Перайсці да зместу

Геаграфія Канады

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Карта Канады (тарашкевіцай)

Канада (англ.: Canada — дзяржава ў Паўночнай Амерыцы, займае другое месца ў свеце па плошчы пасля Расіі. Абмываецца Атлантычным, Ціхім і Паўночным Ледавітым акіянамі, мяжуе з ЗША на поўдні і на паўночным захадзе, таксама мае марскія межы з Даніяй (Грэнландыя) на паўночным усходзе і Францыяй (Сен-П’ер і Мікелон) на ўсходзе. Мяжа Канады і ЗША з'яўляецца самай працяглай агульнай мяжой у свеце. Сталіца Канады — Атава.

Рэльеф Канады змяняецца ад высозных Кардыльераў на захадзе да апрацаванага ледавікамі Лаўрэнційскага ўзвышша ў цэнтры і на ўсходзе. Багаццем мінеральных рэсурсаў Канада вылучаецца нават сярод краін свайго памеру. Хоць клімат Канады і разнастайны, большая яе частка ляжыць у халоднай зоне з працяглай зімой. Канада багатая воднымі рэсурсамі — шырокімі рэкамі і чысцюткімі азёрамі. Большая частка тэрыторыі Канады занята арктычнымі пустынямі, тундрай і тайгой. Канадская тайга шырокай паласой цягнецца ад Ціхага да Атлантычнага акіяна.

Геаграфічнае становішча

[правіць | правіць зыходнік]

Канада займае значную частку мацерыка Паўночная Амерыка і шматлікія астравы, што прымыкаюць да яе. На захадзе абмываецца Ціхім акіянам і мяжуе з штатам Аляска (ЗША), на ўсходзе абмываецца Атлантычным, на поўначы — Паўночным Ледавітым акіянам, на поўдні мяжуе з ЗША. Асноўная мацерыковая частка Канады працягнулася на 5400 км ад Ціхага да Атлантычнага акіяна. Крайнія геаграфічныя каардынаты: на ўсходзе — 52°40' з.д., на захадзе — 141° з.д. З поўдня на поўнач прасціраецца на 4 500 км — ад 41°41' пн.ш. на мяжы з ЗША да паўночнай ускраіны (83°06' пн.ш.) вострава Элсмір у Канадскім Арктычным архіпелазе.

Ля ўсходняга ўзбярэжжа і ў заліве Св. Лаўрэнція знаходзяцца востраў Ньюфаўндленд, Кейп-Брэтан, Антыкосты, архіпелаг Мадлен, Прынца Эдуарда і інш. На поўначы працягнуліся Бафінава Зямля, астравы Гудзонава заліва і шматлікія астравы Канадскага Арктычнага архіпелага, падзеленыя вузкімі і плыткімі пралівамі. Ціхаакіянскае ўзбярэжжа моцна парэзана вузкімі і доўгімі залівамі з стромкімі схіламі. Недалёка ад заходняга берага ляжыць буйны востраў Ванкувер, астравы Каралевы Шарлоты і інш.

Скалістыя горы, Нацыянальны парк Банф у Альберце

Большая частка Канады — узгорыстая раўніна, абмежаваная з усходу і захаду горнымі падняццямі ўздоўж узбярэжжаў Ціхага і Атлантычнага акіянаў. На захадзе краіны ўздоўж Ціхаакіянскага ўзбярэжжа цягнецца горная краіна Кардыльераў (шырыня горнага пояса каля 600 км.). Канадскія Кардыльеры пачынаюцца ад горных хрыбтоў на мяжы з Аляскай, якія дасягаюць вышыні ў 2000—2700 м. З басейна р. Ліярд у паўднёвым кірунку ідуць Скалістыя горы, якія далінамі рэк дзеляцца на два мерыдыянальна размешчаныя хрыбты; іх заходнія схілы пакрытыя хвойнымі лясамі, усходнія аголеныя і скалістыя; асобныя вяршыні пераўзыходзяць па вышыні 4000 м. Заходні хрыбет завецца ў паўночнай частцы Карыбу, на поўдні ён падзяляецца на асобныя галіны. На захад ад Скалістых гор ляжыць вулканічнае плато рэк Фрэйзер і Калумбія. Ціхаакіянскія Берагавыя горы таксама складаюцца з двух субмерыдыянальных хрыбтоў, падзеленых падоўжнай далінай, у паўднёвай частцы затопленай морам. Найбольш высокія ўчасткі заходняга пояса гор на поўдні — прыбярэжныя востраў Ванкувер, астравы Каралевы Шарлоты і інш., а на поўначы, на мяжы з Аляскай, заканчваюцца шырокімі масівамі гор Св. Ільі і Логан (5959 м, вышэйшы пункт Канады), пакрытых магутнымі ледавікамі, якія спускаюцца да мора.

