Шматгадовая травяністая расліна з вузлаватым, коса ўзыходным або гарызантальным карэнішчам і апушаным кароткімі валаскамі сцяблом вышынёй 40-70 см. Лісце глыбока 5-7-пальчата-раздзеленае на клінападобна-рамбічныя, надрэзана-зубчастыя па краю долі; ніжняе — доўгачаранковае, сярэдняе — кароткачаранковае, верхняе — сядзячае. Кветкі цёмна-бура-фіялетавыя, з 5 крыху адагнутымі адваротнаяйкападобнымі, па краю хвалістымі пялёсткамі і 5 залозкамі-нектарнікамі паміж імі; размешчаны папарна на валасістых кветканожках. Плод — стэрыгма, якая распадаецца на 5 плодзікаў.
Сярэднееўрапейскі рэліктавы горны від. Пашырана ў Сярэдняй, Паўднёвай Еўропе, заходніх раёнах Усходняй Еўропы, на Балканах. На Беларусі Вельмі рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных тэрыторыях. Месцы росту: дубова-грабавыя, грабавыя і вытворныя ад іх бярозавыя лясы кіслічнага і сніткавага тыпаў, прыбярэжныя алешнікі. Расце адзіночнымі экзэмплярамі і невялікімі, зрэдку значнымі групамі.