Генацыд беларускага народа
Генацыд беларускага народа — заканадаўча-ідэалагічная навела ў Беларусі, распачатая ў 2021 годзе генеральным пракурорам Андрэем Шведам з мэтай перагляду вынікаў Другой сусветнай вайны ў бок павелічэння маштабаў злачынстваў нацыстаў на тэрыторыі Беларусі і вывядзення паралеляў паміж тагачаснымі акупантамі і сённяшнімі краінамі Захаду ды праціўнікамі рэжыму Лукашэнкі. У прапагандысцкай літаратуры, прысвечанай «генацыду», часта маніпулятыўна побач змешчаны здымкі беларускіх калабарацыянісцкіх фарміраванняў часоў вайны і здымкі з масавах пратэстаў 2020 года супраць далейшай узурпацыі ўлады Аляксандрам Лукашэнкам.
Перадумовы
[правіць | правіць зыходнік]Жорсткія разгоны пратэстаў у 2020 годзе, калі ўжывалася зброя і мелі месца катаванні затрыманых, выклікалі шматлікія параўнанні сілавікоў з нацысцкімі карнікамі. Гвалт супраць пратэстоўцаў, што прывёў да гібелі людзей і цяжкіх калецтваў, быў успрыняты як праява генацыду беларускага народа[1][2][3][4] — нягледзячы на тое, што фармальна не адпавядае яго вызначэнню, — а рэжым Лукашэнкі — як фашысцкі[2]. Гэтыя тэзісы толькі падмацоўвала паказное ігнараванне небяспекі пандэміі каранавірусу, у выніку якога залішняя смяротнасць у Беларусі за перыяд з 2020 па 2022 гады склала больш за 90 000 чалавек[5], што з’яўляецца найгоршых паказчыкам у параўнанні з усімі суседнімі краінамі[6].
Рэжым Лукашэнкі, ідэалогія якога грунтуецца на савецкіх наратывах і перамозе над нацызмам у Другой сусветнай вайне, успрыняў падобныя абвінавачванні асабліва хваравіта, бо лічыць сябе спадкаемцам гэтай перамогі. Найбольш выразна гэтая пазіцыя прагучала 19 кастрычніка 2020 года ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1», калі Мікалай Карпянкоў, кіраўнік ГУБАЗіКа — аднаго з галоўных рэпрэсіўных органаў, што вызначыўся асаблівай жорсткасцю падчас пратэстаў, — прамовіў фразу, якая хутка стала крылатай[7]:
![]() |
Гэта вы фашысты, а не мы — фашысты. Па-сапраўднаму сілу мы яшчэ ні да каго не ўжывалі | ![]() |
Выбудоўванне ідэалогіі «генацыду» супраць Захаду
[правіць | правіць зыходнік]У жніўні 2020 года большасць краін Еўрапейскага саюза не прызналі перамогу Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах і падтрымалі масавыя пратэсты. У адказ на фальсіфікацыю вынікаў выбараў і гвалтоўныя дзеянні супраць пратэстоўцаў к канцу 2020 года Еўрасаюз, ЗША і Канада прынялі 3 пакеты санкцый супраць беларускіх уладаў, у тым ліку Аляксандра Лукашэнкі, членаў выбарчых камісій, кіраўнікоў і супрацоўнікаў сілавых органаў, кіраўнікоў буйных дзяржаўных прадпрыемстваў.
19 сакавіка 2021 года, выступаючы перад калектывам прадпрыемства ў Гродне, Аляксандр Лукашэнка заявіў:
![]() |
Вось мы збіраем матэрыялы і мы цяпер усяму свету прад'явім. І тым, хто нас сёння дэмакратыі павучае, мы ім пакажам, дзе быў генацыд і што такое генацыд беларускага народа. | ![]() |
Праз некалькі дзён, выступаючы 21 сакавіка ў Хатыні, Лукашэнка звязаў бела-чырвона-белы сцяг, які выкарыстоўваецца яго праціўнікамі, з генацыдам беларускага народа[8].
