Гарнізон у Гелянове

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Гарнізон у Геляновегарнізон 86-га пяхотнага палка Войска Польскага, які размяшчаўся на тэрыторыі фальварка Гелянова (з 1929 года ў складзе горада Маладзечна) з 1922 па 1939 гады.

Гісторыя гарнізона і 86-га пяхотнага палка[правіць | правіць зыходнік]

Гісторыя гарнізона ў Гелянове пачалася ў 1922 годзе, калі 86-ы пяхотны полк Войска Польскага быў пераведзены сюды з Вільні. Полк быў набраны з жыхароў Мінска і Міншчыны падчас савецка-польскай вайны ў 1919 годзе і ўваходзіў у склад так званых сіл «Самаабароны Літвы і Беларусі» пад назвай «Мінскі стральцовы полк». Ён адзначыўся ўдзелам у Варшаўскай бітве.

У кастрычніку 1920 года полк прыняў удзел у паходзе на Вільню генерала Жалігоўскага ў выніку якога паўстала новая дзяржава — Сярэдняя Літва са сталіцай у Вільні. Тут полк знаходзіўся да сакавіка 1922 года, калі паводле сумеснага акту сеймаў у Варшаве і Вільні Віленскі край быў прыняты ў склад Польшчы, а Войска Сярэдняй Літвы была ўключана ў Войска Польскае. Тады «Мінскі стралковы полк» стаў 86-м пяхотным палком Войска Польскага і быў пераведзены ў фальварак Гелянова, дзе размяшчаліся асноўныя сілы палка. Штаб палка спачатку знаходзіўся на вуліцы Замкавай у Маладзечне, трэці батальён — у вёсцы Краснае, а батальён запасу застаўся каля Вільні — у Новай Вілейцы.

У 1924 годзе ў фальварку Гелянова пачалося грунтоўнае будаўніцтва. Былі ўзведзеныя цагляныя казармы для шарагоўцаў, закладзеныя афіцэрскія дамы і іншыя пабудовы вайсковай інфраструктуры гарнізона. Пад канец 20-х гадоў ваенны гарадок ужо займаў вялікую плошчу, абмежаваную, калі глядзець на сучасны план Маладзечна, вуліцамі Драздовіча, Ясінскага, Чайкоўскага і Б.Хмяльніцкага. Тут пражывала 68 афіцэраў з сем'ямі і 2200 падафіцэраў і жаўнераў рэгулярных войскаў.

У 1929 годзе фальварак Гелянова ўвайшоў у склад горада Маладзечна. У тым жа годзе на паўночным уездзе ў гарнізон была ўзведзена трыўмфальная арка ў гонар кіраўніка Польшчы Юзафа Пілсудскага. Адкрыццё аркі адбылося падчас урачыстасцей, прысвечаных святкаванню дзесяцігодзя 86-га пяхотнага палка.

У верасні 1939 года полк у складзе 19-й пяхотнай дывізіі Войска Польскага прымаў удзел у абароне Пётркува-Трыбунальскага ў цэнтральнай Польшчы, дзе змагаўся супраць сіл 10-й арміі Германіі. У ходзе адступлення полк займаў пазіцыі паблізу Гродна, але 17 верасня, калі на тэрыторыю Заходняй Беларусі ўвайшлі часткі Чырвонай Арміі, быў вымушаны скласці зброю. З таго часу гарнізон у Гелянове прыпыніў сваё існаванне, як вайсковае паселішча.

Гарнізон у Гелянове сёння[правіць | правіць зыходнік]

На тэрыторыі сучаснага Гелянова захавалася шмат пабудоў, што калісьці ўваходзілі ў склад ваеннага гарадка.

Будынак вайсковых казармаў, які пасля вайны выкарыстоўваўся па-рознаму. У пэўныя часы тут знаходзіўся інтэрнат Маладзечанскага ўлікова-планавага тэхнікума і навучальныя аўдыторыі Маладзечанскага медыцынскага вучылішча. У адным з крылаў гэтага будынка знаходзіўся Маладзечанскі абласны камітэт камсамола, першым сакратаром якога быў Пётр Машэраў. Пасля капітальнага рамонту 2010—2012 гадоў тут размясціўся навучальны корпус Маладзечанскага політэхнічнага каледжа.

Добра захаваліся два трохпавярховыя дамы для сем'яў польскіх афіцэраў, што стаяць на вуліцы Машэрава. Да пачатку 1960-х паміж гэтымі будынкамі знаходзілася трыўмфальная арка. Дамы пабудаваны ў стылі характэрным для ведамственнага жытла міжваеннай Польшчы. На сценах будынкаў можна заўважыць сляды ад куль і снарадаў.

