Гепатацыт

Гепатацыт (ад стар.-грэч.: ἧπαρ — «печань» і грэч. κύτος — «клетка») — клетка парэнхімы печані у чалавека і жывёл. Складаюць ад 60 % да 80 % масы печані.
Гэтыя клеткі ўдзельнічаюць у сінтэзе і захоўванні бялкоў, трансфармацыі вугляводаў, сінтэзе халестэрыну, жоўцевых соляў і фасфаліпідаў, дэтаксіфікацыі, мадыфікацыі і вывадзе з арганізму эндагенных субстанцый. Таксама гепатацыты ініцыююць працэс жоўцеўтварэння.
Гепатацыты адносяцца да стабільных клетак, гэта значыць маюць абмежаваную колькасць магчымых дзяленняў за час жыцця кожнай асобнай клеткі пры рэгенерацыі пашкоджанняў печані. Гэта адрознівае іх і ад лабільных клетак, накшталт клетак эпідэрмісу, якія маюць высокую здольнасць да рэгенерацыі і вялікі запас дзяленняў за час жыцця, і ад персістэнтных клетак. Калі ідзе гаворка пра пашкоджанне печані, то як правіла маецца на ўвазе менавіта пашкоджанне гепатацытаў.
Гепатацыты валодаюць інтэнсіўным і высокаспецыялізаваным клеткавым метабалізмам, утрымліваюць многія спецыфічныя ферменты, якіх няма больш ні ў якіх тканінах і органах арганізма.
Культываванне гепатацытаў in vitro уяўляе сабой праблему, якая ў цяперашні час застаецца нявырашанай. Пры выдзяленні гепатацытаў вялікая колькасць клетак гіне, а ў тых, хто выжыў змяняюцца адгезіўныя ўласцівасці клеткавай паверхні, так што іх прымацаванне на культуральным пластыку з мэтай далейшага культывавання і назапашвання адбываецца з вялікімі стратамі. Пры наступным працяглым культываванні гепатацыты губляюць шэраг сваіх функцыянальных уласцівасцяў[1]. У сучасных працах даследчыкамі адзначана, што экстракт стымулюючы працу печані (HSS) спрыяе росту клеткавых культур гепатацытаў, пры гэтым эфект з’яўляецца дозазалежным[2].
Гісталогія
[правіць | правіць зыходнік]Гэта буйныя клеткі поліганальнай ці шасцікутнай формы. Маюць адно або некалькі ядзер, пры гэтым ядры могуць быць паліплоіднымі. Шмат’ядравыя і паліплоідныя гепатацыты адлюстроўваюць прыстасавальныя змены печані, паколькі гэтыя клеткі здольныя выконваць значна больш інтэнсіўна свае функцыі, чым звычайныя гепатацыты. Кожны гепатацыт мае два бакі: васкулярны і біліярны. Васкулярны бок звернуты ў бок сінусоіднага капіляра. Ён пакрыты мікраварсінкамі, якія пранікаюць праз поры ў эндатэліяцыце ў прасвет капіляра і прама кантактуюць з крывёй. Ад сценкі сінусоіднага капіляра васкулярны бок гепатацыта аддзяляецца перысінусоіднай прасторай Дзісэ. У гэтай шчылінападобнай прасторы знаходзяцца мікраварсінкі гепатацытаў, атожылкі пячоначных макрафагаў (клетак Купфера), клеткі Іта і часам — Pit-клеткі. У прасторы сустракаюцца таксама адзінкавыя аргірафільныя валокны, колькасць якіх павялічваецца на перыферыі долькі. Такім чынам, у печані адсутнічае тыповы парэнхіматозны бар’ер (маецца так званы «празрысты» бар’ер), што дазваляе рэчывам, сінтэзаваным у печані, трапляць прама ў кроў. З іншага боку, з крыві ў печань лёгка паступаюць пажыўныя рэчывы і падлеглыя абясшкоджванню яды. Васкулярным бокам гепатацыт захоплівае таксама з крыві сакраторныя антыцелы, якія затым паступаюць у жоўць і аказваюць свой ахоўны эфект. Біліярны бок гепатацыта звернуты ў бок жоўцевага капіляра. Цыталема кантактных гепатацытаў тут ўтварае інвагінацыі і мікраварсінкі. Блізка ўтворанага такім чынам жоўцевага капіляра цыталемы кантактуючых гепатацытаў злучаюцца пры дапамозе дэсмасом, шчыльных і шчылінападобных кантактаў. Біліярным бокам гепатацытаў выпрацоўваецца жоўць, якая паступае ў жоўцевы капіляр і далей у адводныя пратокі. Васкулярны бок вылучае ў кроў бялкі, глюкозу, вітаміны, ліпідныя комплексы. У норме жоўць ніколі не паступае ў кроў, таму што жоўцевы капіляр аддзелены ад сінусоіднага капіляра целам гепатацытаў.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Долгих М.С. Современные технологии создания имплантируемой биоискусственной печени // Биомедицинская химия. — 2010. — Т. 56. — № 4. — С. 425-442. — DOI:10.18097/pbmc20105604425 Архівавана з першакрыніцы 18 кастрычніка 2017.
- ↑ Куимов А.Н., Жожикашвили А.С., Никифорова А.И. и др. Влияние экстракта из растущей печени на пролиферацию гепароцитов (экспериментальное исследование) // Анналы хирургической гепарологии. — 2012. — Т. 17. — № 4. — С. 66-74. — ISSN 1995-5464.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Lodish, H., Berk, A., Zipursky, S. L., Matsudaira, P., Baltimore, D., Darnell, J. E. Molecular Cell Biology (Fifth Edition). W. H. Freeman and Company. New York, 2000.