Перайсці да зместу

Гедзімін

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Гедзімін
Гравюра з «Апісання Еўрапейскай Сарматыі» Аляксандра Гваньіні, 1578. Таксама гравюра ўжыта складальнікам як партрэт Казіміра Вялікага
Гравюра з «Апісання Еўрапейскай Сарматыі» Аляксандра Гваньіні, 1578. Таксама гравюра ўжыта складальнікам як партрэт Казіміра Вялікага
вялікі князь літоўскі
1316 — 1341
Папярэднік Віцень
Пераемнік Яўнут

Нараджэнне каля 1275[1]
Смерць снежань 1341
Месца пахавання
Род Гедзімінавічы
Бацька Будзівід
Жонка Еўна[2]
Дзеці Альдона, Альгерд[3], Анастасія, Монтвід[d], Нарымонт, Кейстут[4][5], Яўнут[6], Карыят[7], Любарт[8], Эльжбета[d], Вітаўт Гедзімінавіч[d], Яўфімія[d] і Марыя[d]
Дзейнасць палітыка[9]
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гедзімін, Гедымін[10] (~1275 — 1341) — вялікі князь літоўскі (~13161341)[11].

У часы Гедзіміна Вялікае Княства Літоўскае зрабілася моцнай усходнееўрапейскай дзяржавай, яго тэрыторыя павялічылася ўдвая. Узмацнілася запазычанне элементаў заходнееўрапейскай культуры, адначасова Гедзімін заклаў падмурак рускаму вектару палітыкі ВКЛ. Яго шматлікія нашчадкі ўтварылі дынастыю Гедзімінавічаў[12].

Гедзімін — старабалцкае (старалітоўскае) двухасноўнае імя. Такія імёны дайшлі з індаеўрапейскай эпохі і ўласцівыя іменнікам народаў індаеўрапейскага паходжання[13].

Першая іменная аснова Ged- звязаная з літ. gedauti «жадаць», з якім таксама звязаныя літ. godus «прагны» і далей словы, вытворныя ад славянскага *žęd-[14], уключна з блр. жадаць, рус. жадный «сквапны, прагны» і інш.

У літоўскім іменніку аснова Ged- вызначаецца высокай прадуктыўнасцю, ад яе (разам з аднаасноўнымі імёнамі) утворана больш за 80 антрапонімаў[15].

Другая аснова Min- звязаная з літ. mintis «думка», minti «думаць; мець на ўвазе; прыгадваць» (далей звязана з індаеўрапейскім men- «думаць; разумова ўзрушвацца»[16]). У раннелітоўскім іменніку гэтая аснова была асабліва папулярная — з ёй вядома больш за 170 антрапонімаў[17]. Гэтая аснова таксама ў імені Міндоўга.

Прадуктыўнымі асновы Ged- і Min- былі і ў старапрускім іменніку, дзе ад іх так жа сама ўтвараліся і адна-, і двухасноўныя імёны[18].

Імя Гедзімін, такім чынам, мела б значыць «прагнадумны».

У беларускай навуковай літаратуры імя князя ўжываецца ў форме «Гедымін»: «Нарысы гісторыі Беларусі» (Частка 1. Мн., 1994), «Гісторыя Беларусі» (Т. 2. Мн., 2008), у тэкстах гісторыкаў Георгія Галенчанкі, Паўла Лойкі, Генадзя Сагановіча, Аляксандра Краўцэвіча[19].

Пісьменнік і гісторык Мікола Ермаловіч адзначыў, што ў крыніцах імя сустракаецца ў розных варыянтах, але ва ўсіх гук «д» мяккі[20]. Варыянт «Гедзімін» ужываў таксама гісторык Вячаслаў Насевіч. Мовазнаўца Вінцук Вячорка звярнуў увагу, што абсалютная бальшыня старых кірылічных напісанняў імя князя — праз -ди-, і ў старабеларускай мове гэта значыла мяккасць зычнага; ён таксама даў дадатковыя аргументы да напісання «Гедзімін» і выказаў меркаванне, што варыянт «Гедымін» узнік пад уплывам польскай мовы.

Тым не менш, на помніку-вершніку, які ў 2019 годзе паставілі ў Лідзе, напісалі «Гедымін»[19].

У легендарнай частцы беларуска-літоўскіх летапісаў і ва ўсёй данавуковай літоўскай гістарыяграфіі Гедзімін прадстаўлены як сын вялікага князя літоўскага Віценя. Такую самую версію дае і расійская «Аксамітная кніга» XVII стагоддзя: «А Витеневъ сынъ Едиманъ Князь Великий. А Едимановы дети…».

