Гелена Ромер-Ахенкоўская

З пляцоўкі Вікіпедыя
Гелена Ромер-Ахенкоўская
Władysław Czachórski - Portret Heleny Romerówny 1889.jpg
Асабістыя звесткі
Псеўданімы Scipio, Spectator, Widz
Дата нараджэння 1878 ці 2 жніўня 1875(1875-08-02)[1]
Месца нараджэння
Дата смерці 26 сакавіка 1947(1947-03-26)[1]
Месца смерці
Пахаванне
Грамадзянства
Бацька Альфрэд Ізідор Ромер
Маці Ванда з Сулістроўскіх[d]
Альма-матар
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці журналістка
Узнагароды
ордэн Акадэмічных пальмаў афіцэр ордэна Адраджэння Польшчы сярэбраныя Акадэмічныя лаўры
Commons-logo.svg Выявы на Вікісховішчы

Гелéна Ромер-Ахенкоўская (польск.: Helena Romer-Ochenkowska; 2 жніўня 1875, Вільня ― 26 сакавіка 1947, Торунь, Польшча) ― польская і беларуская пісьменніца, публіцыстка, драматургіня, мастачка, педагогіца, а таксама асветніца і грамадская дзяячка[2].

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзілася ў Вільні 2 жніўня 1875 года ў сям’і вядомага мастака Альфрэда Ісідара Ромера і графіні Ванды з Сулістроўскіх. Калі Гелене споўніўся год, маці пераехала з Вільні ў радавую сядзібу Каралінова (цяпер Пастаўскі раён, Віцебская вобласць)[3].

Партрэт дачкі Гелены з пёсікам. Альфрэд Ізідор Ромер, каля 1890. Нацыянальны музей у Варшаве

Першапачатковую адукацыю атрымала дома. У 1884 г. бацька адправіў яе на вучобу ў платны Кракаўскі пансіён Люцыі Жэляшкевіч, які яна скончыла з адзнакай у 1892 г.[4]

Пасля вяртання ў родны край стала прымаць актыўны ўдзел у культурна-асветніцкім жыцці. У Камаях адкрыла гарбатны салон, які стаў своеасаблівым цэнтрам для яе далейшай дзейнасці. Арганізавала 6 перасоўных бібліятэк: у Каралінове, Камаях, Кабыльніку (Нарач), Свіры, Лынтупах і Вішнёве[5].

У Камаях, Канябічах і Каралінаве за свой кошт адкрыла тры школы, у якіх навучалася па 50-60 вучняў. У школе ў Каралінове заняткі праводзіла сама. Школы працавалі таемна, бо царскія ўлады не дазвалялі адчыняць прыватныя школы[6].

У 1904 г. выйшла замуж за Генрыха Ахенкоўскага (1872 — 21 лютага 1925). Некаторы час жылі ў яго сядзібе Вуюўка пад Радзімінам. Шлюб аказаўся непрацяглым і праз пару гадоў яны развяліся. Дзяцей у іх не было[7].

У 1905 г. напісала і выдала падручнік па геаграфіі пад назвай «Што ёсць на небе і зямлі» (у 1926 г. падручнік быў перавыдадзены восем разоў). На аснове асабістага педагагічнага досведу напісала метадычку «Парады для народных настаўнікаў»[8].

У 1906—1908 гг. навучалася ў Францыі ў Школе вышэйшых сацыяльных навук (École des Hautes Études Sociales). За час вучобы падрыхтавала даследаванне пра французскую сістэму адукацыі — «Szkola Batiniolska w Paryzu»[9].

Працягнула навучанне ў Бельгіі. За час навучання ва ўніверсітэце на факультэце журналістыкі і грамадхкіх навук напісала працу «Нямецкая іміграцыя ў Польшчу і Расію» («Immigration allemands en Russie et en Pologne»). Атрымала дыплом журналісткі[10].

