Гарадзішча на Менцы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Гарадзішча на Менцы, вядома таксама як Строчыцкае гарадзішча — архелагічны комплекс з гарадзішча і селішча IX — сярэдзіны XI ст. на рацэ Менцы (Мене) каля в. Гарадзішча, за 1,5 км на паўночны захад ад в. Строчыцы, Шчомысліцкага сельсавета Мінскага раёна.

Абарончы вал гарадзішча з паўднёвага боку
Схема гарадзішча і селішча на р. Менцы і месцы археалагічных раскопаў. Чырвоным — месцы і нумерацыя археалагічных раскопаў па Э. М. Загарульскім; Сінім — месцы і нумерацыя археалагічных раскопаў па Л. В. Аляксееве; Чырвоны пункцір — месцы і нумерацыя траншэй.

Найвышэйшы ўздым эканамічнага і культурнага жыцця на помніку прыпадае на X — пачатак XI ст., выяўлены матэрыялы культуры штрыхаванай керамікі, банцараўскай, перыяду Русі, ВКЛ і новага часу. Селішча было населена прынамсі з V ст. Ёсць думка, што паселішча было цэнтрам воласці дрыгавічоў, мела назву Менск і да знішчэння ў 1067 годзе папярэднічала пазнейшаму аднайменнаму цэнтру ў вусці Нямігі — сучаснаму Мінску[1].

Агульная характэрыстыка[правіць | правіць зыходнік]

Знаходзіцца за 16 км ад Мінска. Гарадзішча — шматслойнае, складанай канфігурацыі, на правым беразе прытока Пцічы рацэ Мене (Менцы) пры ўпадзенні ў яе ручая Дуная. Акружана валам, складаецца з двух частак — вузкага мысавага малога гарадзішча (з адной пляцоўкай) і вялікага (амаль квадратнай формы з верхняй і ніжняй пляцоўкамі, з розніцай ўзроўняў паміж імі ў 8-9 м). З польнага боку дугападобны роў, вал дасягае вышыні 8 м[1].

У 1967 годзе гарадзішча пашкоджана праз спробу мясцовых ўладаў, паводле Г. В. Штыхава, прыстасаваць археалагічны помнік пад стадыён — пляцоўка была разраўняна бульдозерамі, валы звонку падрэзаны і г.д.[2]

Селішча знаходзіцца на палях і тэрыторыі вёскі Гарадзішча ўздоўж ручая Дуная і ракі Мены да ўпадзення яе ў Пціч. Агульная плошча селішча каля 40 га[1].

Гісторыя даследаванняў[правіць | правіць зыходнік]

Упершыню ўвагу на паселішча звярнуў у сярэдзіне XIX ст. П. М. Шпілеўскі, заўважыўшы, што гэтае гарадзішча калісьці было горадам альбо замкам. У 1930 г. паселішча было абследавана А. Рынейскім, які зрабіў тапаграфічнае апісанне помніка і апублікаваў яго план. На аснове сабранага керамічнага матэрыяла ён датаваў гарадзішча XII—XV стст. У Інстытуце гісторыі НАН Беларусі захоўваецца кераміка з гарадзішча, памечаная 1935 годам. Магчыма ў гэты час невялікія раскопкі былі праведзены А. М. Ляўданскім і А. Д. Каваленям, але справаздача пра вынікі даследаванняў не захавалася.[3]

Першыя значныя раскопкі на гарадзішчы былі праведзены ў 1954 годзе А. Р. Мітрафанавым разам са студэнтамі гістарычнага факультэта БДУ. Але гэтыя матэрыялы не былі апублікаваныя і часткова былі страчаны. А. Р. Мітрафанавым было зроблена два раскопы — адзін плошчай 60 м.кв. у цэнтры малога гарадзішча (раскоп I) і адзін плошчай каля 100 м.кв. у паўднёвай частцы вялікага гарадзішча паблізу прарэзу вала (раскоп II).[4] А. Р. Мітрафанаў ахарактаразаваў гарадзішча як феадальны замак і датаваў яго XII—XIII стст.[5]