Будынак, дзе цяпер знаходзіцца Мінскі абласны драматычны тэатр, у часы 86-га палка быў культурна-забаўляльным цэнтрам гарнізона. Тут знаходзіўся клуб афіцэраў, казіно і афіцэрская сталовая. Насупраць тэатра, праз вуліцу Машэрава, знаходзіцца двухпавярховы жылы дом. Гэты дом быў адной з першых цагляных пабудоў гарнізона. Ён прызначаўся для сем'яў падафіцэраў Войска Польскага. Пасля вайны ў гэтым будынку размяшчаўся Маладзечанскі абласны вузел сувязі.

Корпус, у якім цяпер месцяцца ўралагічнае і хірургічнае аддзяленні першай гарадской бальніцы, раней з'яўляўся штабам палка. Да нашага часу ў ім захаваліся радыятары старой сістэмы ацяплення і частка вокнаў нетыповай падоўжанай формы.

Па вуліцы Буйло размяшчаецца былы дом каменданта гарнізона. Цяпер гэта дзіцячы цэнтр культуры «Расток».

Сучасны Маладзечанскі гарадскі стадыён зроблены на месцы вайсковага пляцу, на якім таксама праводзіліся конныя вучэнні. На заходняй частцы гарнізона, уздоўж цяперашняй вуліцы Язэпа Драздовіча, былі пабудаваныя вялікія стайні. Пасля вайны на месцы гэтых канюшняў размясціліся цахі Маладзечанскай мэблевай фабрыкі. Добра захавалася вадацяжная вежа, якая забяспечвала вадой паілкі для коней.

Таксама ў Гелянове захавалася шмат тыповых двухпавярховых дамкоў адметнай даваеннай архітэктуры. Гэтыя будынкі ўзведзеныя для цывільнай абслугі гарнізона і для сем'яў ніжэйшых камандных чыноў.

Трыўмфальная арка і палкавы звон[правіць | правіць зыходнік]

Трыўмфальная арка ў Гелянове

Трыўмфальная арка, узведзеная ў 1929 годзе, абазначала сабой парадны ўезд на тэрыторыю гарнізона з боку Маладзечанскага чыгуначнага вакзала. Яна была ўпрыгожана шматлікімі барэльефамі, статуямі рыцараў і львоў. Наверсе аркі знаходзілася невялікая капліца, адкуль палкавы капелан бласлаўляў жаўнераў падчас вайсковых урачыстасцей.

У арцы былі тры праёмы, адзін для транспарту і два для пешаходаў. Сярэдні праезд быў занадта вузкім, у ім немагчыма было раз'ехацца двум аўтамабілям. Таму на пачатку 1960-х гадоў у сувязі з павелічэннем аўтамабільнага руху ў Маладзечне гарадскія ўлады вырашылі разбурыць арку. Цікавы факт: пасля рэканструкцыі прыпынку «Драмтэатр» на яго даху з'явілася эмблема са спрошчанай выявай аркі і надпісам «Гелянова».

На даху будынка № 16 на прашп. Незалежнасці ў Мінску доўгі час знаходзіцца звон выраблены ў 1929 годзе на тэрыторыі Польскай Рэспублікі ў ліцейні братоў Фельчынскіх у Калушы.

На зване змешчаны надпісы і два барэльефы.

Першы надпіс:

Звон выраблены за сродкі Мінскага стральцовага палка ў гонар асілкаў палеглых пры абароне Мінскай зямлі
Р. П.1929
Арыгінал:
Dzwon ufundowany staraniem Mińskiego pułku strzelców ku czci poległych bohaterów w obronie ziemi Mińskiej
R.P.1929

Другі надпіс:

Імя маё — Ірэна
Зроблены ў ліцейні братоў Фельчынскіх у Калушы
Мастак Аляксандр Бароўскі
Арыгінал:
Imię moje — Irena
Wykonane w odlewni braci Fielczyńskich w Kałuszy
Artysta Aleksander Borawski

Надпіс па акружнасці звана:

У гонар палеглых. Жывым у памяць. У славу Польшчы.
Арыгінал:
Poległym ku czci. Żyjącym ku pamięci. Polsce ku większej chwale

На адным з барэльефаў выяўлены забіты на вайсковых умацаваннях жаўнер. Побач з ім ляжыць стрэльба, а над ім — Маці Божая. На другім барэльефе — Маці Божая Вострабрамская, а пад ёй фігуры людзей.

Ёсць меркаванне, што гэты звон быў адліты для капліцы 86-га пяхотнага палка Войска Польскага, які да 1922 года і меў назву «Мінскі стральцовы полк». Капліца хутчэй за ўсё размяшчалася ў трыўмфальнай арцы Геляноўскага гарнізона.

Камандаванне 86-га палка пяхоты[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]