1915—1916 гадах у Вільні выкладала гісторыю Польшчы на папулярных рамесніцкіх курсах Зыгмунта Нагродскага, а ў Народным універсітэце імя А. Міцкевіча навучала польскай мове малапісьменных дарослых. У канцы 1916 года паехала ў Варшаву, дзе працавла ў «Гуртку полек», ладзіла бібліятэкі, займалася раздачай ежы для галадаючых, супрацоўнічала з Чырвоным Крыжам. Дасылала допісы ў «Ілюстраваны тыгоднік», «Свет», «Плюшч» і іншыя, працягвала гарачы ўдзел у палітычным жыцці, бязпераменна стоячы на баку Ю. Пілсудскага[11].

Гелена Ромер-Ахенкоўская

У 1919 г. стала працаваць у віленскай газеце «Наш край» (Nasz Kraj)[12].

Гелена Ромер-Ахенкоўская ў 1926

14.07.1920 г. бальшавікі ў Вільні арыштавалі Гелену Ромер-Ахянкоўскую. Яе адпусцілі толькі дзякуючы заступніцтву літоўцаў М. Біржышкі і А. Алякнавічуса, аднак яна была вымушана хавацца[13].

У 1939 г. у Заходнюю Беларусь прыйшла Чырвоная армія. Маёнтак нацыяналізавалі разам з кватэрамі Ромераў у Вільні, а ў сядзібе ў Каралінове адкрылі бальніцу. Гелена ў спешным парадку перадала кнігі свайго бацькі ў бібліятэку Вільні (цяпер бібліятэка імя Урублеўскіх Акадэміі навук Літвы). Гелену і ейную маці, якой было 86 гадоў, не адправілі ў Сібір з прычыны заступніцтва за іх мясцовых жыхароў[14].

У красавіку 1945 г. выехала на пастаяннае месца жыхарства ў Торунь (Польшча), пасялілася з сваячкай Геленай Феліцыянаўнай Ромер (1860—1946)[15].

Памерла 26 сакавіка 1947 года, пахаваная на могілках Св. апостала Якуба ў Торуні[16].

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Дэбютавала ў 1904 годзе вершаванай п’есай «Karylla czyli miłość patriotyczna»[17].

У 1908 годзе апублікавала найбольш слынны свой твор — аповесць «Маякі»(«Прывіды»). Сучаснікі адзначалі аповесць «Маякі», як цікавы і сур’ёзны твор, дзе яна закранае рэгіянальныя праблемы. Аповесць была апублікавана ў зборніку «Бібліятэчка выдатных твораў» (Варшава, 1910 год). Тагачасны літаратурны крытык Зыгмант Любіч-Залескі хваліў аповесць за «мастацкую шляхетнасць»[18].

Гелена Ромер-Ахенкоўская — аўтар шматлікіх брашурак і артыкулаў, каштоўных для вывучэння мінулага Віленскага края: «Кароткая гісторыя асветы на Беларусі і Літве»(1919), «Гісторыя двух абразоў: у Чэнстахове і Вострай Браме» (1919), «Як здабылі незалежнасць», «Даведнік па Вільні». Супрацоўнічала з радыёвяшчаннем, апрацавала шмат радыёперадач, у тым ліку «Віленская Вялікодная ютрань у 1910 годзе», «Віленская батлейка», «1863 год на Літве», «Вігілія ў Навагрудку ў Міцкевічаў», аставіла ў рукапісе дзённік «Стан душы Г. Ромер у розных фазах (псіхалагічныя нататкі)», які вяла ў Каралінове ў 1895-97 годзе[19].

Падпісвалася крыптанімамі Hro, H., R., H.R., Hr., r. ці псеўданімамі Spectator, Widz, Scypio[20].

Як дзядуля і бацька, мела здольнасць да выяўленчага мастацтва, добра малявала. У 1911 годзе на выставе былі прадстаўлены яе этуды і пейзажная карціна «Дарога». Захаваліся наступныя працы мастачкі: «Партрэт Міхала Казіміра Ромера», «Коні на лузе», «Каровы ў бярозавым гаі», якія яна намалявала ў маладосці. Ейнаму пэндзлю належаць таксама працы «Вуліца шкляроў у Вільні», «Пейзаж з трысцём», «Пейзаж», «Пляц і касцёл Усіх Святых у Вільні» і іншыя[21].