У 2-й палове XV стагоддзя была і тэндэнцыйная версія, зафіксаваная ў хроніцы Яна Длугаша і маскоўскіх крыніцах, што Гедзімін — конюх Віценя, забіў свайго ўладара і захапіў уладу.

Аднак рыжскія ратманы ў лісце да Гедзіміна ад 1322 года называюць Віценя яго «братам і папярэднікам» (frater vester et antecessor), такім чынам, Гедзіміна імаверна таксама быў сынам Будзівіда. З канца XIX стагоддзя ў гістарыяграфіі такое меркаванне было агульнапрынятым.

У канцы XX стагоддзя некаторыя гісторыкі, грунтуючыся на словы двух сыноў Альгерда паводле маскоўскай паэмы «Задоншчына[ru]»: «Молвяше Андреи Олгордович своему брату: „Брате Дмитреи, сами есмя собе два браты, сынове Олгордовы, а внуки мы Доментовы, а правнуки есми Сколомендовы…“», — паводле Кірыла-Белазерскага спісу: «Молвяше Андреи к своему брату Дмитрею: „Сама есмя два брата, дети Вольярдовы, внучата Едиментовы, правнучата Сколдимеровы“», — і ўзяўшы пад увагу шырокае значэнне паняцця брат, выказалі думку пра паходжанне Гедзіміна ад згаданага Скаламенда. Іншыя даследчыкі наконт такой версіі заўважаюць, што Скаламенд мог быць цесцем Гедзіміна і такім чынам прадзедам Альгердавічаў, што не супярэчыць словам рыжскіх ратманаў пра Віценя як яго брата. Таксама ў лісце да Папы Гедзімін не назвае Віценя сваім «бацькам», але толькі «папярэднікам» (praedecessor). Таксама ёсць версія, што Гедзімін быў не родным, а стрыечным братам Віценя, а Скаламенд такім чынам братам Будзікіда і Будзівіда.

Апроч Віценя ў Гедзіміна быў прынамсі адзін брат — Воін, вядомы як полацкі князь. Таксама не выключана, што братамі Гедзіміна былі кіеўскі князь Фёдар і жамойцкі князь Маргірыс.

Жыццё і дзейнасць

[правіць | правіць зыходнік]

Уладарства Гедзіміна пачалося паміж кастрычнікам 1315 (апошняя згадка Віценя) і чэрвенем 1317 года. На пачатку княжання Гедзіна была створанна самастойная Літоўская праваслаўная мітраполія, падпарадкаваная непасрэдна канстанцінопальскаму патрыярху (1317—1330, з цэнтрам у Новагародку), і прадпрынята спроба нармалізаваць адносіны з каталіцкім Захадам.

Не пазней за 1320 год Гедзімін заснаваў мураваны замак у Вільні, які стаў яго галоўнай рэзідэнцыяй. Паводле легендарнай часткі беларуска-літоўскіх летапісаў, на паляванні князь здабыў у тамтэйшых лясах тура, на тым месцы заначаваў і бачыў сон я на гары стаіць жалезны воўк, а ў ім вые сто ваўкоў. Гедзімін спытаў пра сон свайго варажбіта Ліздзейку, той растлумачыў так, што на месцы сна паўстане магутны сталічны горад[21].

Каля 1321 года Гедзімін пабудаваў у Вільні касцёл манахаў-францысканцаў і аднавіў іх касцёл у Наваградку, пабудаваны яшчэ Віценем і спалены ў напад крыжакоў.

У 1318 годзе сын Гедзіміна Альгерд ажаніўся з дачкой апошняга віцебскага князя і па яго смерці ў 1320 годзе пачаў княжыць у Віцебску. У 1320 годзе шлюбам дачкі Гедзіміна Марыі з вялікім князем цвярскім Дзмітрыем Міхайлавічам  (руск.) змацаваны саюз з Вялікім княствам Цвярскім.

