Генуэзскія калоніі ў Паўночным Прычарнамор’і

Генуэзскія калоніі ў Паўночным Прычарнамор’і — умацаваныя гандлёвыя цэнтры генуэзскіх купцоў у XIII—XV стст.
Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]
Пашыраючы сферу гандлёвых аперацый пасля крыжовых паходаў і змагаючыся супраць Венецыі, якая супернічала з імі, генуэзцы, якія імкнуліся пры падтрымцы Візантыі (Німфейскі дагавор 1261 года) манапалізаваць гандаль на Чорным моры, у 1266 дамагліся ад стаўленіка Залатой арды ў Крыме Мангу-хана перадачы ім у валоданне Кафы (сучасная Феадосія), якая стала пазней цэнтрам іх калоній. У 1357 генуэзцы набылі Чэмбала (цяпер Балаклава), у 1365 — Салдаю (сучасны Судак), выцесніўшы адтуль венецыянцаў. Узніклі новыя калоніі генуэзцаў: Васпора (на тэрыторыі сучаснай Керчы), Тана (у вусці Дона), Джынестра (на тэрыторыі сучаснай Адэсы). Іх агенцтвы былі ў гарадах Матрэга (цяпер Тамань), Копа (цяпер Славянск-на-Кубані) і г.д.
У калоніях жылі грэкі, армяне, італьянцы, яўрэі, татары, адыгі і іншыя народы. Да канца XIV стагоддзя яны авалодалі чарнаморскім гандлем. Праз свае апорныя пункты ў Прычарнамор’і генуэзскія купцы вялі шырокі пасродніцкі гандаль. Яны прадавалі збожжа, соль, скуры, мяхі, воск, мёд, лес, рыбу, ікру з прычарнаморскіх раёнаў, сукна — з Італіі і Германіі, алей і віно — з Грэцыі, спецыі, каштоўныя камяні, мускус — з краін Азіі, слановую косць — з Афрыкі і шматлікія іншыя тавары.
Вялікае месца займаў гандаль палоннымі (рускімі, адыгамі, аланамі), набытымі ў татарскіх ханаў і турэцкіх султанаў. Рабыні славянскага паходжання адзначаюцца ў XIV стагоддзі ў натарыяльных актах некаторых італьянскіх і паўднёвафранцузскіх гарадоў (Русільён). Пра рабоў-скіфаў згадвае знакаміты паэт Петрарка ў сваім лісце да архібіскупа Генуэзскага Гвіда Сетэ.
Гандаль генуэзцаў з Чаркесіяй атрымаў значнае развіццё. Генуэзцы ўвозілі на Паўночна-Заходні Каўказ папяровыя і шаўковыя тканіны, італьянскія сукна і бакасіны, медныя і жалезныя вырабы, прадметы раскошы, золата, срэбра і каштоўныя камяні, соль і да т.п. Гандаль італьянцаў з горцамі насіў для адыгаў нераўнапраўны характар. Італьянцы жорстка рэгламентавалі кошты на соль, у якой востра мела патрэбу мясцовае насельніцтва. У сваю чаргу для генуэзскіх купцоў важнае значэнне меў вываз хлеба. Чаркескі хлеб паступаў у Заходнюю Еўропу, Візантыю і Трапезундскую імперыю. Увоз хлеба з Крыма і Чаркесіі меў для Візантыі такое важнае значэнне, што яго спыненне ў 1343 выклікала пагрозу голаду ў гэтай дзяржаве.
Гандлявалі генуэзскія купцы таксама і ў рускіх землях. Выхадцы з генуэзскіх калоній (руская назва — фрагі) — жылі ў Маскве, дзе ў XIV—XV стст. існавала карпарацыя купцоў — суражан, якія спецыялізаваліся на гандлі з Генуэзскімі калоніямі. Генуэзскія калоніі былі добра ўмацаваны, у крэпасцях меліся гарнізоны (рэшткі крапасных збудаванняў захаваліся ў Балаклаве, Судаку, Феадосіі). Генуэзцы падтрымлівалі саюзніцкія адносіны з залатаардынскімі ханамі, якія фармальна з’яўляліся вярхоўнымі валадарамі тэрыторый калоній, але падавалі ім поўнае самакіраванне, захоўваючы ўладу толькі над падданымі ханаў. У 1380 генуэзская пяхота ўдзельнічала на баку Мамая ў Кулікоўскай бітве. Тым не менш, калоніі неаднаразова падвяргаліся нападам і спусташэнню з боку ханаў (1299, 1308, 1344—1347, 1396—1397).