У пачатку красавіка 2021 года Генеральная пракуратура Беларусі завяла крымінальную справу па факце генацыду насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны перыяд. Генеральны пракурор Андрэй Швед заявіў, што яна была заведзена ім «у мэтах сацыяльнай і гістарычнай справядлівасці, ліквідацыі „белых“ плям гісторыі, умацавання канстытуцыйнага ладу і нацыянальнай бяспекі». Вынікі расследавання павінны былі быць пакладзены ў аснову ідэалагічнай вучэбна-выхаваўчай і інфармацыйнай працы. Таксама пракурор заявіў пра складанне спісаў усіх памерлых і жывых злачынцаў, і што Беларусь будзе дабівацца выдачы апошніх для суду[9].
Пасля генеральны пракурор Андрэй Швед непасрэдна звязваў з’яўленне крымінальнай справы з палітычным крызісам у краіне[10]:
![]() |
У ходзе расследавання шэрагу крымінальных спраў устаноўлена, што арганізацыя і фінансаванне названых замахаў на суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Беларусі ажыццяўляюцца некаторымі заходнееўрапейскімі дзяржавамі, якія маюць дачыненне да масавага знішчэння беларусаў і прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў у перыяд Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны час | ![]() |
Закон «Аб генацыдзе беларускага народа»
[правіць | правіць зыходнік]У пачатку снежня 2021 года быў апублікаваны праект закона «Аб генацыдзе беларускага народа», які быў аднагалосна прыняты 14 снежня Палатай прадстаўнікоў[11][12] і падпісаны 5 студзеня 2022 года Лукашэнкам[13].
Генацыдам беларускага народа законапраект абвяшчае «ўчыненыя нацысцкімі злачынцамі і іх памагатымі, нацыяналістычнымі фарміраваннямі, у перыяд Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд злачынствы, накіраваныя на планамернае фізічнае знішчэнне беларускага народа». Пад пасляваенным разумеецца перыяд да 31 снежня 1951 года, а пад беларускім народам «савецкія грамадзяне, якія жылі на тэрыторыі Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны і (або) пасляваенны перыяд»[14].
У адукацыі
[правіць | правіць зыходнік]За адмаўленне генацыду беларускага народа прадугледжана пакаранне абмежаваннем волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленнем свабоды на той жа тэрмін, у выпадку паўторнага адмаўлення — ад 3 да 10 гадоў пазбаўлення волі. Ураду краіны прадпісваецца прымаць меры для ўшанавання памяці ахвяр генацыду беларускага народу, а таксама для прызнання і асуджэння яго на міжнародным узроўні[14].
У 2022 годзе ў школе пачалі выкарыстоўваць інфармацыйна-аналітычныя матэрыялы крымінальнага расследавання генацыду беларускага народа", прадстаўленыя Генеральнай пракуратурай[15]. У лістападзе 2023 года былі прэзентаваныя вучэбныя дапаможнікі «Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны» для 1-4-х, 5-9-х і 10-11-х класаў устаноў сярэдняй адукацыі былі распрацаваныя ў 2023 годзе[16][17]. У 2024 годзе ў новым вучэбным годзе ўвялі штомесячныя інфармацыйныя гадзіны па вывучэнні «пытанняў генацыду беларускага народа»[18].
Як заўважыў спецыяліст у сферы адукацыі Андрэй Лаўрухін, з’яўленне навучальных дапаможнікаў гэта спроба ўладаў дэзавуяваць абвінавачанні дэмакратычных краін у злачынствах у адрас беларускага і ўкраінскага народаў праз рытарычны дэмагагічны прыём «да чалавека»[19].
У культуры
[правіць | правіць зыходнік]Ва ўсіх музеях краіны, нават няпрофільных, былі створаны стэнды на тэму «Генацыд беларускага народа», дзе былі вывешаны здымкі з калабарацыяністамі часоў Другой сусветнай вайны і каля іх — фота з бела-чырвона-белымі сцягамі з пратэстаў 2020 года[20].
У радавым гняздзе Тадэвуша Касцюшкі ў Малых Сяхновічах з Жабінкаўскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея, які ўзнік у невялікай вёсцы дзеля ўшанавання асобы нацыянальнага героя трох краін, у лютым 2022 года была цалкам прабраная зала, прысвечаная Касцюшку, а на яе месцы створана экспазіцыя «Злачынствы фашызму. Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны»[21].