У 1322 годзе гарадзенскі намеснік Гедзіміна — Давыд, кароткі час быў князем у Пскове, такім чынам Пскоў выйшаў з-пад кантролю Ноўгарада. Каля 1322 года пад уладу Гедзіміна перайшлі Берасцейшчына і Падляшша, праўда пра гэта паведамляюць толькі познія летапісы (ускосна пацверджанне -- пералік ваявод Галіцка-Валынскага княства 1335 года, дзе няма ваявод з гэтых зямель). У 1323 годзе адбыўся набег літоўскага войска на наўгародскую воласць Вялікія Лукі. Пад непасрэдную ўладу Гедзіміна адышлі ў 1320-я гады Таропецкае  (руск.) і Ржэўскае княствы  (руск.) на поўначы Смаленскай зямлі. Актыўная палітыка Гедзіміна на Русі выклікала канфлікт з Залатой Ардой. Падчас візіту папскіх легатаў ён быў вельмі занепакоены ардынскімі справамі, а ў 1325 годзе адбыўся татарскі наезд на Вялікае Княства Літоўскае.

У маі 1323 года Гедзімін праз Рыгу звярнуўся з шэрагам лістоў да рымскай курыі, Ганзы, саксонскіх рэзідэнцый францысканскага і дамініканскага ордэнаў. У гэтых лістах Гедзімін, тытулаваны як «кароль Літвы і Русі, уладар і князь Земгаліі», выказваў намер прыняць каталіцтва, запрашаў у ВКЛ манахаў і майстроў розных спецыяльнасцей, гарантаваў ім розныя прывілеі. 20 кастрычніка 1323 года Гедзімін заключыў мір з рыжскім архібіскупам і магістратам Рыгі (так званы Дагавор 1323 года). Межы ВКЛ і Лівонскага ордэна абвяшчаліся адкрытымі для гандлю і вольнага перамяшчэння людзей. Адносіны з Тэўтонскім ордэнам на прускай мяжы засталіся варожымі, у пачатку 1324 года адбыўся шэраг нападаў на Жамойць, у ліпені — аблога войскамі ВКЛ ордэнскага замка Хрыстмэмэль  (руск.). У кастрычніку 1324 года рымскі Папа Ян XXII накіраваў сваіх легатаў, упаўнаважаных ахрысціць Гедзіміна. Аднак у апошні момант Гедзімін адмовіўся ад прыняцця каталіцтва, задаволіўшыся мірам з Тэўтонскім ордэнам, заключаным у лістападзе 1324 года з дапамогай легатаў. Адначасова Гедзімін наладзіў добрыя стасункі з Польшчай і ў 1325 годзе выдаў сваю дачку Альдону за Казіміра, сына караля Уладзіслава Лакетка.

Полацкім князем быў брат Гедзіміна Воін, а менскі князь Васіль служыў Гедзіміну. З гэтага відаць, што пачатыя яшчэ пры Войшалку стасункі ВКЛ з Полацкай зямлёй не перапыняліся, а яшчэ больш узмамацніліся. Гэтыя князі ў 1326 годзе рабілі пасольства Гедзіміна ў Ноўгарадзе (Воін узначальваў яго), вынікам якога стала заключэнне міру з Ноўгарадам і аднаўленне міру з Лівоніяй. Сфера ўплыву Гедзіміна на Русі няўхільна пашыралася. У 1327—1329 гадах у Пскове княжыў цвярскі князь Аляксандр Міхайлавіч  (руск.), які абапіраўся на падтрымку Гедзіміна.

У 1326 годзе Гедзімін накіраваў войска ў 1200 вершнікаў на чале з гарадзенскім намеснікам Давыдам, якое спустошыла зямлю варожага Польшчы Брандэнбургскага маркграфства. А ў 1328 годзе ўмяшаўся ў канфлікт паміж рыжскім магістратам і Лівонскім ордэнам, напэўна, спадзеючыся, што гэта прывядзе да ліквідацыі ордэна. Восенню 1329 годзе на просьбу рыжанаў спустошыў уладанні ордэна, а вясной 1330 — уладанні рыжскага архібіскупа. Аднак канфлікт скончыўся паражэннем гараджан і заключэннем імі міру з ордэнам (30 сакавіка 1330), што прывяло да аднаўлення вайны паміж ВКЛ і крыжакамі. Сумесны напад прускай і лівонскай галін ордэна на Жамойць адбыўся ўжо ў сакавіку 1330 года. У адказ у верасні гэтага ж года Гедзімін паслаў войска на дапамогу польскаму каралю, які напаў на Прусію. У далейшым напады ордэнскіх рыцараў на ВКЛ сталі рэгулярнымі: яны адбываліся ў 1332, 1333 (да Полацка), 1334 (да Полацка), 1339, 1340 гадах.

