Гасконская мова

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Гасконскі дыялект
Саманазва Gascon
Краіны Францыя, Іспанія
Афіцыйны статус Іспанія, Каталонія
Агульная колькасць носьбітаў каля 250 000
Класіфікацыя
Катэгорыя Мовы Еўразіі

Індаеўрапейская сям'я

Раманская група
Аксітана-раманская падгрупа
Пісьменнасць лацініца
Моўныя коды
ISO 639-1
ISO 639-2
ISO 639-3

Гасконская мова-дыялект (Gascon, [gasˈku]; фр.: [gaskɔ̃]) — дыялект аксітанскай мовы. Часам разглядаецца як самастойная раманская мова.

Гасконская мова распаўсюджана ў Гасконі і БеарнеФранцыі: у частцы дэпартаментаў Атлантычныя Пірэнеі, Верхнія Пірэнеі, Ланды, Жэр, Верхняя Гарона, Ло і Гарона і Ар'еж, у большай частцы Жыронды; у Іспаніі — у невялікай даліне Валь-д’Аран на паўночным захадзе Каталоніі).

Арэал гасконскай мовы

У Іспаніі распаўсюджаны толькі паўднёвы варыянт гасконскай мовы — аранскі дыялект, на які аказала моцны ўплыў каталанская і іспанская мовы. У выніку гэтага ўздзеяння існуе тэндэнцыя аддалення аранскага дыялекту ад французскіх дыялектаў гасконскай мовы. Аранскі дыялект мае ў Валь-д’Аран статус афіцыйнай мовы (нароўні з іспанскай і каталанскай).

Паводле І. І. Чалышавай, сфера ўжывання гасконскай мовы/дыялекту ў наш час скарачаецца. Мова практычна не ўжываецца ў гарадах. Лепш за ўсё гасконскія гаворкі захаваліся ў Пірэнеях і ў сельскіх раёнах, сыходзячы ў сферу вусновых і бытавых зносін. У Францыі не мае афіцыйнага статусу. Колькасць тых, хто размаўляе на ёй, не вызначана, хоць паводле некаторых звестак у свеце мовай валодае каля 250 тыс. чалавек[1]. Статус гасконскай мовы/дыялекту ў раманістыцы працягвае заставацца дыскусійным[2].

Баскскі субстрат[правіць | правіць зыходнік]

Мова, на якой размяўлялі ў Гасконі перад рымскім кіраваннем, была часткай баскскага дыялектнага кантынууму (гл. аквітанская мова). Само слова «Гасконь» паходзіць з лацінскага кораня vasco/vasconem і з'яўляецца аднакарэнным з «баск» (Vasconēs, з пераходам [v] → [gw] → [g]). Гэта можа сведчыць пра тое, што носьбіты мовы ў той час ідэнтыфікавалі сябе як баскі. Прысутнасць баскскага субстрата ў развіцці гасконскай мовы была даказана навукова. Гэта тэорыя тлумачыць некаторыя асаблівасці, якія адрозніваюць гасконскую ад іншых аксітанскіх моў.

Характэрнай рысай гасконскай мовы, якая можа паходзіць з мовы-субстрата, з'яўляецца змена «f» на «h». У словах, якія ў латыні першапачаткова пачыналіся на [f], (напрыклад festa — «урачыстасць»), гэты гук саслаблены да прыдыхальнага [h], а затым, у некаторых месцах увогуле знік (гасконскае hèsta [ˈhɛsto] ці [ˈɛsto]). Паводле субстратнай тэорыі, гэта магло адбыцца з-за адсутнасці ў баскскіх дыялектах фанемы /f/. Падобная змена адбылася ў кантынентальнай іспанскай мове: лацінскае facere стала іспанскім hacer (вымаўляецца як [a.ˈθer], а ў некаторых аддаленых раёнах, асабліва, у паўднёва-ўсходняй Андалусіі — [haˈθɛɾ]).