У 1963, 1964, 1967 і 1968 гг. раскопкі на гарадзішчы былі працягнуты экспедыцыяй БДУ пад кіраўніцтвам Э. М. Загарульскага. У 1963 г. была даследавана плошча ў 100 м.кв на малым гарадзішчы (раскоп III). У 1964 г. раскопкі вяліся на селішчы на паўднёвы ўсход ад вялікага гарадзішча, дзе была даследавана плошча ў 240 м.кв. (раскоп IV). У 1967 г. было даследавана 2 раскопы на вялікім гарадзішчы (раскопы V і VI), кожны па 80 м.кв, і адзін раскоп плошчай 64 м.кв на малым гарадзішчы (раскоп VII). Акрамя таго, было пачата даследаванне абарончых збудаванняў гарадзішча. З боку ўнутранай пляцоўкі ў вал былі ўрэзаны траншэі на ўсходняй частцы вялікага гарадзішча (траншэя 2) і на малым гарадзішчы (траншэя 3). У паўночна-ўсходнім прарэзе вала была даследавана траншэя 1. У 1968 г. было праведзена даследаванне траншэй 2 і 3 з вонкавых бакоў вала.[6] Э. М. Загарульскі быў першым з даследчыкаў, хто зразумеў і даказаў, што гарадзішча на Менцы трэба датаваць IX — пачаткам XI ст.[2]

У 1969 г. М. А. Ткачоў даследаваў паўднёвы прарэз вала вялікага гарадзішча (траншэя 4). У 1975 і 1983 гг. раскопкі археалагічных помнікаў на р. Менцы пачаў полацка-мінскі атрад Інстытута гісторыі АН БССР пад кіраўніцтвам Г. В. Штыхава. На селішчы на поўдзень ад гарадзішча быў даследаваны раскоп 30х30 м (раскоп VIII).[6] Паводле Г. В. Штыхава, на селішчы знойдзена ляпны посуд, які датуецца IX ст. і сведчыць, што селішча ўзнікла раней за гарадзішча.[7] У 1976—1977 гг. Г. В. Штыхавым даследаваўся раскоп плошчай 168 м.кв амаль у цэнтры вялікага гарадзішча (раскоп IX).[6]

Паводле Г. В. Штыхава, помнік характэрызуе таксама пад’емны матэр’ял, сабраны на гарадзішчы і на селішчы мясцовым настаўнікам С. П. Ерамчуком і яго вучнямі. Яго калекцыя налічвае вялікую колькасць рэчаў, у т.л. звыш за сто пацерак X — 1-й пал. XI ст. (сярод іх 26 пацерак-лімонак), бронзавыя упрыгожанні XI ст. (сякерка, конік, манетападобная падвеска з зернем).[7]

У 1992, 1996—2001 гг. вывучэннем археалагічнага комплекса займаўся Ю. А. Заяц.[8]

Гарадзішча[правіць | правіць зыходнік]

У раскопе I на малым гарадзішчы А. Р. Мітрафанавым быў выяўлены вугал драўлянай пабудовы з рэшткамі печы, пры разборцы якога былі знойдзены срэбрная завушніца з падвескай (валынскага тыпу X — 1-х дзесяцігоддзяў XI стст.; аналогіі — Гушчынскі клад 1930 г. ля Чарнігава), пацерка-лімонка (X ст. — 1020 -я гг.), сердалікавая прызматычная пацерка (X ст.), наканечнік стралы (блізкі да стрэлаў Новатроіцкага гарадзішча VIII—IX стст.)[2] Знойдзены таксама абпаленае зерне са слядамі мяшка з суровай тканіны, серп, жалезныя нажы, жорны. У раскопе II (А. Р. Мітрафанаў, 1954) на вялікім гарадзішчы была выяўлена печ-каменка і «каменная выкладка».[9]

