Галоўная рыначная плошча (Трыр)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Галоўная рыначная плошча
ням.: Hauptmarkt
Трыр
Агульная інфармацыя
Hauptmarkt Trier SK.jpg
Галоўная рыначная плошча

Галоўная рыначная плошча (Гаўптмаркт, ням.: Hauptmarkt) — адна з самых вялікіх плошчаў у Трыры (Германія), размешчаная перад гарадскім Кафедральным саборам Святога Пятра.

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Рыначны крыж

Плошча ўзнікла ў X стагоддзі і з тых часоў заўсёды была месцам скрыжавання найважнейшых гандлёвых вуліц Трыра і цэнтрам гандлю. У 958 годзе на плошчы па загадзе архібіскупа Генрыха I(ням.) бел. быў узведзены каменны крыж — адзін з найстарэйшых сярэдневяковых рыначных крыжоў, якія захаваліся да нашых дзён.

Крыж пастаўлены на рымскай гранітнай калоне, якая ў Сярэднявеччы служыла таксама ганебным слупом — месцам здзяйснення гарадскога правасуддзя. Капітэль, якая нясе крыж, з’явілася ў каралінгскую эпоху. Крыж мае скругленыя вуглы ў стылі англійскіх і ірландскіх крыжоў VIIIIX стагоддзяў. Арыгінал сярэдневяковага крыжа з 1964 года захоўваецца ў Гарадскім музеі манастыра Святога Сімяона, на калоне ўсталявана яго копія.

Фантан Святога Пятра

Фантан Святога Пятра, нябеснага заступніка Трыра, створаны ў 15941595 гадах скульптарам Гансам Гофманам па ўзоры нюрнбергскага Фантана дабрадзейнасцей. Васьмівугольная купель фантана ўпрыгожана фігурамі чатырох дабрадзейнасцей — Справядлівасці з мячом і вагамі, Сілы з разбітай калонай, Умеранасці з віном і вадой, і Мудрасці з люстэркам. Паміж імі размешчаны скульптуры анёлаў і жывёл (гусяў, львоў, дэльфінаў, арлоў, малпаў). Зверху кампазіцыя ўвянчана фігурай Святога Пятра.

Архітэктурны ансамбль плошчы ўтвораны будынкамі эпохі Адраджэння, барока, класіцызму і позняга гістарызму, захаванымі падчас гістарычнай рэканструкцыі прыкладна на дзве траціны, а таксама шматлікімі пабудовамі ў стылі нямецкага неарэнесансу.

Найбольшую цікавасць сярод захаваных гістарычных будынкаў уяўляюць Штайпэ, Чырвоны дом і царква Святога Гангольфа.

Штайпэ

Будынак Штайпэ(ням.) бел. (Steipe) пабудаваны ў 1430 годзе ў гатычным стылі як дом сходаў і прыёмаў муніцыпалітэта. У 14811483 гадах будынак быў перабудаваны. Штайпэ завершаны стромкім вальмавым дахам з зубцамі па перыметры. Першы паверх аформлены адкрытымі спічастымі аркадамі, калоны якіх (на трырскім дыялекце(руск.) бел. яны называюцца «Steipen») далі назву будынку. Паміж аркадамі размешчаны статуі нябесных заступнікаў Трыра — Святога Якава Старэйшага, Святой Алены, Святых Пятра і Паўла. На другім паверсе на вуглах будынка ўсталяваны скульптуры двух рыцараў у латах.

Да XVIII стагоддзя будынак выкарыстоўваўся таксама як ратуша. Пасля поўнага разбурэння ў гады Другой сусветнай вайны Штайпэ быў адноўлены ў першапачатковым выглядзе. Цяпер на першым паверсе будынка размешчана кафэ, на верхніх паверхах — Музей цацак.

Чырвоны дом

Чырвоны дом(ням.) бел. з фасадам з пясчаніку ў барочным стылі пабудаваны ў 1684 годзе архітэктарам Вольфгангам Штупелерам для сакратара Трырскага сабора. На трэцім паверсе ў цэнтры фасада ўсталявана статуя Святога Антонія Падуанскага, які глядзіць уніз. У час Другой сусветнай вайны дом быў цалкам разбураны, у 19681970 гады адноўлены ў адпаведнасці з арыгіналам.

На франтоне Чырвонага дому выбіта ў камені выслоўе легендарнага заснавальніка Трыра — Трэбеты(англ.) бел., паводле якога Трыр старэйшы за Рым на 1300 гадоў. (Гэта сцвярджэнне падвяргаецца сумневу сучаснымі гісторыкамі, тамушто лічыцца, што Трыр быў заснаваны ў 16 годзе да нашай эры рымскім імператарам Аўгустам, у гонар якога ён называўся ў старажытнасці Аўгуста Трэверарум).

Забудова плошчы з вежай царквы Святога Гангольфа

Рыначная царква Святога Гангольфа (1500) схавана за дамамі, з плошчы бачная толькі яе вежа — на плошчу выходзіць толькі барочная бакавая брама царквы.

Яўрэйская брама вядзе з Галоўнай рыначнай плошчы ў Яўрэйскі квартал Трыра.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]