Валянціна Францаўна Гіруць-Русакевіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з В. Гіруць-Русакевіч)
Валянціна Францаўна Гіруць-Русакевіч
Валянціна Гіруць-Русакевіч у 2016 годзе.
Валянціна Гіруць-Русакевіч у 2016 годзе.
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 18 кастрычніка 1953(1953-10-18)
Месца нараджэння
Дата смерці 22 студзеня 2021(2021-01-22) (67 гадоў)
Месца смерці
Пахаванне
Грамадзянства
Муж Рыгор Мікалаевіч Русакевіч
Альма-матар
Месца працы
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці журналістка, пісьменніца, паэтка
Гады творчасці 19682021
Мова твораў беларуская
Грамадская дзейнасць
Член у

Валянціна Францаўна Гіруць-Русакевіч (18 кастрычніка 1953, Міхайлоўшчына, Ашмянскі раён, Гродзенская вобласць — 22 студзеня 2021, Валожын, Мінская вобласть, Беларусь) — беларуская паэтка, журналістка, грамадскі дзеяч. Член Беларускага саюза журналістаў (1985), Саюза беларускіх пісьменнікаў (1998), Саюза пісьменнікаў Беларусі (2005), Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы (2009).

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Магіла Валянціны Гіруць-Русакевіч (2022).

Скончыла Міхайлоўшчынскую сярэднюю школу (1970), Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (факультэт журналістыкі).

У 1975—1997 гадах працавала ў валожынскай раённай газеце «Працоўная слава». У 1997—2002 гадах узначальвала аддзел інфармацыі і работы з насельніцтвам Валожынскага райвыканкама. У 2004—2021 гадах працавала ў Валожынскім раённым цэнтры культуры кіраўніком народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання «Рунь».

З маладосці хварэла на бранхіяльную астму. З узростам хваробаў стала болей, але паэтка шмат працавала. У пачатку студзеня 2021 года захварэла на COVID-19 і гаспіталізавана, праз ускладненні хваробы пераведзена ў рэанімацыю на ШВЛ. Памерла 22 студзеня 2021 года.

Пахавана на Валожынскіх могілках.

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

На сцэне раённага цэнтра культуры ў Валожыне (2010).

Першыя вершы, а іх Валянціна пачала пісаць з васьмігадовага ўзросту, былі надрукаваны ў 1969 годзе ў ашмянскай раённай газеце «Красное знамя». На абласным злёце маладых паэтаў Гродзеншчыны, дзе выступала на 130-годдзі з дня нараджэння Францішка Багушэвіча, пазнаёмілася з паэтам Алегам Лойкам. Падчас вучобы ва ўніверсітэце адзін з вершаў В. Гіруць надрукаваны ў калектыўным зборніку «Універсітэт паэтычны», дзе былі прадстаўлены творы ўсіх паэтаў, хто вучыўся ў гэтай навучальнай установе.

Першая кніга В. Гіруць-Русакевіч «Я адкрываю вам душу» выйшла пад канец 1996 годзе ў серыі «Бібліятэка часопіса „Маладосць“». Да гэтага былі публікацыі ў часопісе «Полымя», газетах «Рэспубліка», «Народная газета», «Мінская праўда». Працуючы ў рэдакцыі валожынскай раённай газеты, Валянціна Францаўна вяла «Літаратурную старонку», займалася з юнымі паэтамі ў літаратурным аб’яднанні «Рунь», якому ў 1997 годзе было прысвоена званне народнага. Пазней выйшлі зборнікі вершаў «Пад зоркаю лёсу» (1999), «Мовай сэрца» (2008), «На нітцы часу» (2018); кнігі для дзяцей «Каляровыя вятры» (2011), «А ці ведаеце вы?» (2013).

Тэматыка вершаў В. Гіруць-Русакевіч розная, але галоўная — любоў да сваёй Радзімы, людзей, якія жывуць побач, сяброў, блізкіх. Яна часта сустракалася з чытацкай аўдыторыяй у бібліятэках, школах, іншых установах. У 2009 годзе аўтабіяграфія В. Гіруць-Русакевіч увайшла ў кнігу аўтабіяграфій пісьменнікаў Беларусі «З росных сцяжын» (Мінск, «Мастацкая літаратура»).

