Перайсці да зместу

Гармонія (музыка)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Гармо́нія ў музыцы — тэрмін, які мае два асноўныя значэнні: сістэма сродкаў музычнай выразнасці і навуковая дысцыпліна[1].

Гармонія як сродак музычнай выразнасці

[правіць | правіць зыходнік]

Гармонія — гэта сістэмна арганізаваныя сродкі музычнай выразнасці, якія грунтуюцца на заканамерным аб'яднанні тонаў у сугучча і заканамернай сувязі сугуччаў паміж сабой.

У сучаснай тэорыі музыкі пад сугуччам разумеюць лагічна дыферэнцыраваныя гукавыя спалучэнні. У паслядоўнасці сугуччаў выяўляецца значэнне кожнага з іх у ладзе (ладавая функцыя). Спецыфічны характар гучання кожнага сугучча (фанізм) залежыць ад яго інтэрвальнага складу, падваення тонаў, іх размяшчэння, рэгістра і дынамікі. Асноўным тыпам сугучча з'яўляецца акорд. Падзел акордаў на кансанансы і дысанансы, устойлівыя і няўстойлівыя, адлюстроўвае акустычны і ладавы аспекты. Сувязь паміж кансанантнасцю і ўстойлівасцю, дысанантнасцю і няўстойлівасцю з'яўляецца прынцыповай для класічнай гармоніі[1].

Гармонія таксама ахоплівае суадносіны танальнасцей і ладоў. Рух галасоў (голасавядзенне) у шматгалосай музыцы гамафоннага і поліфанічнага складу падпарадкаваны пэўным правілам. Функцыянальна асэнсаваная паслядоўнасць акордаў, танальнасцей і ладоў, а таксама рытм іх змены (адхіленні, мадуляцыі, кадэнцыі, секвенцыі, гарманічнае вар'іраванне) з'яўляецца адной з неабходных умоў формаўтварэння ў музыцы[1].

Вобразна-мастацкае значэнне гармоніі раскрываецца ва ўзаемадзеянні з мелодыяй, метрарытмам і іншымі кампанентамі музычнай мовы, утвараючы пэўны музычны стыль (эпохі, кірунку, кампазітара, асобнага твора). Нацыянальная характэрнасць гармоніі вызначаецца ўплывам інтанацыйнага складу пэўнай нацыянальнай музыкі. Сутнасць і ўспрыняцце гармоніі эвалюцыянуюць у працэсе творчай практыкі[1].

Гармонія як навуковая дысцыпліна

[правіць | правіць зыходнік]

Гармонія — гэта навуковая і навучальная дысцыпліна, якая вывучае гісторыю вучэнняў пра гармонію, класічныя і сучасныя яе сістэмы. Яна прадугледжвае практычнае авалоданне тэхнікай гарманізацыі і іншымі сродкамі выразнасці, уласцівымі гармоніі[1].

  • Т. А. Дубкова. Гармонія // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 5: Гальцы — Дагон / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 5. — С. 65. — 576 с. 10 000 экз. ISBN 985-11-0035-8. ISBN 985-11-0090-0 (т. 5).
  • Шевалье Л. История учений о гармонии. М., 1931.
  • Тюлин Ю. Н. Учение о гармонии. — 3-е выд.. М., 1966.
  • Скребков С. С. Гармония в современной музыке: Очерки. М., 1965.
  • Холопов Ю. Н. Очерки современной гармонии: Исслед.. М., 1974.
  • Холопов Ю. Н. Гармония: Теорет. курс. М., 1988.
  • Гуляницкая Н. С. Введение в современную гармонию. М., 1984.