Ганна Адамаўна Барысевіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ганна Барысевіч
Імя пры нараджэнні Ганна Адамаўна Барысевіч
Род дзейнасці доўгажыхар
Дата нараджэння 6 (18) мая 1888
Месца нараджэння
Дата смерці 23 лютага 2007(2007-02-23)[1] (118 гадоў)
Месца смерці
Грамадзянства Сцяг Беларусі Беларусь

Ганна Адамаўна Барысевіч (6 (18) мая 1888, в. Буды паблізу Ігумена — 23 лютага 2007, Мінск) — найстарэйшая, незарэгістраваная ў Кнізе рэкордаў Гінэса, жыхарка Беларусі. На час смерці была найстарэйшай жыхаркай Беларусі і, паводле сродкаў масавай інфармацыі, у свеце. Пражыла 118 гадоў і 281 дзён[2].

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзілася ў сялянскай сям’і Адама Навіцкага і яго другой жонкі — Юзэфы. Калі Ганне было шаснаццаць месяцаў (паводле іншых крыніц, чатыры[3]), яе маці памерла. Бацька ажаніўся ў трэці раз. Выхаваннем Ганны займаліся яе старэйшая зводная сястра і бабуля. Калі Ганна была яшчэ дзіцём, сям’я Барысевічаў пераехала ў Стары Койчын (цяпер Бярэзінскі раён)[4]. Бацька, Адам Навіцкі, атрымаў ад ўладальніка фальварка кавалак зямлі і за яе карыстанне плаціў сваёй працай на раллі памешчыка. У Першай сусветнай вайне на фронце згінуў старэйшы зводны брат Ганны — сын Адама Навіцкага ад першага шлюбу[5].

Ганна Барысевіч не хадзіла ў школу і не навучылася чытаць і пісаць: Дзевак і баб грамаце не вучылі, пры Леніне ў лікбезе навучылася распісвацца[4]. У 1917 годзе, ва ўзросце 29 гадоў, Ганна выйшла замуж за Іпаліта Барысевічa[4][6], члена сельсавета[5]. Нарадзіла семярых дзяцей, чацвёра памерлі ў маленстве. Паўналецця дасягнулі Ніна, Валянцін і Яўген[4]. У 1937 годзе муж Ганны быў арыштаваны, прызнаны ворагам народа і сасланы ў Сібір[7]. Іпаліт Барысевіч памёр у 1940 годзе. У інтэрв’ю Ганна Барысевіч амаль ніколі не гаварыла пра яго, толькі намякнула, што прабачыла. Болей замуж не выйшла[3].

У час калектывізацыі Ганна Барысевіч пачала працаваць у калгасе ў Старым Койчыне, прарабіла там да выхаду на пенсію[5]. У час Вялікай Айчыннай вайны сям’я Барысевіч дапамагала партызанам. Стары Койчын, дзе яна жыла, быў заняты нямецка-фашысцкімі акупантамі ў 1941 годзе, але неўзабаве пасля таго сяло было адбіта партызанскім атрадам[4].

У 1965 годзе, ва ўзросце 77 гадоў, Ганна Барысевіч выйшла на пенсію[5]. У 1983 годзе — ва ўзросце 95 гадоў — яна пераехала ў Мінск, у кватэру сваёй дачкі Ніны. Ганна Барысевіч памерла 23 лютага 2007 года, пакінуўшы траіх дзяцей, мела трынаццаць унукаў, чатырох праўнукаў і чатырох прапраўнукаў[8].

Рэкорд даўгалецця[правіць | правіць зыходнік]

СМІ зацікавіліся Ганнай Барысевіч ў 2004 годзе. Калі жанчына змяняла пашпарт, чыноўнікі звярнулі ўвагу на яе узрост — 115 гадоў. Першапачаткова падазравалі памылку[9]. Перад публікацыяй Кнігі рэкордаў Гінэса за 2007 год Беларусь падала заяву аб унясенні ў яе Ганны Барысевіч ў якасці рэкардсменкі даўгалецця[10], але кандыдатура жыхаркі Беларусі была прапушчана. Рэдактары выдавецтва не мелі даверу да дакументаў, выдадзеных у краінах былога Савецкага Саюза. У 2007 годзе афіцыйны сусветны рэкорд даўгалецця прызналі за ​​114-гадовай жыхаркай Японіі, тым часам Ганне Барысевіч споўнілася 118 гадоў[11].

У 2007 годзе імя Ганны Барысевіч — рэкардсменкі даўгавечнасці — было ўнесена ў Кнігу рэкордаў Расіі, СНД і краін Балтыі «Дзіва»[10].

У СМІ[правіць | правіць зыходнік]

Ад 2004 года Ганна Барысевіч была гераіняй шматлікіх інтэрв’ю, радыё- і тэлевізійных праграм у краіне і за яе межамі. СМІ цікавіліся яе «сакрэтам» даўгалецця, здароўем, дыетай і поглядамі на жыццё.

Аперацыя вока[правіць | правіць зыходнік]

Вясной 2005 года Ганна Барысевіч была гераіняй праграмы Радыё Свабода, у якой закраналіся пытанні яе здароўя. Заяўлялася, што жанчына губляе зрок. Праграма ўзрушыла грамадскую думку. Ганнай Барысевіч зацікавілася Алена Дзянісава, кіраўнік беларускай кампаніі «Алкон», якая спецыялізуецца на вытворчасці афтальмалагічных прыбораў. Дзянісава прапановала абследаваць жанчыну і падрыхтаваць яе да аперацыі вачэй[12]. Абследаванне паказала, што біялагічны ўзрост 117-гадовай Барысевіч можна ацаніць на 75 гадоў[8]. У пацыенткі выяўлена катаракта, якая была прычынай страты зроку. Аперацыя была праведзена Ігарам Пашкіным, кандыдатам медыцынскіх навук. Планавалі імплантаваць штучны крышталік[12]. Аперацыя цягнулася 25 хвілін і была праведзена дабрачынна ў афтальмалагічнай бальніцы «Оптымед» у Мінску[13]. СМІ каментавалі аперацыю такога старога пацыента. Планавалася аперацыя другога вока, але Барысевіч да яе не дажыла[12].