Аднаўленне вайны на захадзе не спыніла рускіх спраў Гедзіміна, хоць і ўскладніла іх. Саюзнік Гедзіміна цвярскі князь Аляксандр у 1329 годзе страціў Пскоў, але ў 1331 годзе другім разам атрымаў яго пры дапамозе Гедзіміна і заставаўся пскоўскім князем да 1337 года. У 1331 годзе Гедзімін зрабіў няўдалую спробу правесці на вакантны наўгародскі епіскапскі сталец свайго стаўленіка Арсенія. Пра велічыню ўплыву Гедзіміна на Русі ў гэты час сведчыць тое, што другі кандыдат у епіскапы, якога Гедзімін імкнуўся захапіць, паехаў у Ноўгарад з Валыні толькі вакольным шляхам праз Бранск і Таржок (гл. таксама: Фёдар Кіеўскі  (руск.)). Саюзнікамі Гедзіміна ў той час былі смаленскі князь Іван Аляксандравіч  (руск.), казельскі князь Аляксандр Мсціславіч — зяць Гедзіміна. У 1331 годзе Гедзімін аддаў сваю дачку Яўфімію за галіцкага князя Баляслава-Юрыя  (руск.). У 1333 годзе сын Гедзіміна Нарымонт быў запрошаны князем у Ноўгарад, што было праявай палітычнага саюзу паміж ВКЛ і Ноўгарадам, накіраванага супраць маскоўскага князя Івана Каліты. Аднак Гедзімін у 1333 годзе аддаў дачку Аўгусту за Сямёна Гордага, сына Каліты. У 1335 годзе Нарымонт з’ехаў з Ноўгарада і стаў княжыць у Полацку і, магчыма, Пінску, але захаваў сваіх намеснікаў у шэрагу наўгародскіх валасцей (у Ладазе, Арэшку  (руск.), Карэле і палове Капор’я).

Уваход Гедзіміна ў Кіеў
Дуб каля Баербурга, побач якога паводле падання загінуў Гедзімін.

У пазнейшых крыніцах паведамляецца пра заваяванне Гедзімінам Кіеўскай зямлі  (руск.), але гэты сюжэт большасць даследчыкаў слушна лічыць міфічным. Кіевам у 1331—1363 гадах валодаў князь Фёдар  (руск.), які падпарадкоўваўся татарскаму баскаку. Магчыма, спробы пашырыць уплыў ВКЛ на Кіеў выклікалі новы татарскі наезд на ВКЛ (1338). У 1340 годзе памёр апошні галіцкі князь Баляслаў-Юрый, што дазволіла ўладкавацца на Валыні малодшаму сыну Гедзіміна Любарту. Канчатковы падзел галіцка-валынскай спадчыны паміж ВКЛ, Ардой і Польшчай адбыўся ўжо пасля смерці Гедзіміна. Ён загінуў зімой 1341—1342 гадоў, напэўна, пры аблозе ордэнскага замка Баербург[11], ад траплення з агнястрэльнай зброі. З грунтам на чэшскую крыніцу ёсць версія пра атручэнне Гедзіміна, але не вельмі надзейная.

Пры Гедзіміне ВКЛ ператварылася ў адзін з галоўных цэнтраў аб’яднання ўсходнеславянскіх зямель. Ён перанёс сталіцу дзяржавы ў Вільню. Пры тым вядучае месца ў Вялікім Княстве заняла славянская культура, а старабеларуская мова стала тут афіцыйнай. Гедзімін праводзіў мудрую ўнутраную і знешнюю палітыку, супрацьстаяў крыжацкай і татарскай агрэсіі. Пры ім актывізаваліся кантакты з Заходняй Еўропай, адкуль ён запрашаў рамеснікаў і гандляроў. У часы Гедзіміна ВКЛ упершыню ўступіла ў антыгерманскі саюз з Польшчай[22].

Падчас панавання Гедзіміна ВКЛ стала моцнай усходнееўрапейскай дзяржавай, яго тэрыторыя павялічылася ўдвая. Апрача Вільні, мураваныя замкі былі ўзведзеныя ў Медніках, Лідзе, Крэве. Пачалося запазычанне першых элементаў заходнееўрапейскай культуры. Адначасова Гедзімін заклаў падмурак рускаму вектару палітыкі ВКЛ, які развіваўся ў наступныя дзесяцігоддзі.

