Ганаў (востраў)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ганаў
фр. Île de la Gonâve
Выгляд з космасу
Выгляд з космасу
Характарыстыкі
Плошча743 км²
Насельніцтва75 548 чал.
Шчыльнасць насельніцтва101,68 чал./км²
Размяшчэнне
18°50′ пн. ш. 73°05′ з. д.HGЯO
АкваторыяКарыбскае мора
Краіна
Ганаў (востраў) (Гаіці)
Ганаў
Ганаў
Праблемы з <mapframe>:
  • Атрыбут «latitude» мае няслушнае значэнне
  • Атрыбут «longitude» мае няслушнае значэнне
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Ганаў (фр.: Île de la Gonâve) — востраў у аднайменным заліве Карыбскага мора. Належыць дзяржаве Гаіці. Плошча - 743 км². Насельніцтва (2003 г.) - 75548 чал.

Геаграфія і прырода[правіць | правіць зыходнік]

Востраў Ганаў знаходзіцца ў 19 км ад паўночна-заходняга ўзбярэжжа вострава Гаіці, у 50 км на паўночны захад ад Порт-о-Прэнс, сталіцы Гаіці, у 8996 км на паўднёвы захад ад Мінска. Даўжыня - 57,3 км, сярэдняя шырыня - 14 км. Паверхня сушы складзена пераважна вапнякамі, даволі ўзгорыстая. Найвышэйшы пункт - 778 м.

Клімат трапічны, засушлівы. Сярэдняя колькасць ападкаў - 800 мм у год, у гарах - да 1600 мм у год. У канцы XV ст. востраў амаль цалкам пакрывалі лясы. У наш час большую частку вострава займаюць пашы. Плошча лясоў значна скарацілася з-за дзейнасці чалавека. Земляробства развіваецца пераважна на ўзвышшах.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Востраў Ганаў быў населены ў 3 - 2 тысячагоддзях да н. э. продкамі індзейцаў-сібанеяў. У 1 тысячагоддзі н. э. яго занялі індзейцы-таіна. У канцы XV ст. на ім кіравала жанчына-касік. Таіна Ганава лічыліся найлепшымі разьбярамі на Антыльскіх астравах.

У 1493 г. востраў быў адкрыты экспедыцыяй Х. Калумба і далучаны да Іспаніі. Рэпрэсіі супраць індзейцаў на суседнім востраве Гаіці выклікалі ўцёкі таіна на Ганаў. Насельніцтва вострава ў пачатку XVI ст. значна ўзрасло, але ў далейшым пайшло на спад, пакуль таіна Ганава не вымерлі. Прычынамі гэтага з'яўляліся эпідэмічныя захворванні і набегі піратаў, якія пачаліся ўжо ў сярэдзіне XVI ст. У XVII ст. Ганаў аблюбавалі французскія буканьеры, якія жылі ў пячорах, займаліся паляваннем на свінняў і коз, выпушчаных калісьці іспанцамі.

У 1667 г. Ганаў быў далучаны да Францыі. Тут узніклі невялікія плантацыйныя гаспадаркі, дзе вырошчвалі цукровы трыснёг, тытунь і бавоўну, а таксама разводзілі жывёлу. Як і ў іншых калоніях Францыі, на плантацыях выкарыстоўвалася праца чарнаскурых афрыканскіх рабоў. У 1794 г. рабства было адменена. Значная частка белых плантатараў пакінула Ганаў. У 1804 г. востраў увайшоў у склад незалежнай дзяржавы Гаіці. Яго насельніцтва зноў павялічылася за лік бежанцаў.

У 1915 - 1934 гг. Ганаў быў акупаваны ЗША. На ім дзейнічала паліцэйская станцыя. Амерыканцы са здзіўленнем выявілі, што астравіцяне фактычна не падпарадкоўваліся цэнтральным уладам, былі падзелены на 10 аўтаномных абшчын-конга, на чале якіх стаялі "каралевы". Пазней амерыканскі вайсковец польскага паходжання Фаўсцін Віркус сцвярджаў, што ажаніўся з адной з іх, Тымеменай, і стаў каралём усяго Ганава. У 1931 г. у ЗША выйшла яго кніга "Белы кароль Ганава", якая ператварылася ў бестселер[1].

У 1957 - 1987 гг. Ганаў служыў месцам высылкі непажаданых асоб з Порт-о-Прэнс. У 1988 г. ён быў адміністрацыйна далучаны да сталіцы Гаіці, што ў выніку прывяло да раскрадання мясцовых прыродных рэсурсаў.

Ганаў амаль не быў закрануты землятрусам у Гаіці 2010 г., але на ім знайшлі прытулак некалькі дзясяткаў тысяч бежанцаў, што ў выніку выклікала значныя праблемы для мясцовага насельніцтва.

Зноскі

  1. Faustin Wirkus, Taney Keplinger Dudley, The White King of La Gonave, Doubleday, Doran & Company, 1931

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]