У раскопе III на малым гарадзішчы Э. М. Загарульскім былі знойдзены 5 наканечнікаў стрэл, з якіх адзін (чарашковы) мае аналаг сярод знаходак Новатроіцкага гарадзішча (IX—X стст.), а чатыры астатнія (утульчатыя) адносяцца да тыпаў стрэл, якія распаўсюджаны з канца IX да пачатку XI стст.; арчатае стрэмя 2-й пал. 1 тыс. да пач. 2 тыс.; цуглі ранняга перыяда Русі; фрагмент ключа X—XI стст.; долаты, сярпы; бронзавая падковападобная фібула са спіральна загнутымі канцамі (X — 1-я пал. XI ст.); бронзавы бубенчык с крыжападобнай прораззю (X — 1-я пал. XI ст.); пацеркі (X — пач. XI ст.); керамічны посуд выраблены на ганчарным крузе і большасць венцаў у посудзе характэрны для раннеганчарных пасудзін з венцам «ў выглядзе карнізіка» (IX—X стст.); сярод цікавых знаходак — днішчы некаторых пасудзін з княскай тамгой — трызубцам.[10][2]

Аналіз рэчаў, знойдзеных у раскопе III, дазволіў Э. М. Загарульскаму сцвярджаць, што гарадзішча магло функцыянаваць ужо на мяжы IX — Х ст., а гаворачы аб верхняй даце, амаль ўсе знойдзеныя датаваныя рэчы дажываюць да пачатку XI ст. (наканечнікі стрэл, пацеркі, фібула). Прычым на іх месца, па словах даследчыка, не прыходзяць рэчы тых самых катэгорый, якія былі характэрны да пазнейшага часу — 2-й пал. XI—XII стст., што ў першую чаргу заўважна па поўнай адсутнасці шкляных вырабаў. Як адзначае даследчык, у слаях наогул няма шкляных бранзалетах — самай тыповай катэгорыі рэчаў канца XI, асабліва XII ст. і наступных стагоддзяў. І хаця ў матэр’ялах раскопак ёсць рэчы, якія бытуюць на працягу ўсяго XI ст. і нават дасягаюць XII ст. (ключ ад драўлянага накладнога замка) яны, на думку Э. М. Загарульскага, не могуць змяніць прапанаванае датаванне.[11]

Рэчавы матэр’ял раскопа VII, як адзначае Э. М. Загарульскі, у асноўным звязаны з гаспадарчай дзейнасцю жыхароў паселішча: наральнікі (аналогіі ў матэр’ялах Старой Ладагі, X ст.), матыка; з упрыгожанняў — фібула з макападобнымі канцамі.[12]

Падсумоўваючы даследаванні раскопак на малым гарадзішчы, даследчык выказвае меркаванне, што ўзнікненне паселішча на гэтым месцы адносіцца да ранняга жалезнага веку і звязана з культурай штрыхаванай керамікі. Другі этап ахоплівае X — 1-я пал. XI ст. Трэцяму этапу пачатку засялення гэтай часткі паводле Э. М. Загарульскага найбольш адпавядаюць XIV—XV ст.[13]

На думку Э. М. Загарульскага, знойдзеныя прадметы матэрыяльнай культуры ніяк не могуць характэрызаваць малое гарадзішча як частку гарадской тэрыторыі — дзядзінец. Што знойдзеныя рэчы дастаткова тыповыя для старажытнарускіх паселішчаў X — пач. XI стст., што няма дадзеных пра развіццё мясцовых рамёстваў. Акрамя таго, як ён лічыць, сама тэрыторыя малога гарадзішча вельмі малая і на ёй, у лепшым выпадку мог размяшчацца адзін двор.[13]

Э. М. Загарульскі заўважае таксама, што ў старажытнарускім слоі няма археалагічных сведчанняў разбурэння паселішча, якія можна было б звязаць з ваеннымі дзеяннямі ў 2-й палове XI ст. Сляды пажару выяўлены ў больш ранніх напластаваннях, якія можна датаваць X ст. Таксама няма ў верхніх слаях і сканцэнтравання прадметаў узбраення.[13]