Серыя кніг «Генацыд беларускага народа»
[правіць | правіць зыходнік]У 2022 годзе таксама пад агульнай рэдакцыяй генпракурора Андрэя Шведа выйшла кніга «Генацыд беларускага народа» (Genocide of the Belarusian people)[22] тыражом 1000 асобнікаў[23], які ў наступным годзе быў павялічаны яшчэ на 2000 асобнікаў[24] У кнізе маніпулятыўным чынам праводзяцца паралелі паміж нацысцкімі злачынцамі і ўдзельнікамі пратэстаў 2020 года, нацыянальная сімволіка беларусаў, герб «Пагоня» і бела-чырвона-белы сцяг, названая нацысцкай сімволікай[22]. У 2022 годзе таксама выдадзена кніга «Генацыд беларускага народа. Лагеры смерці» тыражом 3000 асобнікаў[25], які ў наступным годзе быў павялічаны яшчэ на 4000 асобнікаў[26]. У 2023 годзе ў двух частках выйшла кніга «Генацыд беларускага народа. Карныя аперацыі»[27] тыражом 3000 асобнікаў, які ў наступным годзе быў павялічаны яшчэ на 1500 асобнікаў[28]. У 2025 годзе выйшла кніга «Генацыд беларускага народа. Злачынствы катаў 118-га карнага батальёна» тыражом 2200 асобнікаў[29].
У сакавіку 2023 годзе кнігі «Генацыд беларускага народа» і «Генацыд беларускага народа. Лагеры смерці» былі ўганараваныя найвышэйшай узнагародай нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі» ў намінацыі «Трыумф»[30].
Крымінальны пераслед за адмаўленне генацыду беларускага народа
[правіць | правіць зыходнік]30 кастрычніка 2024 года Мінскі гарадскі суд вынес першы прысуд за адмаўленне генацыду беларускага народа, прысудзіўшы мужчыну за каментары пра Хатынь і Лукашэнку 3 гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму[31].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Радыё Свабода — Беларусь . Telegram. Праверана 24 мая 2025.
- ↑ а б Белсат . Telegram. Праверана 24 мая 2025.
- ↑ Белсат . Telegram. Праверана 24 мая 2025.
- ↑ Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла: «Вы даказалі, што страхам і сілаю вас ужо не перамагчы» . Радыё Свабода. Праверана 24 мая 2025.
- ↑ «Киберпартизаны» опубликовали уточненные данные смертности от коронавируса в Беларуси. Цифра пугает (руск.). Зеркало (21 студзеня 2025). Праверана 24 мая 2025.
- ↑ Кавід забраў у Беларусі 90 тысяч жыццяў, а не 7 тысяч, як сцвярджалі ўлады . Наша Ніва (20 студзеня 2025). Праверана 24 мая 2025.
- ↑ Кіраўнік ГУБАЗіК Карпянкоў: "Гэта вы фашысты, а не мы — фашысты" | Навіны Беларусі | euroradio.fm . euroradio.fm (19 кастрычніка 2020). Праверана 24 мая 2025.
- ↑ Свабода, Радыё. Лукашэнка выступіў у Хатыні і зьвязаў бчб-сьцяг з генацыдам беларускага народу . Радыё Свабода (21 сакавіка 2021). Праверана 24 мая 2025.
- ↑ Генпракуратура завяла крымінальную справу па факце генацыду ў гады вайны . Наша Ніва (9 красавіка 2021). Праверана 24 мая 2025.
- ↑ Свабода, Радыё. Законапраект: генацыд беларускага народу праводзіўся да канца 1951 году, за яго адмаўленьне – турма . Радыё Свабода (9 снежня 2021). Праверана 24 мая 2025.
- ↑ Закон «Аб генацыдзе беларускага народа» ў двух чытаннях прыняты Палатай прадстаўнікоў . Наша Ніва (14 снежня 2021). Праверана 24 мая 2025.
- ↑ Белсат . Telegram. Праверана 24 мая 2025.
- ↑ Свабода, Радыё. Лукашэнка падпісаў закон аб генацыдзе беларускага народу . Радыё Свабода (5 студзеня 2022). Праверана 24 мая 2025.