Творы[правіць | правіць зыходнік]

  • Karylla czyli miłość patriotyczna (1904) — п’еса,
  • Majaki (1911) — аповесць,
  • Swoi ludzie (1922) — зборнік навелаў,
  • Wesele na Wileńszczyźnie (1929) — п’еса,
  • Tutejsi (1931) — зборнік навелаў,
  • Rok 1863 na Litwie (1934) — п’еса.

Зноскі

  1. 1,0 1,1 Internetowy Polski Słownik Biograficzny Праверана 24 кастрычніка 2021.
  2. Stanisław Łoza (red.): Czy wiesz kto to jest?. Warszawa: Wydawnictwo Głównej Księgarni Wojskowej, 1938, s. 625—626.
  3. Яська Драўніцкі, Гелена Ромер-Ахенкоўская, arche.by, 21.02.2013, https://news.arche.by/by/page/science/historya-navuka/10859
  4. Яська Драўніцкі, Гелена Ромер-Ахенкоўская, arche.by, 21.02.2013, https://news.arche.by/by/page/science/historya-navuka/10859
  5. Cecylia Gajkowska: Romer-Ochenkowska Helena. W: Literatura polska: przewodnik encyklopedyczny. red. Julian Krzyżanowski, Czesław Hernas. T. 2: N-Ż. Warszawa: Państwowe Wydawnictwo Naukowe, 1991.
  6. Cecylia Gajkowska: Romer-Ochenkowska Helena. W: Literatura polska: przewodnik encyklopedyczny. red. Julian Krzyżanowski, Czesław Hernas. T. 2: N-Ż. Warszawa: Państwowe Wydawnictwo Naukowe, 1991.
  7. Яська Драўніцкі, Гелена Ромер-Ахенкоўская, arche.by, 21.02.2013, https://news.arche.by/by/page/science/historya-navuka/10859
  8. Яська Драўніцкі, Гелена Ромер-Ахенкоўская, arche.by, 21.02.2013, https://news.arche.by/by/page/science/historya-navuka/10859
  9. Stanisław Łoza (red.): Czy wiesz kto to jest?. Warszawa: Wydawnictwo Głównej Księgarni Wojskowej, 1938, s. 625—626.
  10. Stanisław Łoza (red.): Czy wiesz kto to jest?. Warszawa: Wydawnictwo Głównej Księgarni Wojskowej, 1938, s. 625—626.
  11. Stanisław Łoza (red.): Czy wiesz kto to jest?. Warszawa: Wydawnictwo Głównej Księgarni Wojskowej, 1938, s. 625—626.
  12. Яська Драўніцкі, Гелена Ромер-Ахенкоўская, arche.by, 21.02.2013, https://news.arche.by/by/page/science/historya-navuka/10859
  13. Helena Romer-Ochenkowska, Encyklopedia teatru polskiego (krytycy), https://encyklopediateatru.pl/krytyk/82473/-
  14. Cecylia Gajkowska: Romer-Ochenkowska Helena. W: Literatura polska: przewodnik encyklopedyczny. red. Julian Krzyżanowski, Czesław Hernas. T. 2: N-Ż. Warszawa: Państwowe Wydawnictwo Naukowe, 1991.
  15. Яська Драўніцкі, Гелена Ромер-Ахенкоўская, arche.by, 21.02.2013, https://news.arche.by/by/page/science/historya-navuka/10859
  16. Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Пастаўскага раёна. — Мінск: БЕЛТА, 2001.- С.121.
  17. Helena Romer-Ochenkowska, Encyklopedia teatru polskiego (krytycy), https://encyklopediateatru.pl/krytyk/82473/-
  18. Яська Драўніцкі, Гелена Ромер-Ахенкоўская, arche.by, 21.02.2013, https://news.arche.by/by/page/science/historya-navuka/10859
  19. Гэта варта ведаць жыхарам Пастаўшчыны. Ч. 1./ укладальнік М. Гіль. — Паставы: «Сумежжа», 2016. — с.34-36.
  20. Яська Драўніцкі, Гелена Ромер-Ахенкоўская, arche.by, 21.02.2013, https://news.arche.by/by/page/science/historya-navuka/10859
  21. Яська Драўніцкі, Гелена Ромер-Ахенкоўская, arche.by, 21.02.2013, https://news.arche.by/by/page/science/historya-navuka/10859

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]