Гаявата

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Гаявата
Малюнак 1910 г.
Малюнак 1910 г.
правадыр, заснавальнік лігі іракезаў
Міфалогія іракезская
Пол мужчынскі пол
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гаява́та (анандага: Haiëñ'wa'tha, англ.: Hiawatha) — легендарны правадыр магаўкаў або анандага. Культурны герой міфалогіі іракезаў, адзін з заснавальнікаў іх лігі.

Легендарны персанаж[правіць | правіць зыходнік]

У паданнях іракезаў Гаявата выступае як адзін з галоўных заснавальнікаў іх лігі. У запісах іракезскіх паданняў, зробленых у XIX ст., ён адначасова выступае як міфічны культурны герой і як канкрэтная гістарычная асоба. Дакладны час жыцця Гаяваты не вядомы. Мяркуецца, што ён мог жыць у перыяд ад XIV ст. да XVI ст. Верагодным годам прыходу Гаяваты да сенека быў 1451 г., паколькі ў іх паданнях ўзгадваецца сонечнае зацьменне.

Іракезскі фальклор атаесамляе Гаявату з магаўкамі і анандага. Сучасныя даследчыкі звычайна паказваюць яго па паходжанню як анандага, што стаў правадыром магаўкаў. Гэта было магчыма дзякуючы матрылакальнай сістэме, распаўсюджанай сярод іракезаў, калі мужчына быў вымушаны сяліцца сярод сваякоў жонкі, таму пераход ад аднога племені да іншага лічыўся звычайным. Аднак у фальклоры таксама ясна прасочваецца залежнасць Гаяваты ад Тададаха, бязлітаснага правадыра анандага.

Да заснавання лігі іракезаў магаўкі, анандага, анейда, каюга і сенека вялі ўзаемныя крывавыя войны, што сталі прычынай голаду і скарачэння насельніцтва. Гаявата праславіўся як ваенны правадыр, але ўсё болей задумваўся пра мір. Змены адбыліся дзякуючы яго сустрэчы з гуронам Дэганавайдам. Дэганавайда перасёк возера Антарыа і сустрэў на паўднёвым беразе рыбака, які нанізваў рознакаляровыя пацеры на нітку і рабіў вампум. Гэта быў Гаявата. Ён растлумачыў, што спалучэнне белых і чорных пацер азначалі імкненне да міру. Дэганавайда прыбыў як Вялікі Міратворац, а таму палічыў думкі Гаяваты правільнымі, але здзівіўся, чаму той робіць вампум у самоце. Гаявата прызнаўся, што яго жаданне жыць у міры не падзяляе Тададаха. З-за магіі правадыра анандага ў Гаяваты памерлі тры дачкі. Згодна іншай версіі, Дэганавайда першы распавёў Гаяваце пра перавагі мірнага жыцця. Гаявата прыняў яго план міратворнасці, але Дэганавайда папярэдзіў, што Тададаха будзе супраць.

Яны разам адправіліся да магаўкаў і іншых іракезамоўных народаў з планам Дэганавайды стварэння адзінай лігі. Гаявата выступаў у якасці правадыра-аратара. Дзякуючы яго аўтарытэту, магаўкі, анейда, каюга і сенека далі згоду. Найбольш небяспечным аказалася вандроўка да Тададаха, што хаваўся ў пячоры і выглядаў нібы злы дух са змеямі, уплеценымі ў валасы. У Гаяваты і Дэганавайды атрымалася пераканаць правадыра-чараўніка. Як толькі ён даў згоду, яго твар стаў чалавечым. Гаявата расплёў яго валасы і вызваліў іх ад змеяў.

Вампум Гаяваты стаў знакам і мадэллю лігі іракезаў. На працягу стагоддзяў абмен вампумамі з'яўляўся важным дыпламатычным актам. У нашы дні выкарыстоўваецца ў якасці сімвала лігі.

Гаявата ў амерыканскай культуры[правіць | правіць зыходнік]

Папулярызацыя вобраза Гаяваты ў амерыканскай культуры адбылася дзякуючы эпічнай паэме Генры Лангфела «Спеў аб Гаяваце», напісанай у 1855 г. (перакладзена на беларускую мову А. Куляшовым). Яна вывучаецца ў амерыканскіх школах, таму добра вядома кожнаму амерыканцу. Аднак Гаявата ў паэме Г. Лангфела — культурны герой, складзены з міфічных вобразаў розных індзейскіх народаў, і не супадае з іракезскім.

У нашы дні імя Гаяваты шырока выкарыстоўваецца ў ЗША як назва паркаў, мастоў, вуліц, транспартных сродкаў. Імя Гаяваты мае чыгунка і чыгуначная станцыя, пабудаваная паміж Чыкага і Мілуокі.

Галерэя[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]