Стыль жыцця[правіць | правіць зыходнік]

Прычынай свайго даўгалецця Ганна Барысевіч лічыла свой ціхі характар і філасофскі падыход да жыцця[6]. Не скардзілася на цяжкасці і праблемы, і запэўніла, што ў яе жыцці было шмат добрага. Барысевіч ніколі не прытрымлівалася дыеты. Па яе словах, ела звычайную сялянскую ежу: скваркі, бульбу, малако[4], яйкі, смятану, масла і гародніну. Не курыла, алкаголь спажывала ўмерана і ніколі не напівалася[14]. Да канца свайго жыцця Ганна Барысевіч захавала яснасць розуму і добрую памяць[6].

Ганна Барысевіч дэкларавала прыналежнасць да Рыма-Каталіцкай Царквы і шкадавала, што з-за старасці не можа хадзіць у касцёл.[4].

Барысевіч — сведка гісторыі[правіць | правіць зыходнік]

Журналісты назвалі Барысевіч «сучасніцай трох стагоддзяў»[15]. Цікавіліся яе поглядамі на ўладу Леніна, Сталіна, Брэжнева, задавалі пытанні, як адносіцца да сучаснай беларускай улады. Жанчына ў адказах звяртала ўвагу на паўтаральнасць гісторыі. З усіх палітычных постацей найболей паважала Леніна: Ленін раскідаў капіталістаў, зямлі людзям даў. Але мала так пабыло: Сталін усіх хутка заламаў у калгасы[4]. Па яе меркаваннях, лепшым перыядам была эпоха Брэжнева: …калі адмянілі падатак на кожнае пладовае дрэва, мы сталі спакойна вырошчваць на сваім гародзе ўсё, што хацелі. І нічога не плацілі за гэта[5]. Пра Лукашэнку ведала, але асабліва не цікавілася, крыўдавала на раённыя і гарадскія ўлады за іх абяцанні[4]. У інтэрв’ю, калі Барысевіч споўнілася 117 гадоў, выказала меркаванні пра няроўнае стаўленне да удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны і радавых грамадзян: Вайскоўцы ваявалі на вайне са зброяй, а я з рыдлёўкай на зямлі ваявала. Капалі рыдлёўкай і сеялі, таму што коней не было, пабралі немцы, дык самі запрагаліся ў плуг. Нам цяпер ніякіх прывілеяў няма, а тым, ваенным, ёсць. Яны заслужылі, а мы не заслужылі, што кармілі і партызанаў. Ваенным дык пенсію добрую далі, а мне і пенсіі добрай не далі…[3].

Ганна Барысевіч скептычна адносілася да царкоўнай іерархіі. Казала пра крах ўлады духавенства: Раней ксёндз ці бацюшка быў бацькам і суддзёй, цяпер — падман адзін, аб сваім зямным дабрабыце клапоцяцца[4].

Зноскі

  1. http://wiadomosci.wp.pl/kat,8311,wid,8750266,wiadomosc.html?ticaid=134e4
  2. World’s Oldest Claimants (with at least a claimed birth date) (as of May 1, 2007) Архівавана 1 снежня 2010..
  3. а б в І. Студзінская, Найстарэйшай жанчыне Беларусі спаўняецца 117 гадоў, «Радыё Свабода», 5.05.2005.
  4. а б в г д е ё ж з і Т. Нечапайка, Самая старая женщина земли живет в Белоруссии, «Русская служба Би-би-си — Информационные услуги», 31 мая 2004 г.
  5. а б в г д Ганна Барысевіч — старэйшы жыхар Беларусі, «7 дней».
  6. а б в W wieku 118 lat zmarła najstarsza mieszkanka Białorusi(недаступная спасылка), «Gazeta.pl. Wiadomości», 2007-02-27.
  7. Л. Цімошык, 118-гадовая Ганна Барысевіч: «Каб пiлося ды ялося, трэба нервы берагчы» Архівавана 9 снежня 2021., «Звязда» 25865 (2006) nr 276.
  8. а б І. Студзінская, Памерла найстарэйшая жыхарка Беларусі Ганна Барысевіч, «Радыё Свабода», 27.02.2007.
  9. Минчанка Анна Адамовна Борисевич — одна из старейших жительниц планеты, «Первый канал. Новости», 08 марта 2004.
  10. а б С. Расолька, На постсавецкай прасторы беларусы не згубіліся. Са сваімі рэкордамі Архівавана 9 снежня 2021., «Звязда» 25687 (2006) nr 98.
  11. А. Багданаў, У Менску памерла найстарэйшая жыхарка плянэты, «Polskie Radio», 27.02.2007.
  12. а б в І. Студзінская, Адной з самых старых жыхарак плянэты — Ганьне Барысевіч — вярнулі зрок, «Радыё Свабода», 18.08.2005.
  13. О. Томашевская, Теперь можно и подождать. Старейшая жительница Белоруссии обрела зрение в 117 лет, Издательство «Время», nr 152, 22 августа 2005.
  14. Самой старой жительнице Беларуси исполнилось 118 лет, «Naviny.by», 06.05.2006.
  15. Ю. Ахременко, Ровесница трех веков, «СБ-Беларусь Сегодня», 25.02.2004.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]