Газавая прамысловасць Беларусі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Газавая прамысловасць Беларусі — эканамічны комплекс, які уключае разведку, распрацоўку і эксплуатацыю радовішчаў прыродных газаў, вытворчасць штучных газаў, комплексную перапрацоўку, транспарціроўку па газаправодах і захоўванне. Газафікацыя забяспечвае выкарыстанне гаручых газаў у народнай гаспадарцы і на бытавыя патрэбы.

Прыродны газ выкарыстоўваецца для атрымання электраэнергіі, як паліва і хімічная сыравіна.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

На Беларусі шырокая газіфікацыя градоў, вёсак і прадпрыемств пачалася ў 1960 гадах, калі было закончана будаўніцтва 1-й чаргі газаправода Дашкава — Мінск і адгалінавання на Гомель ад газаправода Кіеў — Масква. У 1961—1965 гг. прыродны газ атрымалі Брэст, Баранавічы, Гродна, Слонім, Ліда і іншыя гарады, Бярозаўская ДРЭС і Ваўкавыскі цэментны завод, на пачатку 1971 — 52 гарады Беларусі. З 1967 на нафтапромыслах Беларусі вядзецца адбор спадарожнага газу. З 1974 дзейнічае газаправод Таржок — Мінск — Івацэвічы — Кобрын (другая яго нітка дзейнічае з 1978), па якім прыродны газ паступае з Расіі. У 1976 пабудавана першае ў Беларусі Асіповіцкае падземнае газавае сховішча. З развіццём нафтадабычы больш выкарыстоўваецца спадарожны газ на нафтавых промыслах. Для яго перапрацоўкі пабудаваны і ў 1976 уведзены ў дзеянне Беларускі газаперапрацоўчы завод (Рэчыца), які дае эвадкаваныя газы, бензін, вуглевадародныя прапеленты, адбензаваны газ, забяспечвае палівам Светлагорскую ЦЭЦ і кватэры Рэчыцы і Светлагорска. У 1995 даўжыня магістральных газаправодаў складала 5534 км, імпартавана 14 млрд. м3

Да 2015 года газіфікаваны ўсе 118 раёнаў краіны і ўсе 113 гарадоў[1].

Сланцавая прамысловасць[правіць | правіць зыходнік]

Від паліўнай прамысловасці, якая займаецца здабычай і перапрацоўкай гаручых сланцаў для атрымання з іх газу і паліва на бытавыя і энергетычныя патрэбы. На Беларусі буйны сланцаносны раён знаходзіцца ў межах Прыпяцкага прагіну. Прагнозныя запасы 11 млрд. т. Найбуйнейшыя разведаныя Любанскае і Тураўскае радовішчы гаручых сланцаў.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т., Т. 18. Кн.2: Рэспубліка Беларусь / Рэд кал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2004. — С. 314. — 760 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0295-4.

Зноскі