Галынка (Клецкі раён)
Аграгарадок
Галынка
| ||||||||||||||||||||||||
Галы́нка[1] (трансліт.: Halynka, руск.: Голынка) — аграгарадок у Клецкім раёне Мінскай вобласці Беларусі. Цэнтр Галынкаўскага сельсавета.
Геаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Аграгарадок размешчаны на рацэ Нача (прыток ракі Лань), за 25 км на паўднёвы захад ад горада Клецк, за 167 км ад Мінска, за 27 км ад чыгуначнай станцыі Клецк на лініі Асіповічы—Баранавічы[2].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Паводле даследаванняў беларускага гісторыка В. П. Пазднякова, назва вёскі паходзіць ад урочышча Галавае балота. Першы ўспамін пра паселішча датуецца 1552 годам, калі яно было адзначана на землях каля Машуковічаў. Падчас правядзення валочнай памеры землі падзялілі паміж Бонай Сфорцай (атрымала 2/3) і князем І. І. Пузынам. Частка, што перайшла да апошняга, з гэтага часу пачала называцца Галынкай-Машуковічамі або проста Галынкай[2].
У 1653 годзе сяло Галынка належала панам Чыжам. У гэтым жа годзе Адам-Дамінік Янавіч Чыж, скарбнік віленскі, фундаваў будаўніцтва царквы паміж Бабкамі і Галынкай. З 1793 года ў складзе Расійскай імперыі. У 1800 годзе сяло ў Слуцкім павеце Мінскай губерні, 21 двор, 204 жыхары, уніяцкая царква Пятра і Паўла (пабудавана ў канцы XVIII стагоддзя), вадзяны млын, драўляны сядзібны дом; з'яўлялася шляхецкай уласнасцю. У 1853 годзе маёнткам і сялом Галынка валодаў В. Врандорф. У 1836 годзе ў маёнтку працаваў вінакурны завод, а ў 1884 годзе адчынілася школа граматы[2].
Паводле перапісу 1897 года ў вёсцы 100 двароў, 702 жыхары, Сінябудскае народнае вучылішча, хлебазапасны магазін, піцейны дом. У аднайменным маёнтку, якім валодаў Вінародскі, было 68 жыхароў і 10 двароў. У 1910 годзе адчынена 4-класная народная школа. З сакавіка 1919 года ў складзе БССР. З ліпеня 1919 па ліпень 1920 года акупавана польскімі войскамі. З 1921 года ў Галынкаўскай воласці Нясвіжскага павета. З 12 кастрычніка 1940 года — цэнтр Галынкаўскага сельсавета. Падчас Вялікай Айчыннай вайны з 27 чэрвеня 1941 па 2 ліпеня 1944 года акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі[2].
У 1972 годзе ў вёсцы было 220 двароў, 665 жыхароў. Пасля вайны цэнтр калгаса «Камунар». У 2004 годзе вёска ўвайшла ў склад ПВУП «Налібокі-Нёман» (цэнтр — у Бабічах). У 2009 годзе працавалі сярэдняя школа, дзіцячы сад, Дом культуры, бібліятэка і іншыя ўстановы[2].
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]- XIX стагоддзе:
- 1800 — 204 жыхары, 21 двор.
- 1886 — 380 жыхароў, 50 двароў.
- 1897 — 702 жыхары, 100 двароў (сяло); 68 жыхароў, 10 двароў (маёнтак).
- XX стагоддзе:
- 1921 — 655 жыхароў, 118 двароў (у воласці).
- 1940 — 802 жыхары, 111 двароў (сяло); 66 жыхароў, 18 двароў (маёнтак).
- 1959 — 709 жыхароў (паводле перапісу).
- 1972 — 665 жыхароў, 220 двароў.
- 1996 — 569 жыхароў, 222 двары.
- 1998 — 554 жыхары, 220 двароў.
- XXI стагоддзе:
- 2009 — 384 жыхары, 195 гаспадарак[2].
Інфраструктура
[правіць | правіць зыходнік]На 2009 год у аграгарадку працавалі лясніцтва, сярэдняя школа, дзіцячы сад, Дом культуры, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, комплексны прыёмны пункт бытавога абслугоўвання, аддзяленне сувязі і «Беларусбанк», магазін, машынны двор з майстэрнямі па рамонце сельскагаспадарчай тэхнікі, ферма буйной рагатай жывёлы[2].
Славутасці
[правіць | правіць зыходнік]- Фрагменты сядзібна-паркавага комплексу Врандорфаў «Галынка» (канец XVIII — пачатак XX стагоддзяў): рэшткі мураванай галубятні (1811) і падмуркі некаторых гаспадарчых пабудоў —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 613Г000196 - Драўляная царква Святых Пятра і Паўла (канец XVIII, перабудавана ў XIX ст.) і званіца (XIX ст.) —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 612Г000197. Помнікі народнага драўлянага дойлідства з элементамі класіцызму. - На вуліцы Зарэчнай знаходзіцца абеліск на ўшанаванне памяці 42 землякоў, якія загінулі падчас руска-японскай вайны 1904—1905 гадоў і Першай сусветнай вайны 1914—1918 гадоў[2].
-
Свята-Петра-Паўлаўская царква
-
Брама-званіца
-
Каталіцкая капліца
-
Свіран-галубятня
-
Абеліск у памяць аб загінуўшых земляках
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
- ↑ а б в г д е ё ж Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 8, кн. 2. Мінская вобласць / рэдкал.: Т. У. Бялова (дырэктар) [і інш.]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2011. — Т. 8. — С. 464. — ISBN 978-985-11-0554-6.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 8, кн. 2. Мінская вобласць / рэдкал.: Т. У. Бялова (дырэктар) [і інш.]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2011. — Т. 8. — С. 464. — ISBN 978-985-11-0554-6.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 4: Варанецкі — Гальфстрым / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 4. — С. 475. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 4).
- Республика Беларусь. Минская область: Общегеографический атлас (руск.) / Ред. Г. Г. Науменко. — Мн.: РУП «Белкартография», 2008. — С. 26. — 48 с. — 10 000 экз. — ISBN 978-985-508-054-2.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Галынка (Клецкі раён)- Галынка (Клецкі раён) на сайце Глобус Беларусі (руск.)