Рэчы, знойдзеныя ў выніку раскопак Э. М. Загарульскага на вялікім гарадзішчы (раскоп V і раскоп VI) таксама ўкладваюцца ў храналагічныя рамкі X — 1-й пал. XI ст., аднак, як ён адзначае, пад старажытнарускім слоем тут не выяўлены слой са штрыхаванай керамікай, як гэта было на малым гарадзішчы.[14]

У раскопках Г. В. Штыхава было знойдзена тое самае кола рэчаў, што і ў раскопках Э. М. Загарульскага, а таксама некалькі днішчаў керамічнага посуду з княжацкай тамгой Рурыкавічаў ранняга варыянта. Г. В. Штыхавым таксама было вызначана, што на помніку няма шкляных бранзалетаў, з чаго вынікае, што культурных адкладанняў XII—XIII ст. на гарадзішчы няма.[7]

Ю. А. Заяц адзначае, што першапачаткова малое гарадзішча займала мысавае ўзвышша ў сутоках Дуная і Мены. Даследчык даводзіць, што ніжнія пласты малога гарадзішча змяшчаюць матэр’ялы культуры штрыхаванай керамікі, а вялікага — банцараўскай культуры, а таксама, акрамя старажытнарускага перыяда, часоў ВКЛ і новага часу[1].

Сярод знаходак на гарадзішчы Ю. А. Заяц згадвае наступныя рэчы: пацерка (амулет) з егіпецкага фаянсу (II—III стст.), срэбрная завушніца з прывескай валынскага тыпу, бронзавыя спражкі, нагрудны абразок з выявамі лекараў святых Казьмы і Дзяміяна, якіх бласлаўляе Спас-Эмануіл, наканечнік ножнаў мяча, шкляныя і сердалікавыя пацеркі, фрагменты амфар, ляпнога і вырабленага на крузе керамічнага посуду, донцы гаршкоў з клеймамі ў выглядзе знака Рурыкавічаў (трызубза), жорны (IX—XII стст.), кафля, манеты, керамічны посуд і вырабы з жалеза (XVII—XIX стст.)[1].

Абаронныя збудаванні[правіць | правіць зыходнік]

У 1969 годзе М. А. Ткачоў праводзіў раскопкі каля паўднёвага прарэза валу, заклаўшы там раскоп, па сведчанні Г. В. Штыхава, у 4 м.кв. Пад валам вялікага гарадзішчы быў выяўлены слой паселішча жалезнага века. Першапачатковы ж вал складзены з пяску, змешанага з культурным слоем і рэчамі IX—X стст. Першапачатковы вал быў накрыты другім валам, у якім знойдзены рэчы XI ст. Па меркаванні М. А. Ткачова, першы вал быў насыпаны ў пачатку XI ст., другі — у XI ст.[2]

Э. М. Загарульскі, які праводзіў раскопкі вала як на малым так і на вялікім гарадзішчы, прыйшоў да высновы, што пад насыпам вала знаходзіцца напластаванні не толькі жалезнага веку, але і ўсяго старажытнарускага перыяду.[7] Так (паводле Э. М. Загарульскага) прарэзка валу малога гарадзішча (траншэя 3) паказала, што пад яго насыпам ёсць вялікі культурны слой, які цягнецца да самага схілу ўзвышша, на якім размяшчалася паселішча, і што да ўзвядзення вала плошча малога гарадзішча была прынамсі ў тры разы большай, чым пасля яго ўмацавання. На думку Э. М. Загарульскага, узвядзенне вала можна датаваць не раней за канец XIV—XV стст. і малое гарадзішча не мела штучных земляных умацаванняў ні ў жалезным веку, ні ў старажытнарускі час, бо пасля іх узвядзенння карысная плошча малога гарадзішча стала настолькі малой, што яно не магло служыць дзядзінцам.[15]

