Геаграфія Пакістана

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Прырода Пакістана вельмі разнастайная. На поўначы знаходзяцца горы Гіндукуш вышынёй да 7690 м (гара Тырычмір), на паўночным усходзе — адгор’і Гімалаяў і Каракарума з горнымі рэкамі і азёрамі, лясамі, ледавікамі, добра захаванай фаўнай. Паўднёвы захад — паўпустынная ўскраіна Іранскага нагор’я. Усходняя частка, занятая басейнам ракі Інд — асвоеная чалавекам раўніна. Тут знаходзіцца Пенджаб — знакамітае Пяцірэчча. Аднак жыццё цягнецца вузкімі стужкамі ўздоўж рэк і каналаў. На захад ад Інда прасціраецца бязводная пясчаная пустыня Тар

Геаграфічнае становішча[правіць | правіць зыходнік]

Фізічная карта Пакістана

Пакістан — другая па велічыні дзяржава ў Паўднёвай Азіі. Мяжуе з Афганістанам (2430 км) і Іранам (909 км) на захадзе, з Індыяй (2912 км) на ўсходзе, з Кітаем (523 км) на паўночным усходзе, мае выхад да Аравійскага мора і Аманскага заліва шырынёй у 1046 кіламетраў на поўдні. На паўднёвым захадзе мае невялічкую марскую мяжу з Аманам. Пакістан кантралюе заходнюю частку Кашміра, прэтэндуючы на ўвесь астатні штат. Ад Таджыкістана аддзелены Ваханскім калідорам — вузкай палоскай афганскай зямлі, якая ў XIX ст. стала буферам паміж расійскай Сярэдняй Азіяй і Брытанскай Індыяй. Пакістан займае геапалітычна важнае становішча на скрыжаванні Паўднёвай Азіі, Блізкага Усходу і Цэнтральнай Азіі.

Прырода[правіць | правіць зыходнік]

Ледавік Балтора

Рэльеф[правіць | правіць зыходнік]

Алювіяльная нізіна даліны Інда з’яўляецца заходняй часткай Інда-Гангскай раўніны, размешчанай на ўскраіне Індастанскай платформы. Яна амаль цалкам ляжыць ніжэй за 200 м і адрозніваецца аднастайным манатонным рэльефам з малымі ўхіламі. Большая частка нізіны па левабярэжжы Інда занятая пустыняй Тар. Заходнюю і паўночна-заходнюю часткі Пакістана займаюць ускрайкавыя хрыбты Іранскага нагор’я — Макраны, Кіртхар, Чагаі, Табакакар, Сулейманавы горы, якія ўяўляюць сабой амаль паралельныя ланцугі гор вышынёй да 3452 м. Схілы хрыбтоў, звернутыя да Аравійскага мора і Інда-Гангскай раўніны, — стромкія; супрацьлеглыя, якія паніжаюцца да пласкагор’я Белуджыстан, — спадзістыя. У межах Белуджыстана высокія (да 3000 м), адносна выраўнаваныя ўчасткі чаргуюцца з міжгорнымі катлавінамі. Найбольш магутныя горныя ланцугі з рачнымі далінамі і пакрытыя буйнымі ледавікамі размешчаны на крайняй поўначы Пакістана і адносяцца да горных сістэм Гіндукуша, Гімалаяў і Каракарума. Апошні размешчаны на кантраляванай Пакістанам часткі Кашміра. Вышэйшыя пункты краіны — гара Тырычмір (7690 м) у Гіндукушы і гара Чагары (8611 м) у Каракаруме. На тэрыторыі Пакістана размяшчаецца каля 40 вяршыняў, якія перавышаюць 7000 метраў. Усе горныя раёны Пакістана адносяцца да маладога Альпійскай-Гімалайскага рухомага пояса.

Найважнейшымі карыснымі выкапнямі з’яўляюцца нафта, газ і каменны вугаль з асадкавых комплексаў ускраін Індастанскай платформы і руды чорных і каляровых металаў у складкаватых абласцях.

