Геалагічная будова Антарктыды
Асноўны артыкул: Антарктыда
Большая частка Антарктыды — Антарктычная платформа, астатняя належыць да антарктычнага складкавага пояса, які з’яўляецца працягам Андаў. Антарктыда — тэктанічна спакойны мацярык з малой сейсмічнай актыўнасцю.
Трансантарктычныя горы ўздоўж разломаў ад мора Уэдэла да мора Роса перасякаюць амаль увесь мацярык і падзяляюць Антарктыду на дзве часткі — Усходнюю і Заходнюю, — якія маюць рознае паходжанне і геалагічную будову.
Карысныя выкапні: каменны вугаль, жалезныя, медныя і свінцовыя руды; знойдзены мінералы з утрыманнем брому, волава, марганцу, малібдэну, радовішчы графіту і інш. Ёсць сляды нафты, алмазаў і інш.
Геалагічная будова Усходняй Антарктыды[правіць | правіць зыходнік]
Усходняя Антарктыда прадстаўляе сабой старажытную дакембрыйскую кантынентальную платформу (кратон), падобную на платформы Індыі, Бразіліі, Афрыкі і Аўстраліі, якія ўтварыліся пры распадзе суперкантынента Гандваны. Узрост парод крысталічнага фундамента складае 2,5—2,8 млрд гадоў, самыя старажытныя пароды Зямлі Эндэрбі — звыш 3 млрд гадоў.
Фундамент пакрыты больш маладым асадачным чахлом, які сфарміраваўся 350—190 млн гадоў назад, у асноўным марскога паходжання. У слаях з узростам 320—280 млн гадоў прысутнічаюць ледавіковыя адклады, аднак больш маладыя гарызонты ўтрымліваюць рэшткі раслін і жывёл, у тым ліку іхтыязаўраў і дыназаўраў, што сведчыць аб моцным адрозненні клімату таго часу ад сучаснага. Знаходкі цеплалюбівых паўзуноў і папаратнікавай флоры былі зроблены яшчэ першымі даследчыкамі Антарктыды, і паслужылі адным з доказаў маштабных гарызантальных рухаў пліт, што пацвердзіла канцэпцыю тэктонікі пліт.
Геалагічная будова Заходняй Антарктыды[правіць | правіць зыходнік]
Заходняя Антарктыда з’яўляецца больш маладой і расчлененай вобласцю, якая ўтварылася на працягу апошніх 500 млн гадоў дадаваннем да Антарктычнай пліты дробных кантынентальных фрагментаў-мікрапліт. Найбольшыя з іх — горы Элсуэрта і Антарктычны паўвостраў. Сутыкненне гэтых мікрапліт з Антарктычнай плітой і прывяло да ўтварэння гор заходняй Антарктыкі.
Праяўленні вулканізму сканцэнтраваны ў заходняй Антарктыцы і звязаны з Антарктычным паўвостравам, які ўзнік у ходзе Андскага перыяду гораўтварэння. некаторыя з вулканаў, асабліва астраўныя, вывяргаліся ў апошнія 200 гадоў. Самы актыўны вулкан Антарктыды — Эрэбус. Яго называюць «вулкан, які пільнуе шлях да Паўднёвага полюса».