- ↑ а б Свабода, Радыё. Законапраект: генацыд беларускага народу праводзіўся да канца 1951 году, за яго адмаўленьне – турма . Радыё Свабода (9 снежня 2021). Праверана 24 мая 2025.
- ↑ Першакласнікаў у Беларусі меншае тры гады запар . budzma.org. Праверана 24 мая 2025.
- ↑ Ціханоўская: Генацыд беларускага народа не застаўся ў 1940-х, ён адбываецца проста зараз . Pozirk. Праверана 24 мая 2025.
- ↑ Як працаваць па новых вучэбных дапаможніках «Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны» - Национальный образовательный портал . adu.by. Праверана 24 мая 2025.
- ↑ У школах уводзяць штомесячныя інфармацыйныя гадзіны пра генацыд беларускага народа . Наша Ніва (21 жніўня 2024). Праверана 24 мая 2025.
- ↑ admin_vasminoh. Падручнікі па генацыдзе беларускага народа – гэта спроба адцягнення ўвагі ад уласных злачынстваў . Васьміног (15 лістапада 2023). Праверана 24 мая 2025.
- ↑ На кніжнай выставе ў Мінску дабіўся трыумфу «Генацыд беларускага народа» . Наша Ніва (24 сакавіка 2023). Праверана 24 мая 2025.
- ↑ З радавога гнязда ў Сяхновічах прыбралі бюст Касцюшкі. Замест экспазіцыі пра героя — зала генацыду беларускага народа . Наша Ніва (20 мая 2025). Праверана 24 мая 2025.
- ↑ а б БЧБ як свастыка, Украіны няма: што не так з кнігай “Генацыд беларускага народа” | Навіны Беларусі | euroradio.fm . euroradio.fm (7 верасня 2022). Праверана 24 мая 2025.
- ↑ Геноцид белорусского народа = Genocide of the belarusian people : информационно-аналитические материалы и документы / Генеральная прокуратура Республики Беларусь ; [под общей редакцией А. И. Шведа] . unicat.nlb.by. Праверана 24 мая 2025.
- ↑ Геноцид белорусского народа = Genocide of the belarusian people : информационно-аналитические материалы и документы / Генеральная прокуратура Республики Беларусь ; [под общей редакцией А. И. Шведа] . unicat.nlb.by. Праверана 24 мая 2025.
- ↑ Геноцид белорусского народа. Лагеря смерти = Genocide of the Belarusian people. Death camps : информационно-аналитические материалы и документы / Генеральная прокуратура Республики Беларусь ; [под общей редакцией А. И. Шведа] . unicat.nlb.by. Праверана 24 мая 2025.
- ↑ Геноцид белорусского народа. Лагеря смерти : информационно-аналитические материалы и документы / Генеральная прокуратура Республики Беларусь ; [под общей редакцией А. И. Шведа] . unicat.nlb.by. Праверана 24 мая 2025.
- ↑ Геноцид белорусского народа. Карательные операции = Genocide of the Belarusian people. Punitive operations : в 2 ч. / Генеральная прокуратура Республики Беларусь ; [под общей редакцией А. И. Шведа] . unicat.nlb.by. Праверана 24 мая 2025.
- ↑ Геноцид белорусского народа. Карательные операции = Genocide of the Belarusian people. Punitive operations : в 2 ч. / Генеральная прокуратура Республики Беларусь ; [под общей редакцией А. И. Шведа] . unicat.nlb.by. Праверана 24 мая 2025.
- ↑ Геноцид белорусского народа. Преступления палачей 118-го карательного батальона / Генеральная прокуратура Республики Беларусь ; [под общей редакцией А. И. Шведа] . unicat.nlb.by. Праверана 24 мая 2025.
- ↑ На кніжнай выставе ў Мінску дабіўся трыумфу «Генацыд беларускага народа» . Наша Ніва (24 сакавіка 2023). Праверана 24 мая 2025.
- ↑ Свабода, Радыё. Вынесьлі першы вырак за «адмаўленьне генацыду беларускага народу» . Радыё Свабода (5 лістапада 2024). Праверана 24 мая 2025.