У падножжы траншэі на вялікім гарадзішчы (траншэя 2), па сведчанні Э. М. Загарульскага, выяўлены культурны слой з керамікай X — 1-й паловы XI стст. перакрыты насыпам вала. Значная таўшчыня слоя ў асобных месцах вала (да 1,2 м), на думку даследчыка, можа тлумачыцца тым, што пры насыпцы валу была выкарыстана частка старажытнага слоя. У ніжніяй частцы гэтых напластаванняў знойдзена скапленне абпаленых бярвёнаў. Як лічыць даследчык, вал насыпаўся аднаразова і адначасовыя па часе ўзвядзення ў абеіх частках замка, які быў ўзведзены некалькі стагоддзяў пазней на месцы старажытнага паселішча.[16]

Па сведчанні Г. В. Штыхава, які разрэзаў вал ў паўночнай частцы помніка, у ніжніх частках вала ён рашчысціў рэшткі гародняў — зрубы даўжынёй 3,5 — 4 м з дубовых бярвёнаў, якія ставіліся ў тры рады адзін каля другога ўздоўж вала і былі шчыльна забітыя суглінкам і супескам. Узвышаючыся прыкладна на 4 м, яны складалі аснову першапачатковай пабудовы 1-й пал. XI ст. Па меркаванні Г. В. Штыхава, умацаванні загінулі падчас вялікага пажару неўзабаве пасля іх ўзвядзення. Затым вал быў рэканструяваны і стаў ўдвая вышэйшы за папярэдні, па яго грабяню ішоў частакол, агульная яго вышыня была не меней за 8,2 м.[7]

Паводле Ю. А. Заяца, земляныя ўмацаванні былі пабудаваны на фінальным этапе існавання, або пры засяленні пляцоўкі вялікага гарадзішча носьбітамі банцараўскай культуры. На яго думку, валы вялікага гарадзішча былі ўзведзены ў X ст. і спачатку мелі вышыню 4 м. Аснову вала складалі тры рады дубовых зрубаў-гародняў памерамі 3,5 х 4 м, запоўненыя супессю і суглінкам. На працягу стагоддзя вал дабудоўваўся двойчы, у выніку чаго яго вышыня дасягнула 8-8,2 м[1].

Селішча[правіць | правіць зыходнік]

Від з паўднёвага вала на тэрырыторыю селішча на поўдзень ад гарадзішча

Раскопкі, праведзеныя Э. М. Загарульскім (раскопы IV і VIII), выявілі, па яго словах, такі самы па вялічыні і змесце матэр’ял, як і на тэрыторыі абмежаванай валам. У адрозненне ад вялікага гарадзішча, культурны слой аказаўся ў добрай захаванасці. Сярод керамічнага матэр’яла некалькі часцей за гарадзішча трапляюцца абломкі ляпнога посуду IX — пачатку X ст.[17]

На думку Г. В. Штыхава, пераважная колькасць ляпнога посуду IX ст. на селішчы сведчыць пра тое, што селішча ўзнікла раней за гарадзішча.[7]

Яшчэ адным адрозненнем з’яўляецца скапленне на месцы селішча ям рознай велечыні (14 ям у раскопе IV і 90 — у раскопе VIII). Э. М. Загарульскі падзяляе ямы ў раскопе IV на дзве групы: 1-я група — прылеглыя адна да другой круглыя ў плане і ямы, якія звужаюцца ў напрамку дна. Яны запоўнены густым чорным слоем, які змяшчае вуглі і абпаленую гліну. У іх, акрамя керамікі і костак, знойдзены нажы, цвікі, прасліцы, пацеркі і інш. Па меркаванні даследчыка, гэтыя ямы звязаны, хутчэй за ўсё, з гаспадарчай дзейнасцю. 2-я група дробных ям у плане склала прамавугольнік і, на думку Э. М. Загарульскага, магла быць звязанна з жыллёвай пабудовай наземнага тыпу.[18]

Большасць ям ў раскопе VIII, па меркаванні Г. В. Штыхава, маглі быць гаспадарчага прызначэння, аднак некаторыя ямы мелі ў плане прамавугольнікі былі і вертыкальныя сценкі, што дазволіла Э. М. Загарульскаму звязаць іх з зямлянкамі.[18]

