Гархвалі
Гархвалі (गढ़वळि मन्खि') | |
![]() | |
Агульная колькасць | 3755000 |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Гархвал |
Мова | гархвалі |
Рэлігія | індуізм |
Блізкія этнічныя групы | кхас, кумаоні, пахары |
Гархва́лі (дэванагары: गढ़वळि मन्खि) — індаарыйскі народ, асноўнае насельніцтва рэгіёна Гархвал у Гімалаях. Агульная колькасць (2018 г.) - 3 755 000 чал.
Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]
Гархвалі — нашчадкі перасяленцаў з тэрыторыі сучаснага штата Хімачал-Прадэш, якія прыбылі ў 1 тысячагоддзі да н. э. Яны засяроджвалі свае паселішчы вакол далін, што кантраляваліся пэўным родам. Цэнтрам такіх родавых уладанняў была крэпасць. У мінулым налічвалася 52 крэпасці, і сама назва краіны літаральна значыла «крэпасці». У II ст. яна ўвайшла ў склад дзяржавы Кунінда. У 823 г. раджпут Канак Паль заснаваў дзяржаву Гархвал, дзе ў далейшым кіравала створаная ім дынастыя Панвараў.
У XI ст. дзяржава Гархвал была ўключана ў склад дзяржавы Кумаон, аднак Панвары захоўвалі аўтаномію. Выхадцы з Гархвала былі вядомы як выдатныя воіны, што наймаліся ў арміі суседніх дзяржаў. У канцы 1802 г. армія Гархвала атрымала паразу ў вайне з гуркхамі. У 1814 г. рэгіён трапіў у склад Брытанскай Індыі. На частцы тэрыторыі кіраванне Панвараў было ўзноўлена і працягвалася да ліквідацыі ўрадам незалежнай Індыі ў 1949 г.
Салдаты гархвалі ўдзельнічалі ў I Сусветнай вайне і II Сусветнай вайне. У знак падзякі апошні гархвальскі манарх Раджа Нарэндра Шах атрымаў тытул махараджы і рыцарскае званне.
Асаблівасці культуры[правіць | правіць зыходнік]
Галоўнымі заняткамі гархвалі здаўна былі адгонная жывёлагадоўля і земляробства. Яны займаліся вытворчасцю воўны і збожжа, актыўна гандлявалі з Тыбетам, суседнімі раёнамі Індыі і Непала. Распаўсюджаныя рамёствы: ткацтва, апрацоўка скуры, будаўніцтва.
Захаваліся толькі некаторыя элементы жаночай народнай вопраткі: пояс камарбандтх і галаўное покрыва джулка. Распаўсюджаны ювелірныя ўпрыгожванні, у тым ліку насавыя.
Для гархвальскай кухні характэрна вялікая колькасць мясных страў. Мяса ўжываюць нават брахманы. Папулярны пшанічныя аладкі роты і вараны рыс з агародніннымі і бабовымі падлівамі.
Асновай сацыяльнага ладу з'яўляецца вялікая пашыраная сям'я на чале найстарэйшага мужчыны. У мінулым былі вядомы палігінія і паліандрыя. Пашыраныя сем'і аб'ядноўваюцца ў палігамныя роды. Кожны род мае свой статус, які вызначаецца паходжаннем, каставай прыналежнасцю, эканамічным становішчам. Прадстаўнікі ніжэйшых родаў харыджані лічыліся падначаленымі ў адносінах да вышэйшых. На вяршыні сацыяльнай лесвіцы стаялі так званыя гархвальскія раджпуты. З іх вылучаліся выхадцы з манархічнага роду Панвараў. Яны шанавалі асобнае бажаство, свайго заступніка Раджа-Раджэшвары. Да пачатку XIX ст. практыкавалася рабства.
Гархвальскі фальклор вядомы рэлігійнымі песнямі і танцамі, чарадзейнымі казкамі, гістарычнымі паданнямі.
Мова[правіць | правіць зыходнік]
Родная мова гархвалі адносіцца да індаеўрапейскай сям'і моў. У нашы дні шырока распаўсюджана мова хіндзі, якая мае афіцыйны характар.
Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]
Большасць вернікаў — індуісты. Гархвалі захоўваюць шанаванне мясцовых бажаствоў, якіх лічаць аватарамі індуісцкіх багоў, вераць у магію і злых духаў. Шырока распаўсюджаны культ змеяў.
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
![]() |
Гархвалі на Вікісховішчы |
---|