Геаграфія Румыніі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Плошча ў 238,400 км² робіць Румынію 12-й па памерах краінай Еўропы. Румынія ляжыць на мяжы Усходняй (да якой адносіцца сама) і Паўднёвай Еўропы — вельмі зручнае геаграфічнае становішча, калі ўлічыць яшчэ і выхад да Чорнага мора на ўсходзе, а таксама, Дунайскі транс'еўрапейскі шлях. У рэльефе Румыніі вылучаюцца Карпацкія горы, Трансільванскае плато і Прыдунайскія нізіны. Румынія багата на карысныя выкапні, асабліва на вуглевадароды, аднак слаўныя часы румынскай нафты прыйшліся на ХХ стагоддзе. Клімат умераны, ўмерана кантынентальны, на паўднёвым усходзе мае рысы субтрапічнага. Рачная сетка Румыніі належыць пераважна да сістэмы Дуная, на паўночным захадзе да Чорнага мора цякуць Прут і Сірэт. Горы і плато пакрытыя шыракалістымі і хваёвымі (вышэй) лясамі, раўніны ўзараныя.

Геаграфічнае становішча[правіць | правіць зыходнік]

Даўжыня чарнаморскага ўзбярэжжа складае 245 км. Румынія прэтэндуе на востраў Змяіны, які належыць Украіне, што пацверджана рашэннем Міжнароднага суда ААН ў 2009 годзе. Румынія мяжуе з:

Значная частка мяжы з Сербіяй і Балгарыяй праходзіць па рацэ Дунай. Усходні ўчастак мяжы з Украінай праходзіць па дэльце Дуная, якая, будучы аб'ектам дынамічным, з'яўляецца нагодай бесперапынных межавых спрэчак Румыніі з Украінай (да 1991 — з УССР).

Геалогія і рэльеф[правіць | правіць зыходнік]

Рэльеф Румыніі
Цясніна Тудра ў Трансільваніі

Абумоўлены становішчам у альпійскім складкаватым поясе рэльеф Румыніі вельмі разнастайны: горы, узвышшы і нізіны займаюць прыблізна па адной траціне яе тэрыторыі. Карпацкія горы перасякаюць краіну з поўначы (Усходнія Карпаты) на паўднёвы захад (Паўднёвыя Карпаты), утвараючы вялікую дугу. Каля 20 хрыбтоў маюць адзнакі вышэй за 2000 м. У Паўднёвых Карпатах знаходзіцца найвышэйшы пункт Румыніі — гара Малдавяну, вышынёй 2544 м. Унутры Карпацкай дугі ляжыць Трансільванскае плато з вышынямі 300–500 м. Паміж Паўднёвымі Карпатамі і Дунаем цягнецца Ніжнедунайская (Валахская) нізіна, крайні захад адносіцца да Панонскага басейна. Уся тэрыторыя Румыніі належыць да сейсмічнай зоны, найбольш моцныя землятрусы здараюцца на паўднёвым усходзе.

Карысныя выкапні[правіць | правіць зыходнік]

Недры краіны багатыя на карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, жалезная руда, соль.

Клімат[правіць | правіць зыходнік]

Становішча далёка ад Атлантыкі падаравала Румыніі кантынентальны клімат з чатырма выразнымі сезонамі, гарачым летам і халоднай (па еўрапейскіх мерках) зімой. Малюнак рэльефу абумоўлівае кліматычныя адрозненні розных раёнаў краіны. Шмат ападкаў (больш за 750 мм) атрымліваюць наветраныя схілы Карпат, між тым на Валахскай нізіне ў летні перыяд адчуваецца недахоп вільгаці (менш за 570 мм у ваколіцах Бухарэста). Клімат Трансільванскага плато кантынентальны, з вялікімі ваганнямі тэмператур.

Гідраграфія[правіць | правіць зыходнік]

Пеліканы ў дэльце Дуная

На ўсходняй і паўднёвай межах Румыніі цячэ Рака Дунай — другая паводле працягласці рака ў Еўропе, што бярэ пачатак у Германіі і цячэ на паўднёвы ўсход 2857 км, праходзячы праз дзесяць краін і разгаліноўваючыся ў дэльту Дуная пры ўпадзенні ў Чорнае мора. Дэльта Дуная плошчай больш за 4000 км² — другая па велічыні рачная дэльта Еўропы пасля дэльты Волгі. Ва Усходніх Карпатах, у кратары вулкана Чамату, знаходзіцца возера Святой Аны.

Прыродныя зоны[правіць | правіць зыходнік]

Румынія ляжыць у прыроднай зоне мяшаных і шыракалістых лясоў. У гарах з вышынёй дубы і букі змяняюцца на елкі і піхты. Увогуле ж лясы пакрываюць 27 % румынскай зямлі, па плошчы некранутых лясоў Румынія адна з першых у Еўропе. Усходнія раёны краіны адносяцца да вобласці стэпаў. У лясах захаваўся багаты жывёльны свет: так у Румыніі пражывае 50 % еўрапейскай (без уліку Расіі) папуляцыі бурага мядзведзя і 20 % — ваўка.

Ахова прыроды[правіць | правіць зыходнік]

У канцы 2000-х прыродаахоўныя тэрыторыі — 10 нацыянальных паркаў і тры запаведнікі — займалі 5 % Румыніі. Дэльта Дуная — абшары неперарыўных балотаў, што служаць домам для амаль 1700 відаў раслін — прыродны аб'ект Сусветнай спадчыны.