Найбольш буйной калоніяй была Кафа, якая з’яўлялася развітым цэнтрам рамяства. Пасля падзення Візантыі ў 1453 Генуя саступіла чарнаморскія калоніі свайму банку Сан-Джорджа (банк Св. Георгія). Міжнароднае становішча калоній пагоршылася: узмацніўся ваенна-палітычны ціск Крымскага ханства, абвастрыліся адносіны з княствам Феадора ў Крыме. У 1475 генуэзскія калоніі былі заваяваны асманскімі войскамі пад камандаваннем пашы Гедыка Ахмеда і ўключаны ў склад Асманскай дзяржавы. Даўжэй іншых (да 1482 года) на Таманскім паўвостраве пратрымаліся прадстаўнікі генуэзскага арыстакратычнага роду Гізольфі.
Ад генуэзскага перыяду ў Крыме захаваліся рэшткі крапасных сцен, вежаў і палацаў у Кафе і Чэмбала, пабудаваныя пад кіраўніцтвам італьянскіх архітэктараў крэпасць і консульскі замак у Солдаі. У 1951 годзе ў Феадосію на тэрыторыі генуэзскай крэпасці вяліся археалагічныя раскопкі, якія далі каштоўны матэрыял для вывучэння гісторыі горада, яго рамёстваў і гандлю.
Спіс генуэзскіх калоній у Паўночным Прычарнамор’і[правіць | правіць зыходнік]
Тэрыторыя цяперашняй Украіны:
- У Крыме — Газары:
- Вусце Днестра
- Самастра (Манкастра) — Samastro (Moncastro; Белгарад-Днястроўскі)
- Узбярэжжа Адэскага заліва
- Джынестра — Ginestra (Адэса-Лузанаўка)
- Вусце Дуная
Тэрыторыя цяперашняй Расіі:
- Вусце Дона
- Тэрыторыя цяперашняга Краснадарскага края
- Матрэга — Matrega (Тмутаракань) (цяпер станіца Тамань)
- Копа — Copa (Капыл, цяпер горад Славянск-на-Кубані)
- Мапа — Mapa (Анапа)
- Бата — Bata (Новарасійск)
- Каста — Casto (Хаста)
- Ліяш — Layso (Адлер)
- Маўралака — Mavrolaco (Геленджык)
Тэрыторыя цяперашняй Абхазіі:
Тэрыторыя цяперашняй Грузіі:
- Ло Ваці (Батумі)
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Гавриленко О. А. Судова система кримських колоній Генуї (друга половина XIII — середина ХV ст.) // Вісник Харківського національного університету ім. В.Н. Каразіна. – № 945. – Серія «Право». – 2011. — С. 49-53.
- Гавриленко О. А. Основні риси цивільного процесу в північнопричорноморських колоніях Генуї (друга половина XIII — третя чверть ХV ст.) // Ученые записки Таврического национального университета им. В.И. Вернадского. Сер. «Юридические науки». – Т. 24 (63). – 2011. – № 2.. — С. 17-22.
- Зевакин Е. С., Пенчко Н. А. Очерки по истории генуэзских колоний на Западном Кавказе в XI и XV веках // ИЗ. — T. 3. — М., 1938.
- Секиринский С. Очерки истории Сурожа IX—XV веках. — Симферополь, 1955.
- Соломин А. В. Христианские древности Малой Абхазии. — М., 2006.
- Сыроечковский В. Е. Гости-сурожане. — М-Л., 1935
Зноскі
- ↑ Типаков В. А. Общины Готии и Капитанство Готии в уставе Каффы 1449 г.//Культура народов Причерноморья, 1999, N6, стр. 218—224
- ↑ а б Иосафат Барбаро. Путешествие в Тану. Параграф 46
- ↑ ГІСТАРЫЧНАЯ ГЕАГРАФІЯ ЗАЛАТОЙ АРДЫ ў XIII—XIV стст. Архівавана 16 мая 2015.
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Генуэзскія калоніі ў Паўночным Прычарнамор’і
- Самір Хотка. Генуэзцы ў Чаркесіі (1266—1475)