Вішапы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Вішап № 6, Аждаха-юрт

Вішапы (арм.: վիշապներ, Вешапы, Аждахакі) — старажытныя міфалагічныя істоты, выявы якіх рабілі ў выглядзе высокіх каменных стодаў, менгіраў. Вішапы распаўсюджаныя ў міфалогіях краін Армянскага нагор’я і Пярэдняй Азіі. Першапачаткова вішапы з’яўляліся божаствамі ці духамі вады і, верагодна, былі звязаны з Кура-аракскай археалагічнай культурай. Народы, якія насялялі Армянскае нагор’е ў II тысячагоддзі да н.э. або раней, вычэсвалі стоды вішапаў з камення і ўсталёўвалі іх ля падземных крыніц вады. З цягам часу міфалагічны вобраз вішапаў змяніўся і ў міфалогіях розных народаў пачаў асацыявацца са злымі духамі, цмокамі і т. п., часцяком захоўваючы першапачатковую сувязь з вадой. Статуі вішапаў дасягалі пяці метраў у вышыню і, як правіла, мелі форму рыб, радзей — форму расцягнутай на калах шкуры быка.

Гісторыя адкрыцця[правіць | правіць зыходнік]

У 1909 годзе М. Я. Мар і Я. І. Смірноў падчас правядзення археалагічных раскопак у Гарні ў Арменіі чулі ад мясцовых жыхароў пра каменныя «вішапы», якія ляжаць высока ў гарах, на летніх качэўях. Навукоўцы распачалі паездку ў горы Гегамскага хрыбта, каб усталяваць аснову чутак і праверыць, ці ўяўляе гэта навуковы інтарэс. Навукоўцы сапраўды выявілі мегалітычныя каменныя статуі на высакагорным качэўі (яйле), якую армяне называлі «Вішапнер», а мясцовыя курды «Аждаха-юрт». Большасць стодаў мела форму рыб. Самы буйны з выяўленых вішапаў дасягаў 4,75 метраў пры шырыні 0,55 метраў. Усе вішапы да 1909 былі паваленыя на зямлю, некаторыя з іх прыйшлося адкопваць.

Першыя вішапы, якія даследавалі вучоныя
Экспедыцыя М.Я. Мара і Я.І. Смірнова 1909 года, Аждаха-юрт, Гегамскі хрыбет
Частка вішапу № 5, Аждаха-юрт Вішап № 6, Аждаха-юрт. Цяпер усталявана перад Этнаграфічным музеем Арменіі «Сардарапат» у горадзе Армавір.

Узрост статуй[правіць | правіць зыходнік]

Датаванне гэтых мегалітаў, як правіла, уяўляе пэўныя цяжкасці. Паблізу вішапаў не было знойдзена рэшткаў старажытных паселішчаў, вогнішчаў або іншых арганічных рэшткаў, да якіх мог быць ужыты радыевугляродны аналіз. Аднак выяўлены ў Аждаха-юрце вішап № 1 утрымліваў пазнейшыя малюнкі крыжоў і армянскі надпіс, датаваны XIII стагоддзем нашай эры. На падставе гэтай знаходкі навукоўцы першапачаткова вылучылі здагадку, што вішапы былі ўзведзены ў I тысячагоддзі нашай эры. Размяшчэнне крыжоў і тэксту сведчыла аб тым, што ў XIII стагоддзі вішап № 1 яшчэ знаходзіўся ў вертыкальным становішчы. У 1963 годзе ў Гарні быў адкрыты вішап, на якім аказаўся больш ранні ўрарцкі клінапісныя надпіс урарцкага цара Аргішці I. Гэтая знаходка дазваляе датаваць вішапы даурарцкім часам, гэта значыць, пачаткам I тысячагоддзя да н.э., а хутчэй за ўсё II тысячагоддзем да н.э.[1].

Зноскі

  1. Аракелян Б. Н., Арутюнян Н. В. Находка урартской надписи в Гарни // Историко-филологический журнал Армянской ССР, № 2, 1966.