Перайсці да зместу

Ганцавіцкі тыдзень

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Ганцавіцкая раённая газета)
«Ганцавіцкі тыдзень»
Тып раённая газета
Заснавальнік Ганцавіцкі раённы выканаўчы камітэт, Ганцавіцкі раённы Савет дэпутатаў
Выдавец КУВП «Рэдакцыя Брэсцкай абласной газеты «Заря»
Галоўны рэдактар Аляксандр Ануфрыевіч Занько
Заснавана 1 жніўня 1945
Мова беларуская, руская
Перыядычнасць 1 раз на тыдзень (серада)
Аб’ём 8 палос
Галоўны офіс Ганцавічы, вул. Камуністычная, 5
Тыраж 3460 (2025)
Вэб-сайт gants.by

«Ганцавіцкі тыдзень» — раённая газета Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Выдаецца з 1 жніўня 1945 года.

«Сялянская праўда»

[правіць | правіць зыходнік]

З 1 жніўня 1945 года ў Ганцавіцкім раёне пачала выдавацца газета «Сялянская праўда». Аднымі з першых рэдактараў былі П. Войкін і І. Барысенка (1946). Пазней супрацоўнікамі газеты былі вядомы кнігавыдавец і публіцыст Міхась Дубянецкі (намеснік рэдактара), кандыдат філасофскіх навук С. І. Дзерашаў, заслужаны работнік культуры БССР С. Кукарэка, старшы выкладчык філасофскага факультэта БДУ М. Р. Галенка. Амаль 18 гадоў рэдакцыю ўзначальваў Б. С. Лісецкі. Пры ім вакол газеты пачалі аб'ядноўвацца маладыя таленты, пазней вядомыя ў Беларусі пісьменнікі і паэты Міхась Рудкоўскі, Іван Кірэйчык, Васіль Праскураў.

У 1962 годзе Ганцавіцкі раён быў далучаны да Ляхавіцкага, і да 1967 года газета ў Ганцавічах не выходзіла[1].

«Савецкае Палессе»

[правіць | правіць зыходнік]

Са жніўня 1966 года, пасля аднаўлення Ганцавіцкага раёна, рэдактарам адноўленай раённай газеты быў прызначаны Васіль Праскураў. Газета атрымала новую назву — «Савецкае Палессе». Сярод першых супрацоўнікаў быў Віктар Гардзей, пазней вядомы пісьменнік. Цесную сувязь з газетай падтрымліваў пісьменнік Алесь Кажадуб. У часы рэдактарства В. Ф. Праскурава рэдакцыю наведвалі Ніл Гілевіч, Алег Лойка, Анатоль Астрэйка, Аркадзь Куляшоў, Яўгенія Янішчыц, Алесь Каско, Сяргей Грахоўскі, Леанід Дайнека, кампазітар Ігар Лучанок, маскоўскі паэт Андрэй Вазнясенскі[1].

З 1 студзеня 2023 года газета «Савецкае Палессе» ўвайшла ў склад медыяхолдынга КУВП «Рэдакцыя Брэсцкай абласной газеты „Заря“». 26 снежня 2024 года выйшаў першы нумар пад новай назвай — «Ганцавіцкі тыдзень»[1].

Газета зарэгістравана Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Заснавальнікамі з'яўляюцца Ганцавіцкі раённы выканаўчы камітэт і Ганцавіцкі раённы Савет дэпутатаў.

Выходзіць на беларускай і рускай мовах адзін раз на тыдзень (у сераду) на 8 палосах у камплекце з абласной газетай «Заря». Тыраж на 2025 год складае 3460 экзэмпляраў. Галоўны рэдактар — Аляксандр Ануфрыевіч Занько[1].

  1. а б в г Наша история. Ганцавіцкі тыдзень. Праверана 8 студзеня 2026.