 15 верасня 2010 г., з 1 лютага 2012 г. аддзел) — бясплатны доступ у сеціва, аўдыёкнігі і навукова-папулярныя фільмы на DVD[7].

3 фунцкцыянальныя аддзелы:

  • аўтаматызавання бібліятэчных працэсаў (з 1998 г., з 2006 г. аддзел) — кіруе лакальнай вылічальнай сеткай на 100 рабочых месцаў;
  • бібліятэказнаўства (з 1939 г., з 1956 г. аддзел);
  • камплектавання фонду і апрацоўкі дакументаў (з 1995 г. аўтаматызаваны)[7].

Зноскі

  1. 1,0 1,1 1,2 1,3 Камендантава, В.М Віцебская абласная бібліятэка імя У.І. Леніна ў 2016 годзе. Віцебская абласная бібліятэка (18 чэрвеня 2017). Праверана 6 жніўня 2017.
  2. Рэжым работы. Віцебская абласная бібліятэка (1 жніўня 2016). Праверана 6 жніўня 2017.
  3. Правілы карыстання. Віцебская абласная бібліятэка (2 чэрвеня 2014). Праверана 6 жніўня 2017.
  4. Бягучыя цэны платных паслуг(руск.) . Віцебская абласная бібліятэка (18 чэрвеня 2017). Праверана 6 жніўня 2017.
  5. 5,0 5,1 Гісторыя. Віцебская абласная бібліятэка (13 жніўня 2012). Праверана 6 жніўня 2017.
  6. Аляксандр Пукшанскі. Прафесія не для ўсіх // Звязда : газета. — 16 мая 2012. — № 91 (27206). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
  7. 7,0 7,1 Структура. Віцебская абласная бібліятэка (25 мая 2017). Праверана 6 жніўня 2017.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]