Галодная вайна

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Частка Польска-тэўтонскіх войнаў
Дата лета 1414
Месца Дзяржава Тэўтонскага ордэна
Вынік Пасрэдніцтва на Канстанцкім саборы
Праціўнікі
Каралеўства Польскае
Вялікае Княства Літоўскае
Тэўтонскі Ордэн і найміты

Галодная вайна (польск.: Wojna głodowa; ням.: Hungerkrieg) — ваенны канфлікт паміж Каралеўствам Польскім і Вялікім Княствам Літоўскім з аднаго боку і Тэўтонскім ордэнам з другога, які адбыўся ўлетку 1414 года. Канфлікт атрымаў назву Галодная вайна з-за выкарыстання тактыкі выпаленай зямлі, якая ў Сярэднявеччы абумоўлівалася спальваннем пасеваў на палях з мэтай знішчэння крыніц харчавання для суперніка. Голад і чума распаўсюдзілася па ўсёй Прусіі. Па словах Іагана фон Пазільгэ, пасля вайны ад чумы памерлі 86 рыцараў Тэўтонскага ордэна[1].

Перадгісторыя канфлікту[правіць | правіць зыходнік]

Вынікі Вялікай вайны 1409—1411 гадоў не вырашылі ўсіх супярэчнасцей паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Тэўтонскім ордэнам. Вялікі князь Вітаўт прэтэндаваў на ўвесь правы бераг Нёмана, уключаючы Мемель (Клайпеду). У сваю чаргу крыжакі патрабавалі, каб пасля смерці Вітаўта і польскага караля Ягайла Жамойць была перададзена Ордэну[2]. Пасроднікам ва ўрэгуляванні пытання пагадзіўся выступіць імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі Жыгімонт. Для разгляду аргументаў бакоў Жыгімонтам быў прызначаны Бенедыкт Макра, які 3 мая 1413 года вынес рашэнне на карысць Вялікага Княства Літоўскага[2].

Вялікі магістр Ордэна Генрых фон Плаўэн адмовіўся падпарадкавацца рашэнню і вырашыў пачаць ваенную кампанію. Войскі ўвайшлі ў паўночную Польшчу, аднак неўзабаве падняўся бунт: рыцары не верылі ў поспех, лічачы, што ордэн яшчэ недастаткова аправіўся пасля разгрому пад Танэнбергам у 1410 годзе. Маршал Міхаэль Кюхмайстэр загадаў пачаць адыход у Прусію: кампанія доўжылася ўсяго 16 дзён. Хворы фон Плаўэн сабраў капітул, на якім абвінаваціў ордэнскіх военачальнікаў у здрадзе. Аднак члены капітула не падпарадкоўваліся магістру, у выніку чаго, Генрых быў асуджаны, пазбаўлены пячаткі і ўсіх магістарскіх знакаў і кінуты ў вязніцу. 9 студзеня 1414 года новым магістрам стаў Міхаэль Кюхмайстэр. У маі ён паспрабаваў аднавіць перамовы, аднак кароль Ягайла адмовіўся ад перамоў, патрабуючы аднавіць на пасадзе фон Плаўэна[3].

Ход вайны[правіць | правіць зыходнік]

У чэрвені 1414 года ў Лэнчыцкім замку Ягайла абвясціў вайну ордэну. Польска-літоўская армія ўварвалася ў межы Прусіі, але крыжакі, не жадаючы ўступаць у адкрыты бой, схаваліся за сценамі замкаў. Пры дапамозе прускага Саюза Яшчаркі аб'яднанай арміі ўдалося ўзяць Нейдэнбург, Маранген, Остэроду, Аленстайн, Гонештайн, Крысбург, Біскупіцы, Рысенбург і 26 снежня Кузентнік. За некалькі тыдняў была занята ўся Вармія да Эльбінга і Браўнсберга.

Пасля аблогі польска-літоўскім войскам добраўмацаванага Брадніцкага замка магістр Кюхмайстэр прапанаваў мір у абмен на Кульмерланд, Куявію, паўднёвую частку гданьскага Памор'я і Жамойць, якая павінна была адысці да Вялікага Княства Літоўскага. Ягайла адказаў адмовай.

Пасля адпраўленага крыжакамі Папе Рымскаму ліста з прапановай вырашыць канфлікт дыпламатычным шляхам выступіў папскі легат біскуп лазанскі Вільям (Ян). 8 кастрычніка ў Страсбургу (Брадніцы) было заключана двухгадовае перамір'е. Ягайла і Вітаўт пагадзіліся прадставіць свае прэтэнзіі да Ордэна на Канстанцкім саборы[2]. Пазней перамір'е было падоўжана да 1418 года. Неспрыяльны для Ягайла і Вітаўта ход перамоў прывёў да новай вайны (1419).

Зноскі

  1. William Urban. Tannenberg and After. — Chicago: Lithuanian Research and Studies Center, 2003. — P. 204. — ISBN 0-929700-25-2. (англ.)
  2. а б в Zigmantas Kiaupa, Jūratė Kiaupienė, Albinas Kunevičius. The History of Lithuania Before 1795. — Vilnius: Lithuanian Institute of History, 2000. — С. 142–143. — ISBN 9986-810-13-2.
  3. William Urban. Tannenberg and After. — Chicago: Lithuanian Research and Studies Center, 2003. — P. 200. — ISBN 0-929700-25-2..