У раскопе VIII (Г. В. Штыхаў, 1975), дзе таўшчыня слоя даходзіла да 1,4 м, і амаль паўсюдна ў слоі XI ст. на глыбіні 0,2-0,4 м былі выяўлены шкелеты людзей, часткова пашкоджаныя ворывам (магчыма узараны курганны могільнік).[2]

Фрагмент паліванай кафлі, XVI—XVII стст., Музей старажытнабеларускай культуры

Як сведчыць Ю. А. Заяц, агульная даследаваная плошча селішча складае 1900 м.кв. Даследчык адзначае, што на селішчы выяўлены рэшткі жылых і гаспадарчых пабудоў, развалы печаў X—XII і XIV—XVII стст. Па яго словах, вызначана, што ў V—VIII стст. яно мела плошчу 1,5-2 га, да пачатку X ст. — не менш за 10 га, да сяр. XI ст. — 40 га. З рэчаў знойдзеных на селішчы даследчык вылучае наступныя: фрагменты глінянага посуду культур штрыхаванай керамікі, банцараўскай, валынцоўскай, лукі-райкавецкай і роменскай, гліняныя прасліцы біканічныя з вялікай адтулінай, жалезныя нажы, ключы, наканечнікі стрэл, сякеры, парахоўніца, наральнікі, крэсівы, шыферныя прасліцы, тачыльныя брускі, бронзавыя спражкі, пярсцёнкі, фібулы, гіркі-разнавагі, накладкі на наборныя баявыя паясы, віслая пячатка князя Глеба (XII ст.), срэбраны дырхем 893 г.; да XIV—XVII стст. адносяцца керамічны посуд, кафлі, курыльныя люлькі, жалезныя нажы, ключы, відэлец, шкляны посуд, вырабы з каляровых металаў, срэбраныя, білонавыя і медныя манеты.[8]

Летапісны Менск[правіць | правіць зыходнік]

У 1930-я гады А. М. Ясінскі выказаў думку, што летапісны Менск першапачаткова размяшчаўся за межамі сучаснага горада, а дакладней на р. Менцы, дзе быў спалены падчас паходу паўднёварускіх князёў у 1066/1067 года. Аргументацыя А. Н. Ясінскага зводзілася да таго, што, па-першае, назва Менск паходзіць ад імя ракі з коранем мень-, а як такой ракі няма на тэрыторыі сучаснага Мінска, то варта звярнуць увагу на тую, што знаходзіцца паблізу ад яго. Па-другое, на тэрыторыі сучаснага горада няма археалагічных матэрыялаў, якія б суадносіліся як з часам першага згадвання Менска ў летапісе, так і з больш раннім. Па-трэцяў, пра існаванне летапіснага Менска за межамі сучаснага горада ўскосна сведчыць летапіс, дзе гаворыцца, што пасля ўзяцця Менска войска Яраславічаў пайшло «к Немизе», бо навошта ісці ад Менска да р. Нямігі, калі яна працякае праз горад.[19]

Э. М. Загарульскі лічыць, што ніводнае з гэтых палажэнняў пакуль не даказана. Адносна гарадзішча на р. Мене, даследчык лічыць, што храналагічны аналіз матэр’ялаў сведчыць пра тое, што жыццё на паселішчы спынілася задоўга да таго, як на старонках летапісу з’явіліся першыя звесткі пра Менск.[20] Спынене жыцця на паселішчы Э. М. Загарульскі звязвае з перасяленнем жыхароў на новыя месцы, што магло быць вынікам збяднення глебы.[2]

Паводле Г. В. Штыхава, археалагічны комплекс на р. Мене з’яўляецца значным цэнтрам акругі ў густазаселенай мясцовасці[21] і ён папярэднічаў узнікненню ўмацаванага замчышча на Нямізе. Даследчык лічыць дапушчальным, што паселішча і было першапачатковым Менскам, які ўзяў назву ад ракі,[22] але прычыну спынення жыцця на паселішчы ён бачыць ў абмяльчэнні ракі і спыненні праз яе гандлёвага шляху.[23]

