Перайсці да зместу

Ганна Святаслаўна

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ганна Святаслаўна
Адбітак пячаткі вялікай княгіні Ганны.
Адбітак пячаткі вялікай княгіні Ганны.
Род дзейнасці арыстакратка
Дата нараджэння 1350-я
Дата смерці 1 жніўня 1418[1]
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Бацька Святаслаў Іванавіч[2]
Маці NN[d]
Муж Вітаўт
Дзеці Соф’я Вітаўтаўна
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Ганна Святаслаўна (1350-я — 1 жніўня 1418) — вялікая княгіня літоўская, другая жонка Вітаўта.

Імаверна, дачка Святаслава Іванавіча, вялікага князя смаленскага ў 1358—1386 гадах[3]. Прынамсі такая версія паходжання цяпер пераважае. Аднак яна не можа быць цалкам пэўнай, бо грунтуецца на Хроніцы Быхаўца, хоць ёсць і ўскосныя сведчанні на яе карысць[4].

Літоўскія даследчыкі традыцыйна, пачынаючы Ігнасам Янінасам, адмаўляюць любую роднасную сувязь Ганны са смаленскімі князямі.[5][6][7][8].

Паводле Хронікі Быхаўца, у Вітаўта было тры жонкі, першая — смаленская княжна Ганна Святаслаўна, другой названа Марыя[d], дачка князя лукомскага і старадубскага Андрэя, а трэцяй — Ульяна, дачка князя гальшанскага Івана Альгімонтавіча. Таксама Хроніка Быхаўца, але ў іншым месцы, называе цесцем (tystia) Вітаўта смаленскага князя Глеба Святаславіча.

Паводле крыжацкай крыніцы[крыніца?], Вітаўт узяў шлюб з Ганнай пры жыцці вялікага князя Альгерда, то-бок да мая 1377 года[3]. Ян Тэнгоўскі пацвердзіў гэта праз шлюбны ўзрост Соф’і, якую Ганна называла сваёй дачкой, на думку даследчыка, шлюб яе бацькоў адбыўся паміж 1368—1377 гадамі.

Такім чынам, калі апроч Ганны і Ульяны, якія вядомы як жонкі Вітаўта і з надзейных крыніц, і праўда была трэцяя жонка, то толькі перад Ганнай. Першы шлюб Вітаўт мог узяць яшчэ ў 1360-я гады, калі быў удзельным князем берасцейскім[3]. На думку Тэнгоўскага, першай жонкай Вітаўта магла быць Марыя, названая Хронікай Быхаўца як другая, аднак, ні яна, ні названы тамсама яе бацька — князь лукомскі і старадубскі Андрэй, з іншых крыніц не вядомы. Алег Ліцкевіч выявіў згадку пра жонку Вітаўта, язычніцу, спаленую пасля смерці — гэта не магла быць ні Ганна, ні Ульяна, на думку даследчыка, гэтыя звесткі менавіта пра першую жонку Вітаўта[9].

Што шлюб з Ганнай мог быць другім сведчаць згадкі надзейнымі крыніцамі шваграў (сваякоў па жонцы) князя Вітаўта. У студзені 1384 года шваграм Вітаўта названы друцкі князь Леў, імаверна, родзіч тагачаснай жонкі, то-бок Ганны. У тым самым дакуменце 1384 года згаданы і Судзімонт з Вейшышак, якога пазней таксама называлі шваграм Вітаўта. Князь Леў і баярын Судзімонт відавочна вельмі рознага паходжання і, імаверней, яны родзічы двух розных жонак Вітаўта. Судзімонт — невядомай імем першай жонкі, язычніцы, спаленай пасля смерці, а друцкі князь Леў — Ганны.[10]

