Перайсці да зместу

Турыст (гасцініца, Мінск)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Гасцініца «Турыст» (Мінск))
Турыст
Краіна
Месцазнаходжанне
Канец будаўніцтва 1973
Архітэктурны стыль савецкі мадэрнізм[d]
Архітэктар Леў Мікалаевіч Пагарэлаў і Анатоль Міхайлавіч Гуль

Турыст — гасцініца ў Мінску, размешачаная па Партызанскім праспекце, 81.

Пабудавана ў 1973 годзе са зборнага жалезаботону па праекце архітэктараў Л. Пагарэлава і А. Гуля.

Рэстаўрацыя мазаікі

[правіць | правіць зыходнік]

Пры стварэнні мазаічнага пано «Беларусь партызанская» былі дапушчаны тэхнічныя памылкі[1]. У пачатку 1990-х гадоў пано пачало разбурацца[2]. Яно складалася больш як з 4 мільёнаў маленькіх плітак смальты, якія былі выраблены на заводзе ў Лісічанску (Украіна)[1]. Да 2014 года каля 50 % пано абсыпалася, а смальта прыйшла ў непрыдатнасць[1].

У 2013 годзе па рашэнні Мінгарвыканкама да аднаўлення пано прыступілі спецыялісты Белрэстаўрацыі[1]. Паколькі дастаць арыгінальную смальту было немагчыма, была знойдзеная падобная, лепшая па якасці ў Санкт-Пецярбургу. Каб паменшыць розніцу ў нюансах колеру з аўтэнтычнымі фрагментамі, адноўленыя былі прытаніраванавыя[2].

Сценавыя панэлі, на якіх мацавалася пано, знаходзілася ў перадаварыйным стане і патрабавалі замены. Адной з асноўных прычын разбурэння стала карозія арматурнай сеткі. Паміж панэлямі былі дрэнна заштукаваныя шчыліны, куды пранікала цёплае паветра, і ў халодны перыяд года на ўнутранай паверхні пано ўтвараўся кандэнсат. У выніку бетон разбурыўся. Блізкасць метро і трамвайных шляхоў паскорыла гэты працэс[2].

Працы праводзіліся за кошт сродкаў горада з удзелам рэспубліканскага бюджэту і працягваліся два гады. Мазаіка была ўрачыста адкрытая 9 кастрычніка 2015 года[1].

Складаецца з лаканічнага па архітэктуры 14-павярховага корпуса, выкананага з жалезабетону і шкла, і прылеглага да яго 1—2-павярховага аб’ёму складанай канфігурацыі. Франтальныя фасады рытмічна расчлянёны міжпаверхавымі гарызантальнымі панелямі, квадратнымі аконнымі праёмамі, вертыкальнымі рэбрамі ў прасценках. Лёгкасць будынку надаюць V-падобныя жалезабетонныя апоры. Вышынны корпус з камфартабельнымі жылымі пакоямі разлічаны на 550 месцаў. У нізкім аб’ёме размешчана развітая вестыбюльная група памяшканняў, рэстаран, банкетная зала, канферэнц-зала, фае.

Пано «Беларусь партызанская»

Архітэктурная пластыка ўзбагачана сродкамі манументальна-дэкаратыўнага мастацтва (мастацкія кіраўнікі Л. Пагарэлаў, А. Кішчанка). Тарэц будынка аздоблены вялікім мазаічным пано «Беларусь партызанская» (мастакі А. Кішчанка, С. Сакалоў). Кампазіцыя смальтавай мазаікі прыцягвае да сябе ўвагу напружанай аранжава-чырвонай гамай, спалучэннем жоўтых і карычнева-чорных колераў. Яна сімвалізуе адзінства народа, памяць аб народных мсціўцах, якія ў небяспечны для Радзімы час узняліся на яе абарону. Лініі пано, якім нададзена форма канцэнтрычных кругоў, кантрастуюць з прамавугольнымі формамі будынка.

Сувязь архітэктурнай і выяўленчай пластыкі вызначае і ўнутранае афармленне будынка. Вар’іруюцца тэмы прыроды, народнага мастацтва і рамёстваў Беларусі, навукова-тэхнічных дасягненняў. Такая тэматычная накіраванасць адпавядае прызначэнню гасцініцы, якая з’яўляецца адным з турысцкіх цэнтраў рэспублікі. Вестыбюль упрыгожаны сферычнымі каванымі чашамі, зала рэстарана — дэкаратыўнай скульптурнай кампазіцыяй «Поры года» (мастакі А. Кішчанка, скульптура С. Ларчанка). Дзверы-рашоткі з мудрагелістымі ўзорамі аддзяляюць рэстаранную залу ад вестыбюля (мастак Ю. Любімаў; метал, коўка). Аскетычную прастату хола змякчае габелен «Чалавек пазнае свет» (мастакі А. Кішчанка, А. Бельцюкова, Г. Гаркуноў). Ва ўнутраным дворыку ўстаноўлена бетонная дэкаратыўная скульптура «Юнацтва» (скульптар С. Ларчанка).

Зноскі