Л. В. Аляксееў лічыць, што паселішча, верагодна, было племянным і рэлігійным (малое гарадзішча, магчыма, было капішчам) цэнтрам паўночных дрыгавічоў і мела назву Менск. Спыненне жыцця на паселішчы даследчык звязвае з захопам яго полацкім князем.[23]

Ю. А. Заяц звяртае ўвагу на тое, што з рэчаў знойдзеных на гарадзішчы колькасна значна пераважваюць ключы, прадметаў узбраення і конскай збруі, а таксама накладкі на пояс дружыннікаў (адна з галавой Тора), дэталь кніжнай зашчэпкі, свінцовая пячатка з выявай князя ці святога на аверсе і літар «П,Г» (абрэвіятура «Помози Господи») на рэверсе, шкляныя і каменныя пацеркі і арабскі дырхем 893 г. Усе гэтыя знаходкі, на думку даследчыка, адпавядаюць менавіта ўзроўню гарадской культуры[24].

Па меркаванні Ю. А. Заяца, неўмацаванае паселішча з X ст. было эканамічным і, магчыма, культавым цэнтрам вясковых паселішчаў цэнтральнай тэрыторыі Беларусі. Верагодна, яно было і «местам» — тыпам неўмацаваных перадгарадскіх паселішчаў. З будаўніцтвам дзяцінца і пераўтварэннем «места» ў горад, на яго думку, неўмацаванае паселішча стала гарадскім пасадам, які раздзяляўся на некалькі частак рэчкай і ручаём. Гарадзішча было ўмацаваным цэнтрам (дзяцінцам) пасялення (горада) на р. Мене — цэнтра Менскай воласці дрыгавічоў, потым Менскага ўдзельнага княства Полацкай зямлі. Ю. А. Заяц падзяляе мяркаванне, што гэты горад, магчыма, называўся Менскам (Меньскам, Менескам) і папярэднічаў больш позняму адміністрацыйнаму цэнтру (сучасны Мінск), які быў пабудаваны пры ўпадзенні Нямігі ў Свіслач. Пасля разгрому паселішча ў 1067 годзе і далейшага яго заняпаду гарадзішча ператварылася ва ўмацаваную феадальную сядзібу — «двор», а на частцы тэрыторыі пасада пачало фарміравацца мястэчка[24].

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Алексеев Л. В. Западные земли домонгольской Руси. Очерки истории, археологии, культуры. — Кн. 1. — М.: Наука, 2006.
  • Археалогія Беларусі. Энцыклапедыя ў 2-х тамах. — Мн.: «Беларуская энцыклапедыя» імя Пятруся Броўкі, 2009. — Т. 1.
  • Археалогія і нумізматыка Беларусі. Энцыклапедыя. — Мн.: «Беларуская энцыклапедыя» імя Патруся Броўкі, 1993.
  • Вялікі гістарычны атлас Беларусі ў 3-х т. — Т. 1. — Мн.: «Белкараграфія», 2009.
  • Вяргей В., Ганецкая І., Гурын М. Гісторыя Беларусі ў 6-ці т. — Т. 1. — Мн.: ВП «Экаперспектыва», 2000.
  • Гістарычны атлас Беларусі. — Т. 1. — Warszawa: «EFEKT», 2008.
  • Загорульский Э. М. Возникновение Минска. — Мн.: Издательство БГУ им. В. И. Ленина, 1982.
  • Заяц Ю. А., Левко О. Н. Археологическая научно-музейная экспозиция НАН Беларуси. — Мн.: Беларуская навука, 2009.
  • Лавыш К. А. Художественные традиции восточной и византийской культуры в искусстве средневековых городов Беларуси (X—XIV вв.). — Мн.: «Белорусская наука», 2008.
  • Очерки по археологии Белоруссии. — Ч. II. — Мн.: «Наука и техника», 1972.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]