Народнае літаратаратурна-мастацкае аб’яднанне «Рунь»[правіць | правіць зыходнік]

В. Гіруць-Русакевіч з удзельнікамі аб’яднання «Рунь» (2019)

Літаратурна-мастацкае аб’яднанне «Рунь» створана ў 1978 годзе, адным з заснавальнікаў была Валянціна Гіруць-Русакевіч. У 1997 годзе аб’яднанню прысвоена званне «народнага». З 2004 па 2021 гады Гіруць-Русакевіч з’яўлялася кіраўніком аб’яднання. У яго склад уваходзяць паэты і празаікі ўсіх узростаў. Сярод традыцыйных форм работы аб’яднання: вечары-партрэты, вечары-ўшанаванні, літаратурныя сустрэчы, прэзентацыі кніг, літаратурныя святы, экскурсіі і г. д. Пад кіраўніцтвам В. Гіруць-Русакевіч удзельнікі аб’яднання выдавалі ўласныя кнігі і калектыўныя зборнікі кніг. На 2022 год у аб’яднанні налічваецца 35 чалавек, сярод іх як члены Саюза пісьменнікаў Беларусі, так і пачынаючыя аўтары. Пасля смерці паэткі намаганнямі кіраўніка «Руні» Н. Жылевіч была выдадзена кніга «Час задумацца», у якую ўвайшлі многія ненадрукаваныя вершы Валянціны Гіруць-Русакевіч.

Узнагароды[правіць | правіць зыходнік]

  • Нагрудны знак-медаль Саюза пісьменнікаў Беларусі «За вялікі ўклад у літаратуру».

Памяць[правіць | правіць зыходнік]

Алея памяці Валянціны Гіруць-Русакевіч — 8 кастрычніка 2021 года ў Міхайлоўшчыне высаджана алея імя В. Гіруць-Русакевіч. Да пасадкі алеі далучыўся муж паэткі Рыгор Мікалаевіч Русакевіч, старшыня сельскага Савета Аляксандр Саванец, кіраўнік справамі Жанна Садоўская, кіраўнік народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання «Рунь» Наталля Жылевіч і яго ўдзельніцы; Зінаіда Гасціловіч, Людміла Садоўская і Марыя Мучынская.

Творы[правіць | правіць зыходнік]

  • Гіруць-Русакевіч, В. Ф. А ці ведаеце вы?: вершы: для дзяцей мал. шк. узросту / Валянціна Гіруць-Русакевіч; маст. Дана Рунова. — Мінск:. Выдавецкі дом «Звязда», 2013. — 32 с.: іл.
  • Гіруць-Русакевіч, В. Ф. Мовай сэрца: кніга паэзіі / Валянціна Гіруць-Русакевіч. — Мінск: Маст.літ., 2008. — 158 с.
  • Гіруць-Русакевіч, В. Ф. На нітцы часу: выбранае / Валянціна Гіруць-Русакевіч. — Мінск: Чатыры чвэрці, 2018. — 200 с. — (Бібліятэка Саюза пісьменнікаў Беларусі).
  • Гіруць-Русакевіч, В. Ф. Пад зоркаю лёсу: вершы / Валянціна Гіруць-Русакевіч. — Мн.:Беларускі кнігазбор, 1999. — 128 с.
  • Гіруць-Русакевіч, В. Ф. Я адкрываю вам душу: вершы/ Валянціна Гіруць-Русакевіч. — Мінск: Дзяржаўнае прадпрыемства «Дом прэсы», 1996. — 32 с. — (Бібліятэка часопіса «Маладосць»).
  • Гіруць-Русакевіч, В. Ф. Час задумацца: выбранае / Валянціна Гіруць-Русакевіч. — Мінск: ІП Наўмовіч М. І., 2022. — 92 с. (ДУ «Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці»).

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Гіруць-Русакевіч Валянціна Францаўна // Краязнаўчы каляндар Ашмяншчыны на 2018 год / склад. Г. У. Палубінская.-Ашмяны, 2017. — С. 32-33.
  • Гіруць-Русакевіч Валянціна Францаўна // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Ашмянскага раёна/ рэдкал.: Г. К. Кісялёў [і інш.]. — Мн.: БЕЛТА, 2003. — С.569. (Нарадзіліся на Ашмяншчыне. Творцы).
  • Рыбік, Л. Для мяне вы ўсе — сваякі: аб сустрэчы з беларускай паэткай В.Гіруць-Русакевіч у Ашмянскай раённай бібліятэцы/ Людміла Рыбік// Ашмянскі веснік. — 2018 — 10 лістапада (№ 87). — С.5.
  • Сцяжыны майго жыцця: з успамінаў Валянціны Гіруць-Русакевіч // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Ашмянскага раёна/ рэдкал.: Г. К. Кісялёў [і інш.]. — Мн.: БЕЛТА, 2003. — С. 569—571. (Нарадзіліся на Ашмяншчыне. Творцы)

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]