Клімат[правіць | правіць зыходнік]

Высакагорная пустыня Катпана, паўночны Пакістан

Клімат у Пакістане сухі кантынентальны трапічны, на паўночным захадзе — субтрапічны, у гарах на поўначы краіны — больш вільготны з выразна выяўленай высотнай пояснасцю. Зіма на раўніне цёплая (12-16 °C, на ўзбярэжжы да 20 °C), у высакагор’ях — суровая (да −20 °C). Лета гарачае (у пустынях 35 °C, на ўзбярэжжы 29 °C, у гарах і на пласкагор’я Іранскага нагор’я 20-25 °C), у высакагор’ях — марознае (на вышынях ад 5000 м — ніжэй 0 °C). Ападкаў у год выпадае ад 50 мм у пустыні Тар, да 100—200 мм у Сіндзі, 250—400 мм у далінах і на пласкагор’я Іранскага нагор’я, 350—500 мм у перадгор’ях і 1000—1500 мм у гарах на поўначы краіны. Большая частка ападкаў выпадае падчас паўднёва-заходняга мусона (у ліпені — верасні), у межах Іранскага нагор’я — у зімова-вясновы перыяд.

Гідралогія[правіць | правіць зыходнік]

Найбуйнейшай ракой Пакістана з’яўляецца Інд, яго басейну належыць большая частка краіны. Рэкі на захадзе — або бясцёкавыя, або маюць мясцовы сцёк у Аравійскае мора. Галоўны прыток Інда — Сатледж, які збірае вады асноўных рэк Пенджаба (Чынаб, Раві, Джэлам, Біяс) і аддае ваду буйным арашальным каналам (Дыпалпур, Пакпатан, Панджнад). На буйных рэках адзначаюцца летнія паводкі, абумоўленыя мусоннымі дажджамі і раставаннем ледавікоў у гарах.

Фаўна[правіць | правіць зыходнік]

Каракал, або пустынная рысь

Жывёльны свет Пакістана прадстаўлены інда-афрыканскімі, цэнтральнаазіяцкімі і міжземнаморскіх відамі. З буйных млекакормячых ў гарах водзяцца леапард, барс, буры і белагруды мядзведзь, лісіца, дзікія казлы і бараны, персідская газель; на раўнінах — гіены, шакалы, дзікі, антылопы, джэйраны, куланы, дзікія аслы, грызуны. Разнастайны свет птушак (арлы, грыфы, паўліны, папугаі). Шмат змей, у тым ліку ядавітых, у Індзе водзяцца кракадзілы. З беспазваночных распаўсюджаныя скарпіёны, малярыйныя камары. Аравійскае мора багатае рыбай (тунец, селядзец, марскі акунь, індыйскі ласось), ракападобнымі (крэветкі) і марскімі чарапахамі.

Флора[правіць | правіць зыходнік]

Расліннасць Пакістана пераважна паўпустынная і пустынная, найбольш бедная — у пустыні Тар, дзе пераважаюць пясчаныя грады. На раўніне Інда натуральная расліннасць — паўпустынныя саванны (чый, палын, каперсы, астрагалы). Уздоўж Інда і іншых рэк сустракаюцца палосы тугаяў, у дэльце Інда і ўздоўж узбярэжжа Аравійскага мора месцамі захаваліся мангравыя зараснікі. На Іранскім нагор’і распаўсюджаныя фармацыі калючых падушкападобных кустоў, у гарах Белуджыстан — рэдкія зараснікі фісташкі і арчы. У гарах на поўначы краіны на вышыні 1500-3000 м — асобныя ўчасткі лістападных (дуб, каштан) і хвойных (елка, піхта, хвоя, гімалайскі кедр) лясоў. У далінах паблізу паселішчаў — плантацыі фінікавай пальмы, цытрусавых, маслін, фруктовыя сады. Уздоўж арашальных каналаў частыя насаджэнні шаўкоўніцы.

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]