Геаграфія Егіпта

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Егіпет — краіна на паўночным усходзе Афрыкі і паўднёвым захадзе Азіі. Мяжуе з Ізраілем, тэрыторыяй Палесціны (сектарам Газы), Суданам і Лівіяй. На поўначы абмываецца водамі Міжземнага мора, на ўсходзе — Чырвонага мора. Па тэрыторыі Егіпта праходзіць Суэцкі канал — найкарацейшы марскі шлях з Міжземнага мора ў Індыйскі акіян.

Егіпет мае пераважна раўнінны рэльеф. Большую частку Егіпта займаюць пяскі і камяністыя прасторы Сахары. Клімат трапічны пустынны, вельмі сухі і спякотны; на поўначы — міжземнаморскі. У такіх умовах яшчэ большую ролю набывае Ніл — найбуйнейшая рака, што перасяе краіну з поўдня на поўнач і стварае вялікую дэльту. Даліна Ніла — суцэльны заселены аазіс.

У краіне маюцца паклады нафты і прыроднага газу, фасфарытаў, жалезнай руды.

Тэрыторыя і геаграфічнае становішча[правіць | правіць зыходнік]

Здымак тэрыторыі Егіпта з спадарожніка

Егіпет размяшчаецца на 1 млн км²[1] і такім чынам з'яўляецца 30-й паводле плошчы краінай свету. Тэрыторыя краіны прыкладна адпавядае памеру ўсёй Цэнтральнай Амерыкі[2], у два разы большая за тэрыторыю Іспаніі[3], і ў чатыры разы большая за тэрыторыю Вялікабрытаніі[4], а таксама роўная складзеным разам амерыканскім штатам Тэхас і Каліфорнія[5]. Егіпет размешчаны паміж 22 ° і 32 ° з.ш. і 24 ° і 36 ° у.д.

Егіпет мяжуе з Лівіяй на захадзе, Суданам на поўдні і мае мяжу з сектарам Газа і Ізраілем на ўсходзе. Абмываецца Міжземным морам на поўначы і Чырвоным морам на ўсходзе. Сінайскі паўвостраў абмываецца двума залівамі Чырвонага мора: на захадзе — Суэцкім, на ўсходзе — залівам Акаба. Егіпет — адна з нямногіх краін, размешчаных адразу ў двух частках свету і адзіная, што разлеглася на двух кантынентах: Сінайскі паўвостраў плошчай 130 тыс. км² геаграфічна належыць да Азіі (Еўразіі). З гэтай стратэгічна ўнікальнай транскантынентальнасці вынікае важная роля Егіпта ў геапалітыцы: дзяржава валодае суднаходным водным шляхам Суэцкага канала, які злучае Міжземнае мора з Індыйскім акіянам праз Чырвонае мора.

Рэльеф[правіць | правіць зыходнік]

Ля падножжа найвышэйшай гары Егіпта размясціўся Манастыр Святой Кацярыны

Афрыканская частка Егіпта пераважна раўнінная, платападобная. Вышыні змяншаюцца з поўдня на поўнач, дзе-нідзе апускаючыся ніжэй за ўзровень мора, ажно да -133 м. ва ўпадзіне Катара. Паралельна узбярэжжу Чырвонага мора цягнуцца невысокія (да 1900 м) аднак скалістыя, бляклыя Нубійскія горы. Найвышэйшыя ж пункты краіны знаходзяцца ў азіяцкай частцы: у паўднёвым куце Сінайскага паўвострава ўздымаюцца горы вышынёй да 2 650 м (гара Кацярыны).

Карысныя выкапні[правіць | правіць зыходнік]

У Егіпце маюцца значныя па рэгіянальных мерках паклады нафты і прыроднага газу, фасфарытаў, жалезнай руды.

Клімат[правіць | правіць зыходнік]

Клімат на большай частцы Егіпта трапічны пустынны. Сярэдняя тэмпература вагаецца ад 27 °C да 32 °C летам і да 43 °C на ўзбярэжжы Чырвонага мора. Сярэднія зімовыя тэмпературы складаюць ад 13 °C да 21 °C. На поўдзень ад Каіра, колькасць ападкаў мізэрная — у сярэднім ад 2 да 5 мм у год, прычым дажджы выпадаюць з інтэрвалам у некалькі гадоў (і толькі ў зімовыя месяцы)[6]. У вясновыя месяцы і на пачатку лета з паўднёвых пустынь дзьме сухі гарачы вецер хамсін.

На вельмі тонкай паласе паўночнага ўзбярэжжа колькасць ападкаў можа дасягаць 410 мм[7], прычым уся гэта сума прыпадае на перыяд паміж кастрычнікам і сакавіком. Гэта вобласць субтрапічнага міжземнаморскага клімату. Устойлівы вецер з паўночнага захаду дапамагае знізіць тэмпературу ля ўзбярэжжа Міжземнага мора. У гарах Сіная і некаторых паўночных прыбярэжных гарадах зрэдку выпадае снег.

Ніл[правіць | правіць зыходнік]

Даліна Ніла каля Луксора

Адзіная водная артэрыя, што не перасыхае — гэта Ніл, найдаўжэйшая рака Афрыкі. Ніл перасякае Егіпет з поўдня на поўнач і пры ўпадзенні ў Міжземнае мора стварае вялізную дэльту плошчай 24 тыс.кв.км. На ўсім сваім егіпецкім працягу Ніл не прымае ніводнага прытока і выключна губляе ваду на ўсе магчымыя гаспадарчыя патрэбы. Вышэй горада Асуан у пачатку 1960-х была пабудавана плаціна, якая стала падпорам вадасховішча Насер.

Краявіды[правіць | правіць зыходнік]

Выдма ва ўпадзіне Катара

Большую частку Егіпта займае пустыня з дзе-нідзе параскіданымі аазісамі. Егіпет уключае ў сябе часткі пустыні Сахара і Лівійскай пустыні. Вятры ствараюць уражваючыя пясчаныя выдмы, якія часам дасягаюць вышыні болей за 30 метраў. Паміж пяскоў егіпецкай зямлі ўрадлівай абжытай стужкай віецца даліна Ніла. Да будаўніцтва Асуанскай плаціны, Ніл сваімі разлівамі штогод папаўняў глебы Егіпта. Гэта давала краіне мець добры ўраджай на працягу многіх гадоў.

Экалагічныя праблемы[правіць | правіць зыходнік]

Паколькі большая частка жыхароў стомільённага Егіпта канцэнтруецца ў дэльце і ніжнім цячэнні Ніла, эксперты адносяць краіну да ліку найбольш уразлівых да глабальнага пацяплення. Нават нязначнае падняцце узроўню Сусветнага акіяна можа спарадзіць процьму экалагічных бежанцаў з Егіпта.[8]

Зноскі

  1. «World Factbook area rank order» Архівавана 9 лютага 2014.. Cia.gov.
  2. «More changes ahead for Egypt». Findarticles.com.
  3. E. A. Pearce, Charles Gordon Smith, «The Times Books World Weather Guide», (Times Books/Random House: 1990), p.40
  4. «Sun, sand and searing heat». Bbc.co.uk.
  5. Robert Pateman, Salwa El-Hamamsy, «Egypt», (Marshall Cavendish: 2003), p.7
  6. Soliman, KH. «Rainfall over Egypt.» Quarterly Journal of the Royal Meteorological Society, vol. 80, issue 343, p. 104.
  7. «Marsa Matruh, Egypt». Weatherbase.com.
  8. http://www.irinnews.org/report/77240/egypt-contingency-planning-rising-sea-levels