Апроч друцкага князя Льва, цяпер вядомы яшчэ адзін «швагр Вітаўта» — «герцаг Васіль з Русі». Звесткі пра Васіля выявіў Ян Тэнгоўскі і атоесніў яго з родным братам Ганны — Васілём Святаславічам, пачынальнік роду князёў Крапоткіных[11]. Літоўская гісторык Інга Баранаўскене спрабуе аспрэчыць атаясненне Тэнгоўскага, яна сцвярджае, што сярод родзічаў смаленскага князя Святаслава вядомы толькі адзіны Васіль — яго родны брат, бранскі князь Васіль Іванавіч[ru], таксама даследчыца сцвярджала, што адносіны Смаленскага княства з Вялікім Княствам Літоўскім былі варожымі і гэта выключала шлюбы паміж іх уладарнымі родамі, таксама, на думку Баранаўскене, шлюбы двух сясцёр Ганны з літоўскімі арыстакратамі выключаюць іх смаленскае паходжанне[12]. Такім чынам, Баранаўскене ігнаруе, што сын князя Святаслава — Васіль Святаславіч, вядомы з тых самых крыніц, што і яго брат Васіль Іванавіч — з маскоўскіх радаслоўцаў, як адзначыў яшчэ Юзаф Вольф[13]. Таксама Баранаўскене ігнаруе шлюбы як інструмент палітыкі таго часу, у тым ліку замацавання пагадненняў, саюзаў і дасягнення трывалага міру. Шлюбы арыстакратаў звязаны болей з родавай стратэгіяй, чым з палітыкай або паходжаннем жонак — сваяцтва з жонкай уладара далучала да ўладарнага роду, узвышала ў іерархіі, даследчыкі не выключаюць, што менавіта так узвысіліся Гальшанскія, з баярства атрымалі княжацкі тытул.

Нарадзілася паміж 1356—1365 гадамі. Паміж 1368—1377 гадамі выйшла замуж за Вітаўта. Не пазней за 1378 год у сужэнцаў нарадзілася дачка Соф’я.

У 1382 годзе Ганна дапамагла мужу ўцячы з вязніцы ў Крэўскім замку, дзе яго зняволіў вялікі князь Ягайла.[3]

У 1383 або 1386 годзе перайшла ў каталіцтва.[14]

У 1392 годзе, пры атрыманні Вітаўтам тытула вялікага князя, Ганна абяцала, што муж будзе трымацца прысягі каралю польскаму Ягайле і Кароне Польскай.[3]

У 1391 годзе дачка Соф’я выйшла замуж за вялікага князя маскоўскага Васіля Дзмітрыевіча. Пра іншых дзяцей няма пэўных звестак.[3]

Пахавана ў Віленскім кафедральным саборы.[3]

Вядомы сёстры вялікай княгіні Ганны — Агрыпіна і Ульяна.[14]

Агрыпіна — жонка гальшанскага князя Івана Альгімонтавіча[14]. Ульяна — жонка, паслядоўна, родзіча Біруты баярына Бутрыма, пінскага князя Васіля Нарымонтавіча, баярына Войцеха Манівіда[14].

  1. Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku / пад рэд. J. WolffWarszawa: 1895. — С. 160, 577.
  2. Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku / пад рэд. J. WolffWarszawa: 1895. — С. 160, 459.
  3. а б в г д е ё ЭнцВКЛ 2010, p. 155.
  4. Ліцкевіч 2010, p. 122.
  5. Simas Sužiedėlis Anne // Encyclopedia Lituanica . — Boston, Massachusetts, 1970—1978. Vol. I. — P. 102—103.
  6. Jonynas I. Vytauto šeimyna // Istorijos baruose. — Vilnius: Mokslas, 1984. — P. 68-71.
  7. Lietuvos valdovai (XIII—XVIII a.): enciklopedinis žinynas / Ed. Vytautas Spečiūnas. — Vilnius: Mokslo ir enciklopedijų leidybos institutas, 2004. — P. 88.
  8. Rowell S.C. Pious Princesses or Daughters of Belial: Pagan Lithuanian Dynastic Diplomacy, 1279—1423 // Medieval Prosopography. 1994. Vol. 15 (1). — P. 1-77. — P. 33.
  9. Ліцкевіч 2010, с. 121.
  10. Ліцкевіч 2010, p. 121-122.
  11. Tęgowski 1995, pp. 177–182.
  12. Baranauskienė 2012, pp. 64–73.
  13. Wolff 1895, pp. 185, 459, 461.
  14. а б в г Ліцкевіч 2010, p. 120.