Гарадоцкае ўзвышша

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Гарадоцкае ўзвышша

Гарадоцкае ўзвышша — фізіка-геаграфічны раён Беларуска-Валдайскай првінцыі. Знаходзіцца на паўночным усходзе Беларусі.

Уваходзіць у склад Беларускага Паазер'я. Прымеркавана да паўночна-заходняй часткі Аршанскай упадзіны. Займае тэрыторыю амаль усяго Гарадоцкага раёну, частку Віцёбскага і Шумілінскага раёнаў Віцебскай вобласці. На ўсходзе мяжуе з Суражскай нізінай, на поўдні — па даліне Заходняй Дзвіны з Віцебскім узвышшам, на захадзе — з Полацкай нізінай, на поўначы адгор'і ўзвышша пераходзяць у межы Расіі і зліваюцца з Невельскім узвышшам. 3 поўначы на поўдзень узвышша працягнулася на 60—70 км, з захаду на ўсход — на 40—45 км, плошча 3,3 тыс. км². Вышыні над узроўнем мора ад 135 (урэз ракі Заходняя Дзвіна ля вёскі Курына ў Віцебскім раёне) да 263 метраў (ля вёскі Загараны Гарадоцкага раёна)[1]. Узвышша прыўзнята над суседнімі нізінамі на 100 м.

У фарміраванні рэльефу ўдзельнічалі ледавікі ўсіх зледзяненняў, канчаткова аформлена ў час адступання паазерскага ледавіка (браслаўская стадыя). У аснове ўзвышша падняцце з верхнедэвонскіх вапнякоў і даламітаў. Паверхня — сістэма канцова-марэнных град даўжынёй 8—10 км і шырынёй 2—3 км, падзеленых глыбокімі (да 40 метраў) рачнымі далінамі, упадзінамі і лагчынамі. Трапляюцца адзінкава і ў групах камавыя ўзгоркі вышынёй да 20 м са стромкімі (да 30°) схіламі. Карысныя выкапні: керамічныя гліны, пясчана-жвіровы матэрыял, торф, прэсныя і мінеральныя падземныя воды.

Рачная сетка належыць да басейна Заходняй Дзвіны: рэкі Усыса, Чарнаўка, Чарнуйка (прытокі Обалі), Лужаснянка, Аўсянка; на ўсходнім схіле ўзвышша пачынаецца рака Ловаць (басейн Нявы). Найбольшыя азёры: Езярышча, Лосвіда, Кашо, Вымна, Заронава.
Глебы дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя, тарфяна-балотныя і поймавыя[1]. Разарана 25 %, пад лесам 30 % тэрыторыі. Трапляюцца ўчасткі сфагнавых балот.

У межах Гарадоцкага ўзвышша знаходзяцца заказнікі мясцовага значэння Сурміно, Цёста, Паташэнскі і гідралагічны заказнік рэспубліканскага значэння «Карыценскі мох»[2].

Зноскі

  1. 1,0 1,1 Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.5: Гальцы — Дагон / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 5. — С. 44. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0090-0.
  2. Гидрологические заказники(руск.) 

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Санько А. Ф. Гарадоцкае ўзвышша // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.5: Гальцы — Дагон / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 5. — С. 44. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0090-0.
  • Геаграфія Беларусі: Энцыкл. даведнік. — Мн.: БелЭн, 1992. — С. 54.
  • Беларуская ССР: Кароткая энцыклапедыя. У 5-і т. Т.2 / Рэд. кал.: П. У. Броўка і інш — Мн.: Гал. рэд. БелСЭ, 1979. — Т. 2. — 752 с. — 15 000 экз.