Уздоўж Атлантычнага ўзбярэжжа цягнуцца невысокія горныя хрыбты, якія працягваюць горы Апалачы ЗША. Сюды адносяцца ўзвышшы на ўсход ад Квебека. Паверхня вострава Ньюфаўндленд узвышаная (вышыня да 805 м.).

На поўнач ад ракі Св. Лаўрэнція і да берагоў Паўночнага Ледавітага акіяна распасціраецца шырокая вобласць Канадскага шчыта — невысокая краіна, складзеная цвёрдымі крышталічнымі пародамі (гранітамі, гнейсамі і сланцамі). Яе сучасная паверхня носіць сляды геалагічна нядаўняга зледзянення — апрацаваныя лёдам кучаравыя скалы («барановыя ілбы»), шматлікія азёры, хуткія парожыстыя рэкі, тонкі глебавы пласт. Для паўвострава Лабрадор характэрныя голыя каменныя груды і скалы. Па паўднёвым і заходнім узбярэжжы Гудзонава заліва вышыня мясцовасці не перавышае 200 м. Паласа нізіны цягнецца і ўздоўж паўночнага ўзбярэжжа Канады, далёка ўдаючыся ў глыб мацерыка па даліне р. Макензі.

На захад ад Канадскага шчыта да пояса Скалістых гор размяшчаецца раўніна, шырокая на поўдні і звужаная да басейна р. Макензі. Па кірунку да гор яна падымаецца шэрагам прыступак. Блізу паўднёвай мяжы Канады ляжаць невысокія Лясістыя і Кіпарысавыя горы вышынёй у 1000—1100 м.

Карысныя выкапні

[правіць | правіць зыходнік]

Тэрыторыя Канады багатая запасамі руд каляровых металаў (нікель, медзь, цынк, свінец), жалезнай руды, урану, нафты і прыроднага газу, калійных солей, азбесту, вугалю. Казачна багатае на карысныя выкапні Лаўрэнційскае ўзвышша. Тут знаходзіцца ўнікальная рудная зона: радовішчы жалеза, нікеля, серабра, поліметалаў, урану, золата.

З прычыны вялікай шыротнай працягласці і асаблівасцей рэльефу, клімат Канады надзвычай разнастайны. Змяняецца клімат у асноўным у шыротным напрамку. Ролю значнага мерыдыянальнага кліматападзелу гуляюць Кардыльеры. Можна вылучыць шэраг кліматычных абласцей ад халоднай на поўначы да мякка-ўмеранай на ціхаакіянскім узбярэжжы. Галоўная асаблівасць клімату — яго кантынентальнасць, рэзкія пераходы паміж крайнімі тыпамі надвор'я: гарачым улетку і халодным зімой.

Большая частка Канадскага Артычнага архіпелага ляжыць у вобласці арктычнага клімату. Тут вельмі суровыя зімы (-30 °С), а летам тэмпература толькі зрэдку перавышае адзнаку ў 5°С. Пралівы паміж астравамі замёрзлыя. Менавіта тут знаходзіцца самы вялікі ненаселены востраў свету — Дэвон. Узбярэжжа Паўночна-Ледавітага акіяна займае субарктычны кліматычны пояс. Зімовыя месяцы па сваёй суровасці тут не саступаюць арктычным, летам жа значна цяплей. На ўсходзе субарктычны пояс выгінаецца далёка на поўдзень і амаль што замыкае Гудзонаў заліў — "мех з лёдам", які разам з халоднымі цячэннямі і ёсць галоўныя віноўнікі панавання тундры на шыраце Кіева. Паўднёвая Канада — зона умеранага клімату, празмерна вільготнага на крайнім захадзе, дастатова — на ўсходзе і кантынентальнага ў цэнтральнай частцы.

