Геаграфія Трынідада і Табага

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Карта

Рэспу́бліка Трыніда́д і Таба́га (англ.: Republic of Trinidad and Tobago) — краіна на поўдні Карыбскага мора. Астраўная дзяржава складаецца з двух асноўных астравоў — Трынідада і Табага — і 21 меншага. Сталіца — горад Порт-оф-Спейн. Нягледзячы на прыналежнасць да Вест-Індыі, астравы болей нагадваюць суседнія краіны Паўднёвай Амерыкі: падобныя геалагічная будова, характар рэльефу, карысныя выкапні, субэкватарыяльны клімат, раслінны і жывёльны свет.

Геаграфічнае становішча[правіць | правіць зыходнік]

Астравы размешчаны ў Атлантычным акіяне: Трынідад ў аддзелены ад паўночнага ўзбярэжжа Венесуэлы дзесяцікіламетравым пралівам Калумба. Прыкладна на такую ж адлегласць з усходу да Трынідада не далятае, патанаючы ў праліве Бака-дэль-Драгон (пашча Цмока), страла паўвострава Парыя. Паміж востравам і Паўднёвай Амерыкай размясціўся заліў Парыя. У 50 км на поўдзень — вусце Арынока. Востраў Табага ляжыць у 25 км на паўночны ўсход ад Трынідада. Бліжэйшая Антыльская дзяржава — Грэнада. На востраў Трынідад прыходзіцца 93% плошчы Трынідада і Табага (4 800 кв.км).

Геалогія, рэльеф, карысныя выкапні[правіць | правіць зыходнік]

Асфальтавае возера Піч-Лейк

Трынідад і Табага, у адрозненні ад большасці Антыльскіх астравоў, знаходзяцца на кантынентальным шэльфе Паўднёвай Амерыкі, то бок, маюць мацерыковае паходжанне, Табага — з праявамі даўнейшай вулканічнай дзейнасці. Горы Трынідада (да 940 м., гара Арыпа) і Табага (да 640 м) з'яўляюцца працягам венесуэльскіх Андаў. Паўднёвая і цэнтральная частка Трынідада нізінная, чатка Табага ўяўляе сабою вапняковае плато. На востраве Трынідад маюцца радовішчы нафты (на сушы і на шэльфе), асфальту (возера Піч-Лейк), прыроднага газу. Піч-лейк на паўднёва-заходнім беразе вострава Трынідад з'яўляецца найбуйнейшым прыродным рэзервуарам асфальту ў свеце.[1]

Клімат[правіць | правіць зыходнік]

Клімат субэкватарыяльны, гарачы, вільготны. Сярэднемесячныя тэмпературы 25-27 °С. Ападкаў за год ад 1200 на захадзе да 3800 мм на усходзе (на наветраных схілах). Дажджлівы сезон цягнецца з чэрвеня па снежань. Астравы ляжаць на поўдзень ад зоны трапічных цыклонаў, і большасць ураганаў абыходзяць іх бокам. На Трынідадзе ёсць рэкі: Карані (40 км) і Артойрэ (50 км), на Табага — толькі ручаі.

Расліннасць і жывёльны свет[правіць | правіць зыходнік]

Трапічныя лясы (трынідадскі цік, карыбская хвоя, махагоні, чырвоны сандал, бальса) займаюць 46 % тэрыторыі. На Трынідадзе з падветранага боку распаўсюджаныя ўчасткі другасных саван. Фаўна мае падабенства з фаўнай Паўднёвай Амерыкі. Трапляецца пекары, ацэлот, апосум, агуці, малпа-капуцын, кажаны, чарапахі. Багатая арнітафаўна: чырвоныя ібісы і чырванахвостая чачалака, якія з'яўляюцца сімваламі астравоў Трынідад і Табага адпаведна, трымаюць шчыт на гербе дзяржавы. Пырхаюць на гербе і калібры. На астравах сустракаецца 650 відаў матылькоў[2]. Ёсць рэзерваты і марскі запаведнік.

Зноскі