Геаграфія Туніса

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Тапаграфічная карта Туніса

Геаграфічнае становішча[правіць | правіць зыходнік]

Па плошчы Туніс — самая маленькая краіна Магрыба. На поўначы і ўсходзе абмываецца Міжземным морам, узбярэжжа моцна зрэзанае, маюцца тры вялікіх залівы: заліў Туніс, заліў Хамамет і Габес (Малы Сідр). У Тунісе знаходзіцца мыс Бен-Сека — самы паўночны пункт Афрыкі. На захадзе і паўднёвым захадзе Туніс мяжуе з Алжырам (965 км), на паўднёвым усходзе — з Лівіяй (459 км).

Тэрыторыя Туніса размяшчаецца ў часавым поясе пад назвай Цэнтральнаеўрапейскі час (CET) (UTC+1). На летні час Туніс не пераходзіць.

Прырода[правіць | правіць зыходнік]

Шот-эль-Джэрыд

На поўначы рэльеф пераважна горны — з Алжыра заходзяць адрогі ўжо невысокіх тут гор Атлас, мясцовая назва — Дарсал. Тут знаходзіцца самы высокі пункт Туніса — гара Джэбель-Шамбі (1544 м). На поўнач ад Дарсала ляжыць Тэль — край узгоркаў, і нізкагор’яў; на поўдзень — дэпрэсія, занятая шотамі — саланчакамі, буйнейшы з якіх — Шот-эль-Джэрыд. Тут жа знаходзіцца самы нізкі пункт Туніса — Шот-эль-Гарса (17 м ніжэй узроўня мора). Уздоўж усходняга ўзбярэжжа цягнецца раўніна Сахель, На поўдні бягуць узгоркі Гафса вышынёй да 500 м.

Клімат Туніса — субтрапічны міжземнаморскі на поўначы і ўздоўж узбярэжжа, на поўдні і ва ўнутраных раёнах — трапічны пустынны. Сярэднія тэмпературы студзеня +10 °C на поўначы і +21 °C на поўдні, ліпеня +26 °C на поўначы і +33 °C на поўдні. Ападкаў за год выпадае ад 100 мм на поўдні да 1500 мм у горных раёнах, некаторыя пустынныя вобласці наогул не атрымліваюць ападкаў на працягу шматлікіх гадоў запар. Для Туніса характэрны зімовы максімум ападкаў. У пустынных раёнах уначы нярэдкія замаразкі нават увесну і ўвосень, хоць днём тэмпература ў гэты перыяд можа дасягаць +25…+27 °C. Лепшы час для наведвання краіны — верасень-лістапад і сакавік-чэрвень.

Рачная сетка развітая слаба. Буйнейшая рака, а таксама адзіная рака, што не перасыхае — Меджэрда, працякае ў вобласці Тэль. Пачынаецца Меджэрда ў гарах Алжыра і ўпадае ў Туніскі заліў. Найбольш паўнаводная яна ў зімовы перыяд. Усе астатнія рэкі — часовыя вадацёкі (вадзі). Азёры або лагуннага тыпу, або шоты.

Нягледзячы на невялікія памеры, Туніс мае разнастайныя ландшафты, па багаццю яго прырода не саступае алжырскай і мараканскай. Узвышшы поўначы і ніжнія добра ўвільготныя схілы гор адносяцца да зоны міжзмнаморскіх лясоў, якія дзе-нідзе захаваліся. Паўднёвыя схілы гор і частка раўніны Сахель занятыя засушлівымі стэпамі. Поўдзень Туніса — зона трапічных пустынь, што адносяцца да Сахары — Эль Хамра (заходзіць з Лівіі) і Вялікі Эрг (большая частка — у Алжыры).