Галоўны чыгуначны вакзал (Львоў)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Львоўскі галоўны чыгуначны вакзал
Львівський головний залізничний вокзал
49°50′23″ пн. ш. 23°59′40″ у. д.HGЯO
Краіна Украіна
Месцазнаходжанне Львоў
Архітэктурны стыль Венская сэцэсія
Архітэктар Уладзіслаў Садлоўскі
Статус дзейнічае
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Галоўны чыгуначны вакзал, Львоў-Галоўны або «Двірэц» (укр.: Головний залізничний вокзал, Львів-Головний, «Двірець») — адзін з львоўскіх вакзалаў, які абслугоўвае ўсе цягнікі далёкага паведамлення, а таксама прыгарадныя цягнікі Краснянскага, Рава-Рускага, Сакальскага і Луцкага напрамкаў. Гэта першы вакзал на тэрыторыі Украіны. Размешчаны ў 3 км ад цэнтра горада на паўднёвы захад на лініі галоўнага еўрапейскага водападзелу на вышыні 316 м над узроўнем мора.

Агульная характарыстыка[правіць | правіць зыходнік]

Сёння ў будынку вакзала знаходзяцца: 1 касавая зала, 6 залаў чакання рознага ступеня камфорту, VIP-зала, зала афіцыйных дэлегацый, 3 бара, рэстаран, цырульня, газетныя і аптэчныя кіёскі, пакоі адпачынку. Вакзал мае 5 перонаў, 8 пуцей (па адным пуці каля першага і пятага перонаў і па два ў другога, трэцяга, чацвёртага перонаў). Выхад на перроны забяспечваюць тры падземных пераходы, а да першага перона, акрамя іх, яшчэ два знешніх выхады. Над усімі перонамі вакзала знаходзіцца металічна-шкляны дах (дэбаркадар).

Арачныя перакрыцці пероннага дэбаркадару ўтвараюць клёпаныя са сталі фермы вялікага радыусу, якія запоўненыя браняваным шклом. Агульная даўжыня канструкцыі - 159 м, шырыня - 69 м. металічныя элементы каркаса выраблены на камбінаце "Вітковіцы" ў Астраве (сучасная Чэхія).

Паблізу вакзала, на Двірцэвай плошчы знаходзіцца канцавы прыпынак трамвайных маршрутаў № 1, 4, 6, 9 і аўтобусных маршрутаў № 10, 16, 29, 31, 32, а таксама сямі начных аўтобусаў № 1Н-7Н.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У 1841 годзе ўрад Аўстрыйскай імперыі зацвердзіў праграму развіцця чыгунак, якой, сярод іншага, было прадугледжана будаўніцтва чыгунак у Каралеўстве Галіцыі і Ладамерыі. Лінія з Вены ў Львоў павінна была быць пабудавана да 31 снежня 1863 года. Пасля гэтага горад павінен быў быць злучаны з Бродамі, Чарнаўцамі і іншымі гарадамі правінцыі.

У 1858 годзе Імператарска-каралеўскае прывілеяванае таварыства галіцкіх чыгунак імя Карла Людвіга атрымала канцэсію на будаўніцтва вакзала ў Львове. Будаўніцтва вялося на забалочаным узгорку на плошчы 67 моргаў. Адкрыццё вакзала адбылося адначасова з адкрыццём руху па Галіцкай чыгунцы імя Карла Людвіга на ўчастку ПярэмышльЛьвоў 4 лістапада 1861 года. У 14:30 прыбыў першы цягнік у складзе паравозу, двух пасажырскіх вагонаў і чатырох платформаў. 24 лістапада дырэкцыя чыгункі атрымала дазвол на рэгулярны рух цягнікоў са Львова ў Вену і Кракаў.

У 1866 годзе адкрыты рух у Чарнаўцы, ў 1869 годзе — да Бродаў і мяжы з Расійскай імперыяй, у 1881 годзе — у Цярнопаль і Підвалачыск.

Будынак вакзала быў 70 сажняў даўжынёй і 10 сажняў шырынёй. У памяшканні размяшчаліся залы чакання для пасажыраў усіх класаў, рэстаран, кафэ, канторы тэхнічных службаў і паліцыі, каса багажнага аддзялення, паштовае аддзяленне. Ля будынка вакзала былі размешчаны два павільёна для кантор і памяшканняў служачых, вагоннае дэпо, казарму для наглядчыкаў і чыгуначных рабочых, рамонтныя майстэрні, склады. Персанал вакзала складаў 38 чалавек: начальнік, 26 служачых, 10 наглядчыкаў і лекар.

З пабудовай Чарнавіцкага вакзала (да сёняшняга часу не захаваўся) на вул. Гарадоцкай паміж імі ўзнікла канкурэнцыя. Пасля іх функцыі былі падзеленыя: Чарнавіцкі вакзал прымаў цягнікі з Кракава, галоўны - з Чарнаўцоў.

У 1892 годзе чыгунка стала ўласнасцю дзяржавы. Гэта паскорыла прыток інвестыцый, адпаведна, і будаўніцтва новых ліній. Паўстала пытанне аб будаўніцтве ў Львове новага чыгуначнага вакзала, бо існуючы не спраўляўся з новым пасажырапатокам. У 1899 годзе быў зацверджаны праект аўтарства Уладзіслава Садлоўскага, выкананы ў 1898 годзе на падставе матэрыялаў дырэктара чыгункі Людвіка Вежбіцкага. Будаўніцтва пачалося ў 1902 годзе на месцы старога галоўнага вакзала. Будаўнічыя работы выконвала фірма Івана Лявінскага, Альфрэда Захарэвіча і Юзафа Сасноўскага. Галоўны ўваход і дэбаркадар выкананы па праекце інжынера Я. Зелянеўскага. Інтэр'еры залаў чакання 1 і 2 класаў спраектаваў А. Захарэвіч, інтэр'еры залаў чакання 3 класа, рэстарана і сталовай спраектавалі Т. Абмінскі і А. Лушпінскі. Франтон будынка ўпрыгожылі скульптурамі А. Попеля і П. Війтавіча: жанчына сімвалізуе чыгунку і гандаль, мужчына — прамысловасць і горад Львоў. Асноўным элементам афармлення галоўнага вестыбюля быў вітраж "Архангел Міхаіл" з панарамным выглядам Львова на фоне.

Вакзал быў адкрыты 26 сакавіка 1904 года. Пасля адкрыцця ён быў адным з самых сучасных у Еўропе. 20 чэрвеня 1915 года вакзал падпалілі адыходзячыя войскі Расійскай імперыі. Збудаванне таксама значна пацярпела падчас польска-ўкраінскай вайны 1918-1919 гадоў. У выніку былі знішчаныя першапачатковыя інтэр'еры і цэнтральны партал вакзала. Пасля замацавання Львова за Польшчай пачаліся работы па аднаўленні вакзала пад кіраўніцтвам архітэктара Генрыка Зарэмбы. У 1923 годзе на фасадзе і ўнутры будынка ўстаноўлена некалькі кампазіцый Пятра Вайтовіча. Перабудова вакзала завяршылася толькі ў 1930 годзе.

Вакзал моцна пацярпеў ад бамбаванняў падчас Другой сусветнай вайны, якім ён падвяргаўся ўжо з першага дня вайны - 1 верасня 1939 года. Поўнае пасляваеннае аднаўленне завяршылася толькі ў 1957 годзе. У 2003 годзе, да 100-годдзя пабудовы, вакзал быў адрэстаўраваны.

Зноскі