В’ен
Камуна
В’ен
Vienne
| ||||||||||||||||||||||||||||||
В’ен (фр.: Vienne [vjɛn], франкаправ.: Vièna) — камуна і горад у Францыі, знаходзіцца ў рэгіёне Авернь — Рона — Альпы, у дэпартаменце Ізер. З’яўляецца цэнтрам двух кантонаў. Акруга камуны — В’ен[3]. Знаходзіцца на левым беразе Роны, каля зліцця з ракой Жэр, за 30 км на поўдзень ад Ліёна. Насельніцтва 32,6 тыс. чал. (2006).
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Цэнтр кельцкага племя алаброгаў, адзін з галоўных гарадоў Галіі. У 121 годзе да н.э. скарыўся рымлянам і захоўваў значэнне буйнога ваенна-палітычнага цэнтра да самага падзення Рымскай імперыі. Каля 50 да н.э. — рымская калонія Юлія Віена (Julia Vienna). У 6 годзе сюды быў адпраўлены ў ссылку Ірад Архелай, а пасля пакарання смерцю Хрыста, паводле царкоўных паданняў, — і Понцій Пілат.
У 257 годзе ў В’ене быў абвешчаны імператарам Постум. З III ст. рэзідэнцыя біскупа. Граф Базон у 879 годзе абвясціў сябе ў В’ене каралём Праванса. У X—XI стст. адзін з найважнейшых гарадоў каралеўства Бургундыя. Да 1032 года горад заставаўся ў складзе Арэлата, потым вярнуўся пад далонь нямецка-рымскіх імператараў. Многія гараджане прызнавалі над сабой уладу графаў, ці дафінаў, В'енуа; аднак пры продажы Дафінэ французскай кароне права на горад трымалі за сабой мясцовыя архібіскупы.
Каля 1254 года атрымаў гарадскія прывілеі — права выбару 8 гарадскіх консулаў, увядзенне падаткаў і г.д. У 1311—1312 гадах месца правядзення 15-га Усяленскага сабору каталіцкай царквы, які скасаваў ордэн тампліераў. З 1349 года належыць Францыі.
Архібіскупы кіравалі В’енам да 1449 года, аспрэчваючы ў ліёнскіх біскупаў званне прымаса ўсёй Галіі. Першым прадстаяцелем мясцовай царквы лічыцца апостал Крыскент; да больш гістарычных часоў адносіцца Алкім Экдыкій Авіт. Папа Калікст II таксама ў свой час быў архібіскупам В’енскім.
Славутасці
[правіць | правіць зыходнік]В’ен акружаны высокімі ўзгоркамі. Гэта адзін з самых багатых на помнікі антычнасці гарадоў Францыі. Найбольш вядомая сярод іх піраміда на 4-арачным порціку, якая пазначала цэнтр іпадрома, а даўней яе прымалі за грабніцу Пілата[4].
Таксама захаваўся храм Аўгуста і Лівіі з калонамі карынфскага ордара, пабудаваны ў 10 да н.э. Пасля выкарыстоўваўся як царква. У 1793—1794 клуб якабінцаў, затым трыбунал, з 1822 музей і бібліятэка. Рэстаўраваўся ў 1853—1870.
Сярод іншых антычных помнікаў — руіны храма багіні Кібелы, тэатр (умяшчаў 13 тыс. гледачоў) на схіле гары Піпэ, адэон, мост, акведукі і дарогі.
Сярод сярэднявечных помнікаў: раманскія базілікі Св. Пятра (IX—XII стст.; цяпер Археалагічны музей), Сент-Андрэ-ле-Ба (1152; раманскі клуатр; цяпер музей), гатычны сабор Сен-Марыс (заснаваны ў XI ст. на месцы мучаніцкай смерці Св. Маўрыкія; перабудаваны ў XIII ст., арх. Гільём дэ л’Ёўр; фасад і парталы з рэльефамі XIV ст.; біскупскі трон XI ст.); руіны крэпасці (XIII ст., на рымскіх падмурках).
Каля В’ена, на правым беразе Роны, — руіны гала-рымскага паселішча (III—IV стст.) і Археалагічны музей (збор фрэсак, мазаік, знойдзеных у раскопках 1967) у в. Сен-Рамен-ан-Галь.
-
Руіны замка
-
Сабор Сен-Марыс
-
В’енская піраміда
-
Храм Аўгуста і Лівіі
-
На гары Піпэ
Культура
[правіць | правіць зыходнік]Дзейнічаюць Музей выяўленчага мастацтва і археалогіі (1996), гарадскі тэатр (XVIII ст.). Праводзіцца штогадовы джазавы фестываль.
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]Дынаміка насельніцтва (INSEE[5]):
Вядомыя асобы
[правіць | правіць зыходнік]- Мішэль Піша (1790—1828) — драматург перыяду рамантызму.
- Франсуа дэ Лардэрэль (1790—1858) — французскі інжынер, «бацька» геатэрмальнай энергетыкі.
Зноскі
- ↑ Sandre
- ↑ Populations légales 2021 — Нацыянальны інстытут статыстыкі і эканамічных даследаванняў Францыі, 2023.
- ↑ Фактычныя даныя нацыянальнага інстытута статыстыкі (фр.)
- ↑ The Rhone Valley
- ↑ Насельніцтва В’ена на сайце нацыянальнага інстытута статыстыкі і эканамічных даследаванняў Францыі (фр.) Архівавана 23 студзеня 2011.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Вьен // Большая российская энциклопедия : [в 35 т.] / гл. ред. Ю. С. Осипов. — М. : Большая Российская энциклопедия, 2004—2017.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]В’ен на Вікісховішчы |