Некаторыя лінгвісты, аднак, лічаць субстратную тэорыю памылковай і тлумачаць гэтыя і іншыя змены ўнутрымоўнымі працэсамі. Пераход [f] у [h] як у гасконскай, так і ў іспанскай мовах, якія развіліся ў баскамоўных рэгіёнах, можа быць супадзеннем, хоць гэта і малаверагодна.

Сучасная баскская мова таксама зведала лексічны ўплыў з боку гасконскай, напрыклад, словы beira («шкло»), polit («мілы», гасконскае polit/polida).

Сучаснае становішча[правіць | правіць зыходнік]

Падчас апытання, праведзенага ў 1982 годзе ў Беарне, было ўсталявана, што 51 % насельніцтва размаўляў на гасконскай мове, 70 % разумелі яе, а 85 % падтрымлівалі абарону мовы. Аднак у апошні час выкарыстанне мовы значна скарацілася — галоўным чынам з-за таго, што мова не перадаецца наступным пакаленням. Асабліва прыкметна скарацілася ўжыванне мовы ў гарадах і на паўночным усходзе арэала.

У Францыі ў дачыненні да гасконскай мовы выкарыстоўваецца тэрмін «патуа», які пазначае мясцовую гаворку ў цэлым. У Беарне мясцовыя варыянты гасконскай мовы з XVI стагоддзі называюцца «Béarnais» (беарнская). Гэта звязана з палітычным мінулым Беарна, які з 1347 па 1620 год быў суверэннай дзяржавай.

У лінгвістычным плане не існуе ўніфікаванага беарнскага дыялекту, і ў розных рэгіёнах правінцыі мова значна адрозніваецца. Адрозненні ў вымаўленні могуць быць падзелены на ўсходнія, заходнія і паўднёвыя (у горных раёнах). Напрыклад, «a» на канцы слова на захадзе вымаўляецца як [a], на ўсходзе — [o], а на поўдні — [œ].

Субдыялекты[правіць | правіць зыходнік]

У гасконскай мове вылучаюць з тры групы гаворак:

  • Раўнінныя гаворкі («Garonnais Gascon») — у даліне ракі Гароны. Найменш адасобленая форма гасконскай мовы. Блізкія да лангедокскага дыялекту аксітанскай мовы.
  • Пірэнейскія гаворкі — на поўдні і паўднёвым захадзе арэала. Адрозніваюцца некаторымі архаічнымі і спецыфічнымі рысамі.
  • Часам вылучаецца прамежкавая група, да якіх адносяцца ў прыватнасці гаворкі Беарна.

Пісьменнікі[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура на гасконскай мове існавала пачынаючы са сярэдневяковага перыяду. У новы перыяд найбуйнейшы паэт - Жаку Жансемін.

Запазычанні з гасконскай мовы ў іншыя мовы[правіць | правіць зыходнік]

Некаторыя словы французскай мовы маюць гасконскае паходжанне. Напрыклад, французскае cadet (-te) — «малодшы, -ая», якое першапачаткова азначала «малодшы (сын)», «малады дваранін, які прызначаўся для ваеннай ці духоўнай кар'еры», узыходзіць да гасконскага capdèt — «камандзір, начальнік». Гасконскае berret — «шапка» трапіла ў беарнскую мова, а затым і ў літаратурную французскую: béret — «баскская шапка». Пры дапамозе французскага гэтыя словы трапілі і ў іншыя мовы: напрыклад, беларускія словы «кадэт» і «берэт». Англійская назва баравіка cep паходзіць ад гасконскага cep — «ствол», а izard — «пірэнейскі сарна» ад французскага ці гасконскага isard.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Челышева И. И. Гасконский язык/диалект // Языки мира: Романские языки / Редакторы: Т. Ю. Жданова, О. И. Романова, Н. В. Рогова. — М. : Academia, 2001. — С. 321—335. — 720 с. — (Языки Евразии). — ISBN 5-87444-016-X.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]