Гісторык Алег Латышонак падкрэслівае, што Гедзімін не быў беларусам, а быў проста акупантам[23][24]. Сумненні ў слушнасці такіх ацэнак выказалі іншыя эксперты, напрыклад Алесь Краўцэвіч[25]. Гісторык Альфрэдас Бумблаўскас казаў, што, уяўляючы сабе, як Жалезны воўк завыў і ўзнікла Вільня, варта мець на ўвазе, што Жалезны воўк выў па-беларуску[26].

Колькасць шлюбаў Гедзіміна дыскусійная — адзін, што найбольш імаверна, або два ці тры, у якіх нарадзілася сем сыноў, паміж імі яшчэ пры жыцці бацькі былі падзелены ўладанні.

У нашчадках Монтвіда, Кейстута, Карыята і Любарта род згас у другім ці трэцім пакаленні. Нашчадкі Нарымонта, Альгерда і Яўнута -- роды, якія агулам прынята называць Гедзімінавічамі.

Акрамя гэтага, меў 7 дачок:

Зноскі

  1. Czech National Authority Database Праверана 14 лютага 2022.
  2. Хроніка Быхаўца
  3. Н. В. Ольгерд // Энциклопедический словарьСПб.: Брокгауз — Ефрон, 1897. — Т. XXIа. — С. 911–912.
  4. Е. К. Кейстут // Энциклопедический словарьСПб.: Брокгауз — Ефрон, 1895. — Т. XIVа. — С. 897.
  5. Кейстут // Военная энциклопедияСПб.: Иван Дмитриевич Сытин, 1913. — Т. 12. — С. 485.
  6. В. М—н Евнутий // Энциклопедический словарьСПб.: Брокгауз — Ефрон, 1893. — Т. XI. — С. 421.
  7. Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku / пад рэд. J. WolffWarszawa: 1895. — С. 277.
  8. Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku / пад рэд. J. WolffWarszawa: 1895. — С. 202.
  9. Czech National Authority Database Праверана 7 лістапада 2022.
  10. Ёсць думка, напр. М. Ермаловіча, што слушная беларуская форма са змякчаным «д», т.ч. з «дз» — «Гедзімін». Мікола Ермаловіч. Старажытная Беларусь: Віленскі перыяд. — Гіст. дасл. — Мн.: Выд. цэнтр "Бацькаўшчына": МП "Бесядзь", 1994. — 91 с. ISBN 985-6026-01-6. C. 10.
  11. а б Гедимин // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 142. — 737 с.
  12. ЭнцВКЛ 2005.
  13. T. Milewski. Indoeuropejskie imiona osobowe. Wrocław-Warszawa-Kraków, 1969. С. 11-13.
  14. В. Н. Топоров. Прусский язык. A-D. М., 1975. С. 184.
  15. Z. Zinkevičius. Lietuvių asmenvardžiai. Vilnius, 2008. С. 90.
  16. J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 726.
  17. Z. Zinkevičius. Lietuvių asmenvardžiai. Vilnius, 2008. С. 116.
  18. R. Trautmann. Die altpreußischen Personennamen. Göttingen, 1974. С. 138, 146.
  19. а б «Гедымін» перамог «Гедзіміна» — svaboda.org
  20. Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Віленскі перыяд…
  21. Топоров B. H. Vilnius, Wilno, Вильна: город и миф. С. 40-44.
  22. Гісторыя Беларусі са старажытных часоў да канца XV ст.: вучэб. дапам. для 6-га кл. устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. мовай навучання. Ч. 2 / пад рэд. Ю. М. Бохана. — Мн., 2016. ISBN 978-985-553-392-5
  23. Алег Латышонак: "Жыве Беларусь!" — лепшай націдэі я на сёння не бачу | Навіны Беларусі | euroradio.fm . euroradio.fm (3 кастрычніка 2019). Праверана 27 чэрвеня 2024.
  24. Алег Латышонак: ВКЛ было рабаўладальніцкай дзяржавай, а Гедымін — акупантам ВІДЭА . Наша Ніва (14 кастрычніка 2019). Праверана 27 чэрвеня 2024.
  25. Свабода, Радыё. Ці былі Міндоўг і Гедымін «акупантамі Беларусі», а Сапега — беларусам . Радыё Свабода (20 ліпеня 2023). Праверана 27 чэрвеня 2024.
  26. Свабода, Радыё. Літоўскі гісторык Бумблаўскас: У сьне Гедзіміна жалезны воўк выў па-беларуску . Радыё Свабода (19 верасня 2019). Праверана 27 чэрвеня 2024.