Георгій Крыскентавіч Лукомскі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Георгій Крыскентавіч Лукомскі
Георгій Лукомський.jpg
Дата нараджэння 2 (14) сакавіка 1884
Месца нараджэння
Дата смерці 25 сакавіка 1952(1952-03-25)[1] (68 гадоў)
Месца смерці
Грамадзянства
Род дзейнасці мастацтвазнавец, журналіст, краязнавец
Навуковая сфера гісторыя і архітэктура
Альма-матар
Commons-logo.svg Георгій Крыскентавіч Лукомскі на Вікісховішчы

Георгій Крыскентавіч Лукомскі (2 (14) сакавіка 1884, г. Калуга, Расія — 25 сакавіка 1952, г. Ніца, Францыя) — украінскі і расійскі мастацтвазнавец, мастак, даследчык помнікаў архітэктуры.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Георгій Лукомскі нарадзіўся 2 (14) сакавіка 1884 г. у горадзе Калуга Калужскай губерні Расійскай імперыі. Лукомскія, абапіраючыся на сямейныя паданні, выводзілі сваё паходжанне ад шляхецкага роду Гедымінавічаў — збяднелых дваран Падольскай губерні. У 18931895 гадах Георгій вучыўся Калужскай вучэльні. Пасля пераезду сям’і ў студзені 1897 г. у г. Арол працягваў адукацыю ў Арлоўскай Аляксандраўскай рэальнай вучэльні, якую скончыў у 1901 г. Тут ён зацікавіўся мастацтвам, стаў маляваць і паступіў у Арлоўскую школу малявання Сычова. Удасканальваў мастацкую адукацыю на архітэктурным аддзяленні Казанскай мастацкай школы (19011903), а потым — у Імператарскай Акадэміі мастацтваў, якую скончыў у 1915 г. са званнем мастака-архітэктара. Тады ж стаў сябрам Імператарскага археалагічнага інстытута.

З 1905 г. па вясну 1906 г. меў творчую выправу ў Парыж. Парыжскія замалёўкі склалі цэлую серыю, а пазней леглі ў аснову кнігі «Прогулки по старым кварталам Парижа» (1912). Супрацоўнічаў з часопісамі «Старые годы», «Зодчий», «Столица и усадьба», «Аполлон», для якіх пісаў пераважна мастацтвазнаўчыя артыкулы. Удзельнічаў у мастацкіх выставах. На выставе «Свет Мастацтва» ў Санкт-Пецярбургу (1911) экспанавалася яго карціна «Дзве сінагогі» («Базар каля біржы ў Гомелі»)[2][3][4], рэпрадукцыю якой змясціў пецярбургскі часопіс «Огонёк»[5].

У 1910 г. аб’яжджаў «унутраныя губерні Расійскай імперыі для збірання, даследавання, вывучэння, замалёўвання і фатаграфавання прадметаў даўніны». Наведваў Гомель, дзе сфатаграфаваў інтэр’еры палаца Румянцавых і Паскевічаў, зрабіў замалёўкі сядзібы Лісоўскіх, Вялікай і Любавіцкай сінагог, сабраў звесткі аб стане даўняй архітэктуры[3][2]. Публічна выказаў падзяку жыхарам Гомеля, якія бераглі класічныя помнікі гарадской даўніны — «сінагогу, сабор, казарму і некаторыя іншыя пабудовы, вартыя захавання», праяўляў заклапочанасць перабудовамі дома Лісоўскіх, зычыў тагачасным будаўнікам «у праектаванні новых банкаў і дамоў» не забываць «аб узнёслых архітэктурных запаветах і здабытках, пакінутых нам продкамі»[2]. З беларускіх гарадоў як мастак Г. Лукомскі звяртаўся яшчэ да Віцебска, стварыўшы карціну з яго краявідамі[4].

Аўтар кніг па ўкраінскай і рускай архітэктуры і мастацтве. У сваіх працах высока ацэньваў старажытныя маёнткі і вясковыя цэрквы. Удзельнічаў у арганізацыі Кіеўскага музея заходняга і ўсходняга мастацтва (1919). У 1920-х гадах выехаў за мяжу, апошнія гады жыцця правёў у Венецыі, Парыжы, Берліне, ладзіў выставы, выдаваў кнігі пра ўкраінскае і рускае мастацтва. Сярод яго работ — малюнкі, акварэлі, манаграфіі, артыкулы, фотаздымкі. Творы мастака захоўваюцца ў фондах многіх буйных музейных калекцыях Украіны, а таксама ў музеях Францыі, Італіі і Германіі.

Галерэя[правіць | правіць зыходнік]

Працы і допісы[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Georgy Lukomsky // Grove Art Online / J. Turner[Oxford, England], Houndmills, Basingstoke, England, New York: OUP, 1998. — ISBN 978-1-884446-05-4
  2. 2,0 2,1 2,2 Лукомский Г. Гомель на выставке «Мир Искусства» // Полесская жизнь. — 1911. — 28 января. — С. 2.
  3. 3,0 3,1 Местный. Гомель на выставке «Мир Искусства» // Полесская жизнь. — 1911. — 18 января. — С. 2.
  4. 4,0 4,1 Каталог выставки картин «Мир искусства». — Москва : Т-во тип. А. И. Мамонтова, 1911. — С. 13.
  5. Выставка картин «Мир Искусства» в залах первого кадетского корпуса в С.-Петербурге // Огонек. — 1911. — №3. — С. 10.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]