Рака Фрэйзер

Па багацці прэснаю вадою Канада саступае толькі Расіі і Бразіліі. Рэкі Канады адносяцца да басейнаў чатырох акіянаў: Макензі і Нельсан нясуць свае спакойныя воды праз зону вечнай мерзлаты да Паўночнага Ледавітага акіяна. Фрэйзер па лававым плато і праз Берагавыя хрыбты прарываецца да Ціхага акіяна. Вялікія Азёры злучаюцца з Атлантыкай непрацяглай, але шматводнай ракой Святога Лаўрэнція. Невялікая частка паўднёвай Канады належыць да басейна Місісіпі. Буйныя азёры: Вялікае Мядзвежае возера, Вялікае Нявольніцкае возера, Вініпег, возера Нетылінг. Па чатырох з пяці Вялікіх азёраў праходзіць мяжа з ЗША.

Прыродныя зоны

[правіць | правіць зыходнік]

Астравы Паўночнага Ледавітага акіяна займаюць арктычныя пустыні. Вялікія плошчы тут занятыя покрыўнымі ледавікамі. На свабодных ад лёду ўчастках летам у паніжэннях і трэшчынах з’яўляюцца імхі, лішайнікі, холадаўстойлівыя травы і хмызнячкі. Арктычныя глебы амаль не ўтрымліваюць арганічнага рэчыва. Жыццё прадстаўнікоў жывёльнага свету звязана з морам, якое дае ім ежу. На астравах тыповыя птушыныя базары. У водах мораў жывуць цюлені, маржы, грэнландскія кіты. Ва ўзбярэжныя раёны з мацерыка заходзяць белыя мядзведзі, ваўкі, пясцы. У Грэнландыі і на Канадскім Арктычным архіпелазе жыве самае буйное млекакормячае — аўцабык, або мускусны бык.

Арктычная тундра, Нунавут

Тундра і лесатундра займае поўнач мацерыка. Шырока распаўсюджана шматгадовая мерзлата. На поўначы — у Арктыцы — у мохавай і лішайнікавай тундры зрэдку можна сустрэць травы (асака, падвей) і палярныя кветкі — незабудкі, палярныя макі, дзьмухаўцы. На поўдзень, у субарктычным поясе, тундра становіцца хмызняковай: з’яўляюцца нізкарослыя карлікавыя бяроза і вярба, багун, буякі, чарніцы. На поўдзень, па далінах рэк, з’яўляюцца дрэвы — чорная і белая елкі, і пачынаецца лесатундра. Тундравая расліннасць забяспечвае ежай разнастайных жывёл: паўночных аленяў, палярных зайцаў, лемінгаў. На дробных жывёл палююць белы мядзведзь, палярны воўк, пясец. Водзяцца белая курапатка, драпежная палярная сава, летам прылятаюць вадаплаўныя птушкі — гусі і качкі.

Медзведзяняты ў нацыянальным парку Куцяней

Тайга прадстаўлена цёмнахвойнымі лясамі з чорнай і белай елак і бальзамічнай піхты. На сухіх месцах растуць сосны: белая (Веймутава), Банкса (каменная) і чырвоная. Хвойныя лясы ціхаакіянскага ўзбярэжжа растуць ва ўмовах багатага ўвільгатнення, таму іх называюць «дажджавымі». Цэлыя гушчары ў гэтых лясах утвараюць хмызнякі, травы і папараці; імхі пакрываюць ствалы, доўгімі «бародамі» звісаюць з галін. Асноўныя пароды гэтых лясоў — сітхінская елка, дугласія, тсуга, хемлок. Жывёльны свет тайгі разнастайны. Тут шмат буйных капытных: алень вапіці, амерыканскі лось; у гарах сустракаюцца снежная каза і таўстарогі баран. Водзяцца буры і чорны амерыканскі мядзведзі; грызуны — шэрая і чырвоная вавёрка, бурундук; драпежнікі — пума (або кугуар), куніца, воўк, канадская рысь, гарнастай, расамаха, лісіца; па берагах рэк — бабёр, выдра і мускусны пацук (андатра). Шматлікія птушкі — крыжадзюбы, валасянкі.

На поўнач ад Вялікіх азёр значныя плошчы занятыя змешанымі і шыракалістымі лясамі, дзе пачэснае месца ў відавым складзе займаюць клёны — сімвалы Канады. Якіх толькі клёнаў тут няма — і цукровы і серабрысты і чырвоны!

Зноскі

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 7. — 604 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0130-3 (т. 7).
  • Геаграфія мацерыкоў і краін : вучэб. дапам. для 8-га кл. устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. мовай навучання / А. А. Зыль [і інш.] ; пад рэд. П. С. Лопуха ; пер. з рус. мовы М. Л. Страхі. — 2-е выд., перапрац. — Мінск : Народная асвета, 2014. — 230 с. : іл. ISBN 978-985-03-2206-7..