Пладовае цела грыба вышынёй да 50—60 см, у дыяметры пляската-шарападобнае, сядзячае, каля асновы звужанае, складкаватае, са слаба развітай стэрыльнай тканкай і коранепадобным прыдаткам. Перыдый (абалонка) двухслаёвы. Экзаперыдый (вонкавы слой) тонкі, белы, паступова бурэе, у стадыі спеласці захоўваецца толькі каля асновы. Эндаперыдый (унутраны слой) тоўсты, мяккі, белы або буры, крохкі, абламваецца. Глеба (мякаць) мяккая, мясістая, губчатая, белая, з прыемным пахам і смакам, спелая аліўкава-бурая, парашкаватая. Капіліцый (ніткі для разрыхлення парашкаватай масы спелых спораў) таўстасценны, перагародчаты. Споры 3,5х6 мкм, шарападобныя, гладкія або шурпатыя, бура-карычневыя.